Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > РАСТВО ХРЫСТОВАЕ

РАСТВО ХРЫСТОВАЕ


21.12.2016.

Хрыстос нарадзіўся – славім Яго!

 

1.Надышло для нас светлае свята Раства Хрыстовага. У гэтыя дні, калі многія з нас занятыя пераважна падрыхтоўкай да святочных мерапрыемстваў у бытавым, звычайным сэнсе, калі думкі іх занятыя мішурой і ў літаральным, і ў пераносным сэнсе, хочацца яшчэ і яшчэ раз нагадаць пра словы Святога Евангелля.

 

У Евангеллі паводле Лукі чытаем: «Калі былі яны там, настаў час Марыі радзіць. І нарадзіла яна Сына першароднага свайго, спавіла яго ў пялёны і паклала ў ясьлях, бо не знайшлося ім месца ў гасподзе». (Лк 2,6-7).

Хрыстос прыйшоў у свет, Збаўца, якога чакаў увесь свет, і Яму не было на зямлі месца. Гэта шматразова будзе паўтарацца ў Евангеллі. «Да сваіх прыйшло, і свае не прынялі Яго», піша Ян Багаслоў (Ян 1,11).

Не будзем асуджаць жыхароў старажытнай Юдэі. Яны не ведалі пра Збаўцу. Яны бачылі толькі беднага пілігрыма з маладой цяжарнай жонкай, які шукае начлегу. Можа, хтосьці адмаўляў яму са шкадаваннем, можа, хтосьці з абыякавасцю. Але яны не ведалі пра тую Таямніцу, якая цяпер і ў наш час адкрытая нам.

 

2. А мы, хоць і ведаем пра Таямніцу Раства Сына Божага, усё роўна вешаем на сваё сэрца таблічку «Месцаў няма», ці «Усе месцы занятыя». Занятыя клопатамі і мітуснёй, мішурой гэтага веку. Як дагадзіць гасцям і сябрам святочнай бяседай, як упрыгожыць жыллё. Нават для служак Царквы Божай свята ператвараецца ў мітусню. Як арганізаваць прыгожае святочнае богаслужэнне.

Усё гэта самі па сабе добрыя рэчы. Але ўсе яны губляюць усялякі сэнс, калі сярод іх няма месца Богу. Калі яны не блаславёныя і не асвячаныя Богам.

Бог, Народжаны Хрыстос асвячае наша свята. І ўрачыстае богаслужэнне ў храме, і сустрэчу з сябрамі, і святочны пачастунак, і ўпрыгажэнне нашага дому.

 

Мы, наша сэрца, усё, што мы робім, павінна стаць тымі яслямі, той гасподай, якая прыме Дзіцятка Ісуса Хрыста. Гэта значыць, што трэба прыняць самаго Сына Божага, Спрадвечнае Богу Слова. Значыць напоўніць усё выкананнем запаведзі. Урачыстае Богаслужэнне без мітусні і рассеянасці, у прастаце і зычлівасці. Брацкія зносіны – без пустаслоўя і плётак, асуджэння і зласлоўя. Святочная трапеза без абжорства і п’янства.

Усё гэта здаецца зусім немагчымым. Але з Богам магчыма ўсё.

 

3. Здаецца немагчымым уцелаўленне Бога, несмяротнага і дасканалага, у цела чалавека смяротнага і недасканалага. Але яно адбылося.

Яно адбылося нават наперакор адсутнасці месцаў у гасподах, але дзякуючы таму, што Яму, Спрадвечнаму Богу Слову, знайшлося месца ў адным маленькім дзявочым сардэчку. Потым у сэрцы пажылога старога, які паверыў Божаму Адкрыццю, а потым і ў многіх многіх сэрцах. Рыбакоў і чыноўнікаў, салдатаў, равінаў, сенатараў, рабоў, святароў і біскупаў, манахаў і манахінь, бацькоў і дзяцей, і многіх многіх многіх святых людзей, якія сведчаць нам. Жыць з Богам у сэрцы магчыма.

Жыць з Богам у сэрцы трэба.

Наш суайчыннік, вялікі паэт Адам Міцкевіч калісьці напісаў: “Верыш, што Бог нарадзіўся ў бэтлеемскай стаенцы, але бяда, калі не нарадзіўся ў табе”.

Няхай жа нашы сэрцы стануць тымі яслямі, які прымаюць Бога Дзіцятка – з трапятаннем і верай, зычлівасцю і радасцю.

Няхай жа нашы сэрцы стануць тымі пастухамі, якія пакланяюцца Богу, тымі царамі Усходу, якія прыносяць дары Цару сусвету, дары веры, надзеі, радасці і любові.

Дары, якія па-сапраўднаму радуюць Бога, Якому слава на вякі вякоў.


Вярнуцца назад