Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Прадстаўнік епіскапатаў ЕС напісаў ліст да Патрыярха Маскоўскага

Прадстаўнік епіскапатаў ЕС напісаў ліст да Патрыярха Маскоўскага


11.03.2022.

Прадстаўнік епіскапатаў ЕС напісаў ліст да Патрыярха МаскоўскагаСтаршыня Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці напісаў ліст да Патрыярха Маскоўскага з просьбай паспрыяць неадкладнаму спыненню ваенных дзеянняў супраць украінскага народа.

 

Кардынал Жан-Клод Олерыш лічыць, што Кірыл павінен тэрмінова звярнуцца да расійскіх уладаў з мэтай праявіць добрую волю для пошуку дыпламатычнага вырашэння канфлікту.

 

“У гэты змрочны момант для ўсяго чалавецтва, якому спадарожнічаюць інтэнсіўныя пачуцці роспачы і страху, шмат хто глядзіць на Вас, Ваша Святасць, як на таго, хто мог бы даць знак надзеі на мірнае вырашэнне гэтага канфлікту”, - напісаў арцыбіскуп Люксембургскі.

 

Кардынал нагадаў, што ў 2016 годзе ў Гаване Папа і Патрыярх падпісалі сумесную дэкларацыю, у якой, у прыватнасці, утрымлівалася абавязацельства ў дачыненні да “супрацьстаяння ва Украіне, якое забрала ўжо мноства жыццяў, прычынілася да незлічоных пакут мірнага насельніцтва, увяло грамадства ў глыбокі эканамічны і гуманітарны крызіс”. Бакі заклікалі тады да “грамадскай салідарнасці і дзейнай міратворчасці”.

 

Прадстаўнік еўрапейскіх епіскапатаў, спасылаючыся на Францішка, які казаў аб рэках крыві і слёз, што цякуць па Украіне, у духу братэрства просіць Прадстаяцеля “звярнуцца да ўладаў Расіі з заклікам да неадкладнага спынення ваенных дзеянняў супраць украінскага народа і праявы добрай волі для пошуку дыпламатычнага рашэння канфлікту, рашэння, заснаванага на дыялогу, разумным сэнсе і захаванні міжнароднага права, каб маглі адкрыцца гуманітарныя калідоры і неабмежаваны доступ да гуманітарнай дапамогі”.

 

Старшыня COMECE нагадаў словы самога Патрыярха, якія прагучалі 3 сакавіка 2022 на сустрэчы з Апостальскім нунцыем у Расіі, што Царква не можа стаць удзельніцай канфлікту – яна “можа быць выключна міратворчай сілай”.

 

“У гэты час Вялікага посту мы, хрысціяне, не можам перастаць абвяшчаць адно і тое ж Евангелле і маліцца аднаму Богу, Богу міру, а не вайны, маліцца і рабіць усё, што ў нашых сілах, каб садзейнічаць заканчэнню гэтай бессэнсоўнай вайны, каб згода і мір зноў запанавалі на еўрапейскім кантыненце”, - напісаў у заключэнне кардынал Олерыш.

 

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News


Вярнуцца назад