Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Дзень успаміну Блаславенай Мар'яны Бярнацкай

Дзень успаміну Блаславенай Мар'яны Бярнацкай


13.07.2008.
13 ліпеня адзначаем дзень успаміну Блаславенай Мар'яны Бярнацкай. З гэтай нагоды штогод у вёсцы Наўмовічы, што на Гарадзеншчыне зьбіраюцца на сумесную малітву рыма- і грэка-католікі. Ніжэй прапануем Пастарскае прывітаньне айца архімандрыта Сяргея Гаека ўдзельнікам Малітоўнага ўспаміну Блаславёнай Мар’яны.

+ Архімандрыт Сяргей Гаек
Апостальскі Візітатар ad nutum Sanctae Sedis для грэка-католікаў Беларусі


Пастырскае прывітаньне
ўдзельнікам Малітоўнага ўспаміну новамучаніцы Блаславёнай Мар’яны (Бярнацкай)


Высокадастойны Ксёндз Біскуп
Вялебны Ксёндз Пробашч, Пачэсныя Сьвятары, Манахі, Манахіні,
Дарагія ў Госпадзе Браты і Сёстры!


“Каштоўная ў вачах Госпада сьмерць Ягоных сьвятых !” (Пс 115,6)

Прывітаньне ў Госпадзе ўсім вам, хто сёньня ў Наўмовічах ў малітве ўзгадвае мучанікаў і пакутнікаў часоў ІІ-гой сусьветнай вайны. Сярод іх была Блаславёная новамучаніца Мар'яна (Бярнацкая).

Нарадзілася яна ў 1888 г., ва ўніяцкай сям’і некалькі гадоў пасьля ліквідацыі Аўгустоўскага дэканата Ўніяцкай Царквы. Гэта азначае, што сёлета спаўняецца 120 гадоў з дня ейнага нараджэньня і 65 гадоў з дня ейнай мучаніцкай сьмерці.

Для нас, беларускіх грэка-католікаў, само існаваньне Аўгустоўскага ўніяцкага дэканата выражае неразрыўнасьць гісторыі і духоўнай традыцыі нашай Царквы ў Беларусі. А Блаславёная Мар’яна і ейная ахвяра жыцьця адкрывае нам нашыя духоўныя карані.

Мужныя словы – “я пайду замест яе”, - якія Блаславёная вымавіла, аддаючы сябе на сьмерць замест сваёй цяжарнай нявесткі, нагадваюць два падобныя здарэньні: першае мела месца ў Аліўным садзе, і тады Сам Госпад аддаваў Сябе на сьмерць – “дык вось калі Мяне шукаеце, пакіньце іх, хай ідуць” (Ян 18,8), а другое адбылося 12 лістапада 1623 года ў Віцебску, калі аддаваў сябе на сьмерць Сьвяты Язафат – магутны заступнік Беларусі – “у чым яны вінаватыя, вось я сам” (A. Welykyj, S. Josaphat, I,14).

Гэтыя факты заклікаюць нас усіх асэнсаваць нашае пакліканьне сьведчыць Адзінства і Любоў у сучасным сьвеце – “Гэта ёсьць запаведзь Мая, палюбеце ж адзін аднаго, як Я палюбіў вас. Няма большае за тую любоў, як калі хто пакладзе душу сваю за сяброў сваіх” (Ян 5,12-13).

Сёньня заканчваецца ў Полацку XIV штогадовая пілігрымка вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы (БГКЦ), якая ў гэтым годзе асэнсаўвала тэму “Любоў Хрыста заахвочвае нас” (2 Кар 5,14).

У духовай Сулучнасьці з усімі вамі, сабранымі ў Наўмовічах, дзякуем Госпаду за жывы прыклад любові, які сваім мучаніцтвам дала Блаславёная Мар’яна. Прыклад так неабходны ў сучасным сьвеце, дзе забіць ненароджанае дзіця прадстаўляецца як дасягненьне цывілізацыі. У сучасным сьвеце, дзе адкідаецца каштоўнасьць хрысьціянскай сям’і, але аб’яўляецца т.зв. “свабодная любоў”, дзе пра ахвярнасьць няма і мовы.

Хай Блаславёная Мар’яна Бярнацкая моліцца за ўсіх тых, хто застаецца верным Сьвятому Евангельлю і Каталіцкай Царкве ў Беларусі.

Полацак, 13 ліпеня 2008 г.

+Архімандрыт СЯРГЕЙ (Гаек)
Апостальскі Візітатар


а. Андрэй Абламейка
Протапрасьвітар-Дэкан Цэнтральна-Заходняга Дэканата БГКЦ

Вярнуцца назад