Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > НЯДЗЕЛЯ АНТЫПАСХІ – НЯДЗЕЛЯ ТАМАША
НЯДЗЕЛЯ АНТЫПАСХІ – НЯДЗЕЛЯ ТАМАША19.04.2020. |
|
1.Сённяшняя нядзеля ва ўсходняй літургічнай традыцыі называецца грэцкім словам «антыпасха». «Анты» - у дадзеным выпадку не азначае штосьці супрацьлеглае ці негатыўнае, але «другая». Такім чынам назва сённяшняй нядзелі гучыць так: «другая» або: «новая». Чаму «другая», навошта «новая»? Ці ж нам не дастаткова Пасхі Ісуса Хрыста? Справа ў тым, што Антыпасха — гэта тая ж самая Пасха, тое самае Ўваскрасенне Ісуса Хрыста, але якое адбылося тыдзень пазьней пасля гістарычнай Пасхі, у жыцці адной канкрэтнай асобы! Гэтай асобай быў апостал Тамаш. Ён не быў з іншымі вучнямі, якім з'явіўся Ўваскрослы Хрыстос, таму гора і сум мучалі яго сэрца, у той час, калі іншыя апосталы радаваліся. Яго гора было настолькі глыбокім, што ён не быў у стане паверыць, не мог прыняць тое, што Госпад уваскрос! «Гэта занадта добра, каб быць праўдай!» - так мабыць ён разважаў. Тамаш баяўся паверыць гэтай цудоўнай навіне, баяўся даць сябе зачараваць марнымі фантазіямі, бо баяўся быць расчараваным рэчаіснасцю.
2. Святы айцец Ян Павел ІІ прагнуў, каб у гэтую Нядзелю пасля Пасхі, мы святкавалі свята Божай Міласэрнасці. Калі мы надалей будзем сузіраць нашу евангельскую сцэну, то зразумеем чаму. Вось жа Ісус чыніць акт міласэрнасці ў дачыненні апостала Тамаша: Ён яўляе яму сваё Ўваскрасенне, яўляе яму новую рэчаіснасць! Гэты акт міласэрнасці звернуты не толькі на Тамаша, але на кожнага з нас. Менавіта да нас звернутыя словы Госпада: «Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў».
3. Дарагія браты і сёстры, сябры! Сённяшняе свята Божай Міласэрнасці — гэта свята нашай сустрэчы з Госпадам. Канечне, мы не сустракаемся з Ім, як сустракаем іншых людзей. Мы сустракаем Яго ў нашых сэрцах, праз малітву, малітоўнае чытаннпе Святога Пісання, у Еўхарыстыі… Сапраўды, дар нашай веры і сустрэчы Госпада ў нашым сэрцы — вось дар міласэрнасці кожнаму з нас. Дар-жамчужына, якая вартая многіх скарбаў.
а. Андрэй Буйніч Вярнуцца назад |