Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Папа Леў XIV інтранізаваны на Рымскую Кафедру

Папа Леў XIV інтранізаваны на Рымскую Кафедру


26.05.2025.
Папа Леў XIV інтранізаваны на Рымскую Кафедру25 мая 2025 года Леў XIV распачаў сваё служэнне як Біскуп Рыма. У Базіліцы Святога Яна на Латэране прайшла яго ўрачыстая інтранізацыя на Рымскую Кафедру. Пасля гэтага Пантыфік наведаў Базіліку Санта-Марыя-Маджорэ, дзе ўшанаваў ікону Найсвяцейшай Панны Марыі “Salus Populi Romani".

 

Ва ўрачыстым абрадзе ўступлення Пантыфіка на Рымскую Кафедру прынялі ўдзел кардыналы, у тым ліку вікарый Рымскай дыяцэзіі Бальдасарэ Рэйна, біскупы, святары і сотні вернікаў. Папа ўзышоў на кафедру пад працяглыя апладысменты, афіцыйна распачаўшы сваё біскупскае служэнне як пастыр рымлян. У гаміліі ён заявіў, што прыступае да гэтай дзейнасці з жаданнем і гатоўнасцю, “імкнучыся, настолькі, наколькі магчыма, слухаць усіх, каб вучыцца, разумець і прымаць рашэнні разам”.

 

Пяшчота, гатоўнасць ахвяраваць сабой, слуханне

 

Біскуп Рыма нагадаў пра такія неабходныя для Касцёла якасці, як пяшчота, гатоўнасць служыць людзям і ўменне слухаць. “Пяшчота, гатоўнасць ахвяраваць сабой і здольнасць слухаць, якая дазваляе не толькі дапамагаць, але і прадбачыць патрэбы людзей – гэта тыя рысы, якія павінны расці ў Божым народзе, у тым ліку і тут, у нашай вялікай дыяцэзіяльнай сям’і – сярод вернікаў, пастыраў, і перш за ўсё ўва мне”, - зазначыў ён.

 

Няпросты шлях дыяцэзіі

 

Разважаючы над евангельскім урыўкам, у якім гаворка ідзе пра адкрытасць супольнасці Антыёхіі да язычнікаў, Пантыфік падкрэсліў, што “супольнасць будуецца найперш на каленях, у малітве, няспынным навяртанні” і слуханні. Ён згадаў “няпросты шлях” Рымскай дыяцэзіі, заснаваны на слуханні навакольнага свету, каб прыняць яго выклікі, і слуханні касцёльнай супольнасці, каб зразумець патрэбы і распрацаваць прароцкія ініцыятывы евангелізацыі і міласэрнасці.

 

Рым – адкрыты і гасцінны дом

 

Папа падкрэсліў важнасць падрыхтоўкі да Юбілею, гатоўнасць прымаць пілігрымаў і ролю Рыма як "адкрытага і гасціннага дома" і “асяродка веры”.

 

Леў XIV падкрэсліў, што ён – такі ж вернік, як і ўсе, але атрымаў місію служыць іншым у якасці пастыра, нагадаўшы словы святога Аўгустына: “Хрысціянін разам з вамі і біскуп для вас”. Ён звярнуўся да вернікаў з просьбай аб падтрымцы: “Дапамажыце мне сумеснымі намаганнямі ў малітве і любові” і працытаваў словы святога Льва Вялікага аб тым, што ўсё дабро, якое здзяйсняецца ў служэнні пастыра, – ад Хрыста, бо без Яго чалавек нічога не можа, і менавіта ад Яго паходзіць уся сіла і плён дзейнасці пастыра.

 

Словы Яна Паўла І

 

Напрыканцы гаміліі Папа нагадаў словы благаслаўлёнага Яна Паўла І, з якімі ён 23 верасня 1978 года звярнуўся да сваёй новай дыяцэзіі: “Святы Пій X, уступаючы на пасад Патрыярха Венецыі, сказаў у Базіліцы Святога Марка: ‘Што было б са мною, венецыянцы, калі б я вас не любіў?’. І я кажу рымлянам нешта падобнае: магу запэўніць вас у тым, што люблю вас і жадаю служыць вам і прысвяціць усім мае сціплыя сілы, усё тое нямногае, што я маю і чым з'яўляюся”.

 

Малітва ў Базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ

 

Напружаны дзень Біскупа Рыма завяршыўся ў Базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ, дзе яго сустрэлі шматлікія вернікі ў суправаджэнні кардыналаў Станіслава Рылкі і Раландаса Макрыцкаса. Леў XIV памаліўся перад абразом Маці Божай “Salus Populi Romani”, наведаў магілу Францішка і ўдзяліў людзям апостальскае благаслаўленне з лоджыі храма. Хай Бог "благаславіць усіх вас, вашы сем'і, вашых блізкіх і дапаможа нам усім ісці разам, усім Касцёлам, як адна сям'я Божая".

 

Vatican News


Вярнуцца назад