Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Пасол Беларусі Амбразевіч ўручыў даверчыя граматы Льву XIV

Пасол Беларусі Амбразевіч ўручыў даверчыя граматы Льву XIV


22.06.2025.

Пасол Беларусі Амбразевіч ўручыў даверчыя граматы Льву XIV21 чэрвеня 2025 года Папа Леў XIV прыняў у ватыканскім Апостальскім палацы Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь пры Святым Пасадзе Юрыя Амбразевіча, які ўручыў яму свае даверчыя граматы.


Як паведамляе інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу МЗС Беларусі, пасля ўрачыстай цырымоніі адбылася асобная сустрэча пасла Беларусі са Святым Айцом, у ходзе якой былі закрануты пытанні міждзяржаўнага парадку дня, уключаючы сітуацыю ў рэгіёне, а таксама абмеркаваны пытанні далейшага развіцця двухбаковага супрацоўніцтва Ватыкана і Беларусі на розных узроўнях, гуманітарныя ініцыятывы, праекты ў сферы адукацыі і культуры.

 

Згодна з інфармацыяй Беларускай рэдакцыі Vatican News, гэтая падзея з’яўляецца важным крокам на шляху развіцця двухбаковых адносін паміж Беларуссю і Святым Пасадам.

 

Юрый Амбразевіч быў прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь пры Святым Пасадзе 27 сакавіка бягучага года. Ён мае багаты дыпламатычны досвед.


Новы пасол нарадзіўся 25 лютага 1975 года ў Мінску і з'яўляецца выпускніком юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння вучобы ў 1997 годзе пачаў працаваць у дагаворна-прававым упраўленні Міністэрства замежных спраў Беларусі. Займаў пасады ў пасольствах нашай краіны ў Бельгіі і Люксембургу, а таксама ў прадстаўніцтвах пры НАТА і ЕС. У 2013-2015 гадах быў выканаўчым сакратаром Нацыянальнай камісіі Беларусі пры ЮНЕСКА.

 

У 2015 годзе Юрый Амбразевіч быў прызначаны Пастаянным прадстаўніком Беларусі пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе. У 2017 годзе быў сустаршынёй Сацыяльнага форума Савета па правах чалавека ААН. У 2019-2021 выконваў абавязкі старшыні Эканамічнай камісіі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый для Еўропы. У 2022 годзе быў прызначаны намеснікам міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

 

Юрый Амбразевіч праваслаўны. Ён жанаты і мае дваіх дзяцей. Валодае беларускай, рускай, англійскай і французскай мовамі.

 

Тэкст: Марыя Валодзіна / Беларуская рэдакцыя Vatican News / БЕЛТА


Вярнуцца назад