Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Барталамей І пра Папу Францішка: верны сябра ў клопаце пра дабро Царквы

Барталамей І пра Папу Францішка: верны сябра ў клопаце пра дабро Царквы


25.04.2025.

Барталамей І пра Папу Францішка: верны сябра ў клопаце пра дабро ЦарквыПатрыярх Канстанцінопальскі Барталамей у адмысловым пасланьні 22 красавіка 2025 году выказаў свой смутак з нагоды сьмерці Папы Францішка.

 

Ён узгадвае пра яго як пра «дарагога брата» і «вернага сябра». Праваслаўны Патрыярх асабліва адзначае жаданьне спачылага Рымскага Архірэя разам адзначыць гадавіну Нікейскага Сусьветнага сабору, каб гэтым умацаваць шлях да поўнай еднасьці. «Дарагі брат у Хрысьце, з якім ад самага пачатку яго ўзыходжаньня на папскі пасад у мяне склалася братэрскае сяброўства і супрацоўніцтва для дабра нашых Цэркваў, для яшчэ большага збліжэньня нашых Цэркваў на дабро чалавецтву», – сказаў ён. «На працягу гэтых дванаццаці гадоў сваёй місіі ён быў верным сябрам, спадарожнікам і шчырым прыяцелем праваслаўя і самым сьціплым братам у Госпадзе», — адзначыў Патрыярх Канстанцінопальскі Барталамей I у сваёй заяве з нагоды пераходу да вечнасьці Біскупа Рыму Папы Францішка.

 

Праваслаўны першаярарх асабліва падкрэсьлівае сумесныя намаганьні, скіраваныя на аднаўленьне хрысціянскай еднасьці. «Калі ў 2014 годзе з маёй прапановы і ініцыятывы мы паехалі ў Ерусалім, мы маліліся, укленчыўшы адзін каля аднаго, перад Магілай Гасподняй», — узгадаў Патрыярх, дадаўшы, што менавіта тады, падчас перамоваў у Сьвятой Зямлі, ён прапанаваў Папу Рымскаму разам адзначыць у 2025 годзе 1700-годдзе скліканьня Першага Сусьветнага сабору ў Нікеі. «Было б цудоўным і сымбалічным актам паехаць туды разам, каб адзначыць гэты гістарычны юбілей і пагаварыць пра далейшы шлях нашых Цэркваў-сёстраў да супольнай Чашы», – сказаў тады Рымскаму Архірэю Патрыярх Барталамей, на што Папа Францішак, паводле яго словаў, адказаў: «Гэта выдатная думка, выдатная ідэя і прапанова. Будзем спадзявацца, што будзем у добрым здароўі і зможам зьдзейсьніць гэтую пілігрымку ў Нікею. І калі Госпад не дазволіць, то нашыя пераемнікі зробяць гэта».

 

Папа Францішак неаднойчы пацьвярджаў гэтае жаданьне ў сродках масавай інфармацыі і пры сустрэчах з прадстаўнікамі Канстанцінопальскага патрыярхату, якія наведвалі Рым, да апошніх дзён свайго жыцьця.

 

«Молімся, каб Уладар жыцьця і сьмерці ўзнагародзіў яго за ягоныя шматлікія намаганьні для Царквы і ўсяго чалавецтва», – сказаў Патрыярх Барталамей і выказаў спадзяваньне, што Госпад узьвядзе на Пасад сьвятога Пятра дастойнага пераемніка, які будзе працягваць яго каштоўную працу для ўсяго чалавецтва, асабліва для хрысьціянства і найперш для збліжэньня нашых Цэркваў-сёстраў, з канчатковай мэтай іх поўнай сустрэчы ля супольнай чашы. «Вечная памяць, браце папа Францішак», – завершыў свой зварот праваслаўны першаярарх.

 

Паводле Vatican news (укр. рэд.) і афіцыйнага сайту Сусьветнага патрыярхату Ec-patr.org. / тэлеграм-канал "Грэка-католікі Беларусі"


Вярнуцца назад