Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > ПАМЯЦЬ НІКЕЙСКАГА САБОРА – ушанаванне Айцоў першых Сусветных сабораў (Полацк, 13 ліпеня 2025 г.)

ПАМЯЦЬ НІКЕЙСКАГА САБОРА – ушанаванне Айцоў першых Сусветных сабораў (Полацк, 13 ліпеня 2025 г.)


14.07.2025.

1.У сённяшнее свята Царква словамі апостальскага чытання павучае нас: “Памятайце пра вашых настаўнікаў, якія абвяшчалі вам Божае слова, і разважаючы пра канец іхняга жыцця, наследуйце іх веру. Не паддавайцеся розным чужым вучэнням. Слухайцеся вашых настаўнікаў і падпарадкоўвайцеся ім, бо яны чуваюць над вашымі душамі як тыя, хто будзе здаваць справаздачу, каб яны рабілі гэта з радасцю, а не ўздыхаючы; інакш гэта не прынясе вам карысці” (Габрэяў 13: 7-16).

 

Апостал Павел прыпамінае нам памятаць пра нашы настаўнікаў веры, распазнаваць сапраўдных і ісці іх шляхам веры, бо яны  пабожна выконвалі і выконваюць сваю ролюў целе Хрыстовым, якім ёсць Царква, праз вернасць Божаму слову і святое жыццё. Нешта падобнае апостал Павел радзіць і Цімафею ў першым пасланні да яго: “Зважай на сябе і на навучанне. Заставайся ў гэтым. Робячы так, і самога сябе збавіш, і тых, хто слухае цябе” (1 Цім 4:16).

 

Наследуйце іх веру” - Такіх настаўнікаў трэба прызнаваць. Гэтак жа, як Царкве патрэбныя пабожныя настаўнікі, ёй таксама патрэбныя і пабожныя вучні. Пажадана, каб настаўнікі былі быць дасканалымі, але не заўсёды гэтая дасканаласць прысутнічае. Аднак настаўнікі, сваім жыццём паказвае, што моц Ісуса рэальная, уплывае на жыццё людзей і змяняе іх. Гэта дэманструе веру, якой неабходна прытрымлівацца.

 

Не паддавайцеся розным чужым вучэнням”. У Царкве ніколі не абыходзілася (менавіта па гэтаму і склікаліся Саборы) і не абыходзіцца без разнастайных і дзіўных вучэнняў. Аднак галоўным з’яўляецца адзінае і сапраўднае вучэнне аб збаўленні, якое магчымае толькі ў Ісусе Хрысце, сапраўдным Богу і сапраўдным чалавеку. Тое вучэнне, якім навучае Адзіная, Святая, Апостальская і Паўсюдная Царква, на чале з наступнікам святога апостала Пятра, біскупам Рыму.

 

Адным словам, урывак апостальскага чытання вучыць нас паслухмянасці. Асновай духоўнага жыцця ў школе святога з'яўляецца пакора, бо яна з'яўляецца неабходнай і падрыхтоўчай цнотай для дасканалай любові. Той, хто мае пакору “хутка прыйдзе да той любові, якая стала дасканалай”, кажа св. Бенедыкт. Ён паказвае, як практычным праяўленнем пакоры для манаха з'яўляецца паслухмянасць: калі душа напоўнена пашанай да Бога, яна падпарадкоўваецца Яму і таму, хто Яго прадстаўляе, каб выконваць Яго волю ва ўсім”.

 

Паслухмянасць — гэта неабходная пастава для хрысціяніна, які жадае ісці па слядах свайго Госпада, які «быў паслухмяным ажно да смерці, смерці крыжовай» (Флп 2:8), як кажа апостал Павел. Аднак паслухмянасць павінна быць заўсёды ў межах навучання Царквы і Евангелля. Нельга выконваць загады, якія супярэчаць Евангеллю, і навучанню Царквы. Паслухмянасць — гэта слуханне: слуханне слова Божага, якое змяшчаецца ў Святым Пісанні, і якое захоўваецца і перадаецца ў супольнасці хрысціян.

 

2. Евангельскі ўрывак (Ян 17:1-13) які мы сёння пачулі прадстаўляе нам святарскую малітву Хрыста. У ім Ісус прадстаўлены як першасвятар, які заступаецца за сваіх братоў.

 

Перад тым, як распачаць нашае збаўленне, напярэдадні пакут, з сэрца Ісуса выліваецца вельмі моцная малітва да Айца. Ён гаворыць пра сваю «гадзіну», як пра момант праслаўлення для сябе і сваіх паслядоўнікаў (гэта значыць усіх нас), якім Ён збіраецца даць вечнае жыццё. Нам цяжка зразумець як можна аб’яднаць хвалу і пакуты, смерць і жыццё. Але Хрыстос хоча, каб мы зразумелі адну рэч, што сапраўдная хвала заўсёды супадае толькі з выкананнем волі Айца. Нават калі гэта азначае шлях на Галгофу, пакуты, ганебную смерць на крыжы, бо ўсё тады сыходзіцца і дасягае кульмінацыі ў слаўным уваскрасенні, якое належыць Хрысту, але таксама і нам. 

 

Усё жыццё Хрыста, Яго місія, Яго словы, справы, якія Ён здзейсніў для сябе і для ўсяго свету, азначалі праслаўленне Бога. Аднак цяпер настаў момант, сапраўды «гадзіна», калі гэтая слава павінна дасягнуць сваёй вяршыні. Сам Ісус скажа гэта, паміраючы на крыжы: «Здзейснілася».

 

Малітва Хрыста мае ўсе рысы развітання: Ён збіраецца пакінуць сваіх вучняў, і таму, даючы ім найвышэйшае сведчанне любові дарам свайго жыцця, давярае іх нябеснаму Айцу, просячы, каб абараніў іх ад зла і даў ім магчымасць даваць пастаяннае сведчанне адзінства ў дасканаласці любові. Прыпомнім сабе яшчэ раз словы святога Бенедыкта: “той, хто мае пакору хутка прыйдзе да той любові, якая стала дасканалай”, - а гэта значыць да той любові, якую мае Ісус. Мы можам быць упэўненыя, што гэтая шчырая малітва няспынна адгукаецца на нябёсах за Яго народ (за нас) і за Яго Царкву.

 

Нягледзячы на непазбежныя слабасці, Царква прагне адзінства; вернікі ў Хрыста імкнуцца быць сведкамі сапраўднай любові, узаемнага прабачэння і еднасці ў адзінай веры. Аднак застаецца праўдай, што гэтыя вялікія каштоўнасці, гэтыя боскія і чалавечыя памкненні непазбежна праходзяць праз пакуты і крыж. Такім чынам, моманты найбольш інтэнсіўнага сведчання Царквы і вернікаў, наймацнейшыя заклікі да адзінства заўсёды супадаюць з самымі лютымі пераследамі, жорсткімі пакутамі і найглыбейшымі ранамі.

 

Як жа цудоўна ведаць, што Ісус моліцца за нас! Яго малітва, сапраўды, распаўсюджваецца на ўсіх нас, “аж да сканчэння свету”. Ён моліцца Айцу, каб Ён абараніў нас. Мы — любімыя дзеці, у нас ёсць Айцец, які так любіць нас, што з любові аддаў свайго адзінароднага Сына, і Ён гатовы аддаць Сябе за нас нават да праліцця крыві! Хто калі-небудзь любіў нас, любіць нас і будзе любіць нас такой любоўю? Таму няхай гэтыя словы, якія наш Збаўца некалі сказаў аднаму вялікаму хрысціянскаму мысляру Блезу Паскалю, адгукнуцца ў нашых сэрцах: «Я большы сябра для цябе, чым усе іншы; Я зрабіў для цябе больш, чым усе іншыя; яны не пацярпелі б за цябе таго, што пацярпеў Я, і не памерлі б за цябе, як Я зрабіў і гатовы зрабіць гэта зноў!».

 

Слава Ісусу Хрысту!

Полацк, 13 ліпеня 2025 г.


Вярнуцца назад