Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > ВЫБРАНЫ НОВЫ ПАТРЫЯРХ ХАЛДЭЙСКАЙ КАТАЛІЦКАЙ ЦАРКВЫ МАР ПАВЕЛ III НОНА

ВЫБРАНЫ НОВЫ ПАТРЫЯРХ ХАЛДЭЙСКАЙ КАТАЛІЦКАЙ ЦАРКВЫ МАР ПАВЕЛ III НОНА


13.04.2026.

ВЫБРАНЫ НОВЫ ПАТРЫЯРХ ХАЛДЭЙСКАЙ КАТАЛІЦКАЙ ЦАРКВЫ МАР ПАВЕЛ III НОНАУ нядзелю, 12 красавіка 2026 года, у Рыме біскупы Халдэйскай Каталіцкай Царквы выбралі біскупа Эміля Шымуна Нону новым патрыярхам Багдада Халдэйскай Каталіцкай Царквы ў Іраку і ва ўсім свеце. Ён прыме гэтую пасаду ад былога патрыярха кардынала Луіса Рафаэля Сако, які 10 сакавіка, пасля 13 гадоў служэння, падаў у адстаўку, прынятую Папам Львом XIV. Пасля абрання біскуп Эміль Шымун Нона прыняў новае імя і адгэтуль тытулуецца як «Яго Блаславенства Мар Павел III Нона, патрыярх Вавілонскі каталіцкіх халдэяў».

 

Халдэйская Каталіцкая Царква — гэта ўсходняя каталіцкая царква ўсходне-сірыйскага абраду, якая ўзнікла ў 1553 годзе на тэрыторыі Ірака (Месапатаміі) шляхам аддзялення ад Асірыйскай царквы Усходу (раней вядомай як «нестарыянская») і ўступлення ў поўную еднасць з Каталіцкай Царквой, захаваўшы пры гэтым сваю ўсходне-сірыйскую літургічную, тэалагічную і духоўную спадчыну. Халдэйская Царква і сёння выкарыстоўвае ў літургіі сіра-арамейскую мову, на якой размаўляў Ісус. Рэзідэнцыя гэтай Царквы, якая налічвае каля 600 000 вернікаў, знаходзіцца ў Багдадзе (Ірак), а яе вернікі пражываюць у Іраку, Іране, Сірыі, Ліване і ў значнай ступені ў дыяспары на ўсіх кантынентах.

 

Новы патрыярх Мар Павел III Нона нарадзіўся ў 1968 годзе ў Алькошы на поўначы Ірака, у так званай Ніневійскай даліне, дзе знаходзяцца руіны біблейскай Ніневіі і гістарычны цэнтр месапатамскіх і асірыйскіх хрысціян. Як выдатны дзеяч Халдэйскай Каталіцкай Царквы, ён да гэтага часу служыў архібіскупам Масула ў Іраку, дзе ўзначальваў мясцовую хрысціянскую супольнасць у адзін з самых складаных перыядаў, асабліва падчас уздыму ІДІЛ у 2014 годзе, а таксама пераследу і перасялення тысяч хрысціян з горада і прылеглых раёнаў. Пазней ён заняў пасаду апостальскага візітатара для халдэйскіх католікаў у Еўропе, пашыраючы свае пастырскія абавязкі ў дыяспары.

 

Сінод біскупаў Халдэйскай Каталіцкай Царквы праходзіў у Рыме з 9 па 12 красавіка 2026 года пад старшынствам біскупа Хабіба Хормуза, архібіскупа Басры і патрыяршага адміністратара, пасля сустрэчы біскупаў з Папам Львом XIV. Згодна з Кананічным правам Усходніх Каталіцкіх Цэркваў, патрыяршыя цэрквы на сваіх сінодах самі выбіраюць патрыярха, якога затым зацвярджае Папа Рымскі, удзяляючы яму кананічную еднасць.

 

Паводле тэлеграм-канала "Грэка-католікі Беларусі"


Вярнуцца назад