Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Кардынал Гуджэроці – грэка-католікам Румыніі: вы – наш гонар

Кардынал Гуджэроці – грэка-католікам Румыніі: вы – наш гонар


19.11.2025.

Кардынал Гуджэроці – грэка-католікам Румыніі: вы – наш гонарКардынал Клаўдыё Гуджэроці, прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў, прыняў удзел у інтранізацыі новага кіраўніка Румынскай Грэка-Каталіцкай Царквы.

 

“Вы – наш гонар, наша надзея і наша любоў”, - сцвердзіў ватыканскі іерарх у прывітальным слове падчас урачыстай літургіі, якая прайшла 15 лістапада 2025 года ў катэдральным саборы Святой Тройцы ў Блажы. Ён запэўніў Румынскую Грэка-Каталіцкую Царкву ў блізкасці Святога Пасада і гатоўнасці Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў аказваць ёй усебаковую падтрымку.

 

“Мы ўжо абавязаліся прыняць Вас у Рыме на сумеснай цэлебрацыі з Папам, каб паказаць, што значыць адзінства Цэркваў”, - сказаў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы новаабранаму іерарху.

 

53-гадовы Клаўдзіў-Лучыяна Поп быў абраны Вярхоўным архіепіскапам Фэгэраша і Алба-Юліі на пазачарговым пасяджэнні Сінода Румынскай Грэка-Каталіцкай Царквы, якое праходзіла 2–6 лістапада 2025 года ў Папскім румынскім калегіуме ў Рыме. Згодна з кананічнымі патрабаваннямі, абранне было пацверджана Пантыфікам.

 

Архіепіскап Клаўдзіў-Лучыяна Поп змяніў на пасадзе кіраўніка румынскіх грэка-католікаў кардынала Лучыяна Мурэшана, які адышоў у вечнасць 26 верасня 2025 года ва ўзросце 94 гадоў.

 

Аляксандр Панчанка - Vatican News


Вярнуцца назад