Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Вернікі закрытага пасля пажару Чырвонага касцёла звяртаюцца да Аляксандра Лукашэнкі

Вернікі закрытага пасля пажару Чырвонага касцёла звяртаюцца да Аляксандра Лукашэнкі


12.10.2022.

Вернікі закрытага пасля пажару Чырвонага касцёла звяртаюцца да Аляксандра Лукашэнкі11 кастрычніка на сайце парафіі святога Сымона і святой Алены ў Мінску з’явілася інфармацыя пра захады вернікаў, скіраваныя на хутчэйшае аднаўленне набажэнстваў у Чырвоным касцёле, закрытым пасля пажару, які здарыўся ў святыні ўначы 26 верасня.


Парафіяльны рэсурс Сhyrvony.by, між іншым, інфармуе, што да гэтага часу прадстаўнікі рэлігійнай супольнасці не маюць доступу ў касцёл. У гэтай сітуацыі яны перадусім скіравалі ліст на адрас КУП «Мінская спадчына», якое з’яўляецца ўласнікам будынку, перададзенага ў бязвыплатнае карыстанне парафіі ў межах «выканання распараджэння Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 верасня 2013 года № 190рп».

 

У лісце, падпісаным пробашчам парафіі ксяндзом канонікам Уладзіславам Завальнюком адзначаецца, што парафія, са свайго боку, выконвала ўсе палажэнні дагавору аб бязвыпальным карыстанні і з павагай адносіцца да занепакоенасці КУП «Мінская спадчына» бяспекаю людзей і маёмасці, выказанай у лісце ад 30 верасня 2022 года № 11/5256, з патрабаваннем аб вызваленні будынку.

 

Разам з тым парафія звяртае ўвагу на тое, што, у адпаведнасці з пратаколам камісіі па надзвычайных сітуацыях пры Адміністраці Маскоўскага раёна горада Мінска ад 26 верасня, «абавязак правядзення даследавання пашкоджаных канструкцый і прадстаўлення іх вынікаў ускладзены як на КУП „Мінская спадчына“, так і на парафію».

 

У лісце адзначаецца неабходнасць вызначыць памеры шкоды, нанесенай не толькі маёмасці КУП «Мінская спадчына», але і маёмасці парафіі, у прыватнасці, «абрадава-культавых рэліквій, які захоўваюцца ў будынку касцёла і ўяўляюць сабой асаблівую духоўную каштоўнасць для вернікаў».

 

Парафія просіць строга выконваць патрабаванні пратаколу пасяджэння камісіі па надзвычайных сітуацыях і з гэтай мэтай дапусціць упаўнаважаных прадстаўнікоў парафіі да даследавання пашкоджаных канструкцый са складаннем супольнага акту даследавання, вопісу маёмасці і вызначэння месца захавання па кожнай пазіцыі. Названы пратакол таксама патрабуе стварыць супольную камісію па вызначэнні нанесенай пажарам шкоды.

 

Акрамя таго, парафіяй быў скіраваны запыт у Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь аб прадастаўленні інфармацыі па выніках праведзеных следчых дзеянняў.

 

Нарэшце, парафія скіравала адкрыты ліст на адрас прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, у якім прадстаўляе кіраўніку дзяржавы сітуацыю і просіць яго звярнуць на яе ўвагу.

У лісце, падпісаным ад імя ўсіх вернікаў парафіі яе пробашчам ксяндзом Завальнюком, між іншым, адзначаецца, што інцыдэнт, які здарыўся ў Чырвоным касцёле 26 верасня, «з разбітаю шыбаю ў прыбудове касцёла і наступным узгараннем на нязначнай плошчы паблізу ад месца пашкоджання, з відавочнасцю з’яўляецца вынікам неправамерных дзеянняў нявысветленых асоб».

 

«Зыходзячы з нормаў гамадзянскага заканадаўства, дзеючага дагавора, здаровага сэнсу і ўзаемнай павагі, неабходна правядзенне комплексных дзеянняў, агляду і абследавання з удзелам карыстальніка памяшкання, г. зн. парафіі. <…>

 

Няўхільнае выкананне такой працэдуры, вызначанай правам, з’яўляецца абавязковым і забяспечвае як інтарэсы парафіі, так і інтарэсы дзяржавы як уласніка маёмасці»,— сцвярджаецца ў лісце.

 

На думку вернікаў і іх душпастыра, «узгаранне, якое адбылося ў ізаляваным памяшканні, не можа і не павінна цягнуць за сабой спынення дзейнасці ўсяго аб’екту <…> Чырвонага касцёла». Парафіяне звяртаюць увагу прэзідэнта Лукашэнкі на тое, што, «насуперак патрабаванням закону», яны «да гэтага часу пазбаўлены магчымасці доступу ў касцёл». Парафіяне лічаць, што дэмантаж святых культавых рэчаў «з’яўляецца неабгрунтаванай і неадэкватнай мерай рэагавання на інцыдэнт, які здарыўся», і мяркуюць, што гэта не было ўзгоднена з кіраўніком дзяржавы.

«Рыма-Каталіцкі Касцёл мае шмятвяковы вопыт правядзення рамонтных і рэстаўрацыйных прац у святынях без закрыцця касцёла для набажэнстваў і наведвання вернікамі», — запэўніваюць прэзідэнта вернікі найбольшай сталічнай парафіі.

 

«Ваша спрыянне ў прававым і цывілізаваным падыходзе дазволіць нам сумесна са спецыялістамі КУП „Мінская спадчына“ не толькі агледзець давераную нам маёмасць, але і кансалідавана прыняць рашэнне аб парадку працягу набажэнстваў у касцёле і хутчэйшым аднаўленні дзейнасці рэлігійнай супольнасці»,— так завяршаецца адкрыты ліст да Аляксандра Лукашэнкі.

Ліст у арыгінале даступны на партале парафіі святога Сымона і святой Алены ў Мінску.

 

Паводле Catholic.by


Вярнуцца назад