Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > “Будзь цьвёрды і мужны”
“Будзь цьвёрды і мужны”11.08.2008. |
|
[i][/i][i]Мц 21, 33-42 / 1Кар 16, 13-24
“Будзь цьвёрды і мужны” Слава Ісусу Хрысту! Дарагія браты, дарагія сёстры! 1. Ісус распавядае сёньня прыповесьць пра вінаграднік і вінаградараў. Бачым, што вінаградары не былі верныя гаспадару вінаградніка, але паўсталі супраць яго, каб задаволіць свае пажаданьні. Вядома, наш Госпад зьвяртаецца гэтай прыповесьцю ня толькі да фарысэяў, няшчырасьць якіх Ён хацеў адкрыць, але таксама і да нас. Таксама да нас скіраваныя словы Апостала Паўла: “Чувайце, стойце ў веры, будзьце мужныя, цьвёрдыя” (1 Кар 16,13). Гэты зварот нагадвае іншыя словы са Старога Запавету, скіраваныя да Ісуса Навіна. (Ісус Навін быў пераемцам Майсея і меўся ўвесьці свой народ у Абяцаную Зямлю. Гэта было вельмі цяжкае заданьне, бо трэба было перамагчы на вайне іншыя народы, якія жылі на той зямлі…) І вось Бог зьвяртаецца да Ісуса Навіна, паўтараючы неаднаразова: “Будзь цьвёрды і мужны”! 2. Нам таксама даручаны вінаграднік, нам належыць здабыць сваю Абяцаную Зямлю. Божае Валадарства – вось наш вінаграднік і нашая абяцаная зямля. Мы пакліканы да таго, каб быць вернымі нашаму Госпаду і рашуча, падобна як Ісус Навін, уваходзіць у яго. Ведаем, Божае Валадарства – гэта не тое, што будзе калі-небудзь пасля нашай сьмерці, але тое, што адбываецца з намі ў дадзены момант нашага жыцьця. Ісус кажа: “Божае Валадарства ўнутры вас ёсьць”, або можна перакласьці таксама “Божае Валадарства сярод вас ёсьць” (Лк 17,21). 3. Быць верным слугой Гаспадара Вінаградніка – гэта клапаціцца пра рост Божага Валадарства “унутры”: у нашым сэрцы, і “сярод”: у нашай хрысьціянскай супольнасьці, супольнасьці тых людзей, з якімі мы штодзённа сустракаемся. Такі рост магчымы, калі мы рэгулярна практыкуем нашую веру: чытаем Сьвятое Пісаньне, прыходзім да Споведзі і на Боскую Літургію. Будзьма ж цьвёрдыя і мужныя ў вернасьці нашаму хрысьціянскаму жыцьцю, бо гэта ёсьць вернасьць нашаму Госпаду і Збавіцелю. Амін. Вярнуцца назад |