Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Папа Леў XIV: летні адпачынак – нагода паглыбіць веру і служыць бліжнім

Папа Леў XIV: летні адпачынак – нагода паглыбіць веру і служыць бліжнім


Учора, 21:33.
Папа Леў XIV: летні адпачынак – нагода паглыбіць веру і служыць бліжнімНа старонках новага нумара ватыканскага часопіса “Piazza San Pietro” Папа Леў XIV адказаў на ліст чытача з Рыма, які спытаўся, як умацаваць веру падчас адпачынку.

 

Пантыфік заўважыў, што ў летні час яго думкі найперш скіроўваюцца “да бедных і ўсіх тых, хто не можа дазволіць сабе нават кароткага адпачынку, бо абцяжараны самымі рознымі жыццёвымі праблемамі”.

 

Святы Айцец нагадаў, што не толькі матэрыяльныя цяжкасці пазбаўляюць чалавека магчымасці хоць на некалькі дзён адчуць супакой у сэрцы. “Падумаем пра хворых, пра тых, хто страціў надзею на жыццё, пра людзей, якія перажываюць боль ад страты сваіх блізкіх, пра ахвяр войнаў, нянавісці, тэрарызму і насілля, пра тых, каго пераследуюць за веру і справядлівасць, пра зняволеных, пра людзей, якія засталіся без працы і без дому, пра мігрантаў, якіх не прымаюць па-чалавечы”, - заклікаў Папа.

 

Леў XIV падкрэсліў, што “адпачынак павінен стаць для ўсіх часам перапынку ад працы і клопатаў, калі можна перажыць сапраўдны досвед сяброўства і ўзаемнага дзялення, каб ужо цяпер спазнаць прадчуванне таго братэрства і еднасці, якія мы можам і будзем перажываць у Божым Валадарстве”.

 

“Асабліва жадаю, каб для хрысціян, сем’яў, бацькоў і дзяцей, моладзі і людзей сталага ўзросту лета стала нагодай для плённага грамадскага і рэлігійнага досведу, каб глыбей усвядоміць сваю місію ў Касцёле і грамадстве. Таксама спадзяюся, што ў гэтыя летнія месяцы хворыя не будуць пазбаўлены блізкасці сваіх родных, валанцёраў і ўсіх тых, хто вырашыць прысвяціць частку адпачынку братэрскаму служэнню і салідарнасці”, - напісаў Папа.

 

Пантыфік заклікаў сем’і не пакідаць сваіх пажылых родных у адзіноце, а валанцёраў – імкнуцца несці чалавечнасць і надзею тым, хто церпіць, каб убачыць плён Божай ласкі, колькі любові напоўніць іх жыццё, колькі радасці і сапраўднага шчасця.

 

“Вось такую параду магу я даць для ўмацавання нашай веры: давайце выкарыстаем таксама летні час, каб жыць Евангеллем міру і міласэрнасці”, - напісаў Святы Айцец.

 

Папа адзначыў, што магчымасць падтрымліваць бедных і сведчыць пра евангельскую беднасць – гэта вялікі дар, бо такім чынам мы служым самому Хрысту. “Таму падчас адпачынку давайце пазбягаць празмернасці і марнатраўства, матэрыялізму і спажывецкага стаўлення да жыцця, давайце будзем вучыцца стрыманасці. Памятайма, што назапашванне матэрыяльных даброт перашкаджае евангелізацыі”, - падкрэсліў Пантыфік.

 

“Таксама і адпачынак павінен адпавядаць хрысціянскаму ладу жыцця. Божая любоў і ласка дасягаюць нас кожны дзень, заўсёды. Давайце дапаможам адзін аднаму ў кожнай супольнасці не страціць гэты каштоўны скарб чалавечнасці і міру – адзіную надзею, здольную даць будучыню свету, якому пагражае вайна. Ніякая зямная сіла не ўратуе свет, як я казаў 8 мая гэтага года ў санктуарыі Маці Божай у Пампеях, – толькі боская моц любові, якую адкрыў і падараваў нам Езус Хрыстус, наш Пан. Верым у Яго, ускладаем на Яго надзею, ідзём за Ім!”, - заклікаў Папа.

 

Аляксандр Панчанка - Vatican News


Вярнуцца назад