Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > ВІНШУЕМ МІТРАПАЛІТА ТАДЭВУША
ВІНШУЕМ МІТРАПАЛІТА ТАДЭВУША25.07.2014. |
|
25 ліпеня 1989 года Мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Тадэвуш Кандрусевіч быў прызначаны біскупам — Апостальскім адміністратарам для католікаў лацінскага абраду ў Беларусі. З нагоды гэтага юбілею рэдакцыя catholic.by віншуе Яго Эксцэленцыю і дзеліцца з чытачамі інтэрв’ю, дзе Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч узгадвае гэты дзень, а таксама іншыя моманты свайго служэння. — Ваша Эксцэленцыя, у 1989 годзе Вас прызначылі спаўняць біскупскія абавязкі ў Касцёле Беларусі, 20 кастрычніка ў тым жа годзе ў Рыме Вы атрымалі біскупскую сакру з рук Святога Айца Яна Паўла ІІ. Чым Вам прыгадваюцца тыя дні? — Найперш пра дату 25 ліпеня ўжо далёкага 1989 года. Тады па дарозе на святкаванне 50-годдзя святарскіх пасвячанняў кс. пралата Алёйзы Тамковіча, пробашча ў Астраўцы і Гудагаі, я пачуў па радыё аб маім прызначэнні быць біскупам, Апостальскім адміністратарам для католікаў лацінскага абраду ў Беларусі. Як сёння памятаю, я папрасіў спыніць аўтамабіль прама ў лесе, выйшаў з яго, стаў на калені. Мы памаліліся на ружанцы. Я папрасіў святара, які ехаў разам са мной, мяне паблагаславіць, бо добра разумеў, што з той хвіліны я адказны за Касцёл на Беларусі, а ўсе святары — гэта мае духоўныя сыны, з якімі разам я павінен складаць адзіны прэзбітэрый. Мы працягнулі шлях да Гудагая, дзе афіцыйна было аб’яўлена аб маім прызначэнні і была цэлебравана спецыяльная Імша. Нешматлікія святары, у асноўным старэйшыя, чакалі і не маглі дачакацца біскупа, бо добра ведалі словы св. Ігнацыя Антыяхійскага: «дзе біскуп, там і Касцёл». Пасля аб’яўлення аб прызначэнні біскупа яны са слязьмі на вачах дзякавалі Богу, што дачакаліся новых часоў. Мяне віншавалі, а ў маёй душы паўставала шмат пытанняў. Як кіраваць Касцёлам пасля трох пакаленняў ганенняў, калі няма святароў, кансэкраваных асобаў, касцёльных будынкаў, семінарыі, рэлігійнай літаратуры? Але я верыў у дапамогу Марыі і сілу малітвы, аб якой прасіў у святароў. Дзень 20 кастрычніка — гэта дзень маёй біскупскай сакры, удзеленай Папам сёння ўжо святым Янам Паўлам II у базыліцы св. Пятра ў Ватыкане. Я доўга рыхтаваўся да гэтага дня. Наведаў усе Ватыканскія кангрэгацыі, дзе распавёў пра сітуацыю Касцёла ў Беларусі і былым СССР, у айцоў капуцынаў правёў рэкалекцыі, два разы прымаў удзел у літургічнай рэпетыцыі, а таксама сустрэўся з Папам. Сама кансэкрацыя і асаблівая літургія падчас яе зрабілі непаўторнае ўражанне. Мне таксама было вельмі прыемна, што ў набажэнстве прыняў удзел Кардынал Вінцэнтас Слакявічюс з Каўнаса, якога я добра ведаў. Я ўдзячны таксама і сённяшняму Гродзенскаму біскупу Аляксандру Кашкевічу, які быў разам са мною. У сваёй гаміліі Папа Ян Павел II прамовіў таксама па-беларуску, што было не толькі прыемна, але было знакам павагі Пантыфіка да нашай краіны. Я вельмі моцна перажыў урачыстасць і, відавочна, гэта заўважыў Папа. Пасля Імшы ён падышоў да мяне, узяў моцна за рукі і сказаў: «Тадэвуш, не бойся, усё будзе добра, я малюся за цябе». І, сапраўды, справы пайшлі добра. І сёння пасля 25 гадоў у маіх вушах гучаць гэтыя словы Пантыфіка: «Не бойся, усё будзе добра, я малюся за цябе». Дзякую святому Яну Паўлу ІІ, бо без яго малітвы было б вельмі цяжка. — Ужо ў 1991 годзе Вашае служэнне было змешчана ў Расію. Як успрынялі гэты факт у сваім жыцці? Што для Вас азначала служэнне ў гэтай краіне? — Падчас святарскіх пасвячанняў кандыдат абяцае паслухмянасць біскупу. Падчас біскупскай кансэкрацыі біскуп намінат абяцае паслухмянасць Папу. Менавіта ў духу паслухмянасці я заўсёды ўспрымаў усе прызначэнні, таксама і прызначэнне ў Расію. Я — жаўнер, а Папа — мой генерал. Таму я не ставіў ніякага пытання, чаму я, а можа хтосьці іншы і г.д. А такія пытанні можна было б паставіць, бо Бог вельмі моцна благаслаўляў служэнне ў Беларусі. За кароткі час удалося вярнуць 97 канфіскаваных касцёлаў, заснаваць Духоўную семінарыю ў Гродне, выдаць 90 тысяч экзэмпляраў кароткага катэхізіса па-беларуску і 50 тысяч экзэмпляраў «Парадку св. Імшы» на беларускай мове, моцна павялічылася колькасць святароў, якія прыехалі з-за мяжы дапамагаць адбудоўваць Касцёл, распачалася харытатыўная праца і г.д. У Расіі сітуацыя была значна горшай. Там сапраўды трэба было распачынаць з нуля, бо было толькі каля 10 зарэгістраваных парафій і працавала 7 святароў. Я адчуваў сябе там пасланым абвяшчаць Евангелле і адбудоўваць Касцёл. І Бог зноў благаславіў. За 16 гадоў служэння малы па колькасці Касцёл у Расіі стаў інтэгральнай часткай грамадства. Атрымалася заснаваць семінарыю ў Санкт-Пецярбургу, дзве радыё праграмы: у Маскве і Санкт-Пецярбургу, Карытас, газету «Святло Евангелля», 4 выдавецтвы, выдаць 600 найменаванняў рэлігійных кніг на рускай мове, у тым ліку і Каталіцкую Энцыклапедыю, колькасць святароў стала каля 270 асоб, а сясцёр законных — каля 400. Духоўныя асобы былі не толькі з Расіі, а яшчэ з 23 краінаў свету. Расія стала для мяне месцам сеяння Евангелля на постатэістычнай пустэчы і я рады, што яго зерне дало і далей прыносіць плён. — У верасні 2007 года Вы вяртаецеся служыць у Беларусь. Што ўзгадваецца з першых дзён , тыдняў, месяцаў у Беларусі? Больш за 15 год мінула — які вобраз Касцёла ў Беларусі паўстаў перад Вамі? З чым можна б было яго параўнаць? — Я пакінуў Беларусь у 1991, калі Касцёл «набіраў абароты» на шляху адраджэння і ўмацавання. Пасля 16 гадоў я сустрэў ужо іншы Касцёл: са сваімі структурамі, добра развітай сеткай парафій, значна большай колькасцю святароў і законніц, сваімі выдавецтвамі і медыямі. Гэты Касцёл моцна стаяў на нагах. Праца беларускіх біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх прынесла свой плён. Асабліва трэба адзначыць служэнне Яго Эмінэнцыі ксяндза Кардынала Казіміра Свёнтка, 100-годдзе нараджэння якога мы адзначаем сёлета. З іншага боку, гэта быў Касцёл, які патрабаваў і далей патрабуе евангельскага дынамізму, каб яднаць традыцыю з новымі метадамі душпастырства. Гэта быў Касцёл, які яшчэ не да канца раскрыў свае магчымасці і патэнцыял. Касцёл, які яшчэ не да канца выкарыстаў новыя магчымасці для сваёй дзейнасці. І сёння яшчэ гэтыя магчымасці не выкарыстаныя, як трэба. Яго можна параўнаць з каштоўным чамаданам без ручкі. Каб узяць чамадан патрэбна ручка. Каб Касцёл сапраўды быў радасцю і надзеяй для людзей, ён павінен ісці да людзей, а не аддзяляцца ад іх. — Якія людзі і чым запомніліся з першых месяцаў вяртання на Беларусь? —Не называючы пайменна, трэба сказаць, што адразу кінуліся ў вочы святары і законныя асобы, а таксама свецкія асобы, якія моцна перажываюць за лёс Касцёла. І іх было не мала. Гэта дало мне надзею і ўпэўненасць, што з імі можна зрабіць многа добрага. — Якія ўражанні склаліся ад беларускай каталіцкай моладзі ў 2007 годзе, ці яна моцна адрознівалася ад моладзі з Расіі? — Адразу была бачна вялікая зацікаўленасць моладзі рэлігіяй і пошукам адказаў на турбуючыя іх пытанні. Таму я спрыяў арганізацыі і развіццю як агульнага душпастырства моладзі, якое і сёння патрабуе асаблівай увагі і далейшага развіцця, так і такіх метадаў пастырства як Адвэнтавае і Вялікапоснае чуванні моладзі, малітоўныя сустрэчы моладзі, пілігрымкі і г.д. У Расіі ж моладзь таксама цікавая, мае вельмі добрую адукацыю і шукае адказу на праблемы быцця, вечнасці, шчасця. Найбольшая розніца ў тым, што расійскую каталіцкую моладзь складаюць у асноўным неафіты, якія нядаўна прыйшлі да веры. З імі трэба быць вельмі акуратнымі, каб іх рэлігійны запал не згарэў як салома, але развіваўся. Беларуская моладзь мае большыя хрысціянскія традыцыі, якія ўзяла ад сваіх веруючых бацькоў і дзядоў, а таксама з хрысціянскай традыцыі нашага народу. Аднак ёй неабходны новы імпульс, новая дынаміка і, як здаецца, яна гэта разумее і стараецца духоўна развівацца. — З якімі думкамі, надзеямі, спадзяваннямі вярталіся тады ў Беларусь, і ці многія з іх спраўдзіліся? — Найперш я вяртаўся ў Беларусь, на сваю Радзіму, з намерам далей развіваць Касцёл на базе таго, што ўжо ёсць. Касцёл у Беларусі, не гледзячы на вялікія знакі яго адраджэння, усё яшчэ шмат чаго патрабуе. Гэта будова новых касцёлаў, якіх вельмі мала ў вялікіх гарадах. І тут, на жаль, праяўляецца пасіўнасць вернікаў. Мы ўсё яшчэ жывём «па-старынцы», згодна з чым усё зробіць святар: ён і пабудуе, ён і адрамантуе. Не. Касцёл не толькі святара, але і вернікаў. Яны павінны браць большую адказнасць за будову і ўтрыманне касцёльнай маёмасці. Радуе тое, што павялічваецца колькасць беларускіх сваятароў, аднак трывогу выклікае зніжэнне колькасці святарскіх і манаскіх пакліканняў. Гэта новы выклік для Касцёла на Беларусі. Радуюся, што моладзь актыўная ў жыцці Касцёла і шукае Бога, не гледзячы на секулярныя тэндэнцыі. Цешыць развіццё каталіцкіх медый і выдавецкай дзейнасці, хоць у гэтым напрамку трэба прыкладаць яшчэ шмат намаганняў. — Як Вы думаеце, чаго яшчэ не стае Касцёлу ў Беларусі? Над чым трэба працаваць? — Не гледзячы на многія дасягненні Касцёла ў Беларусі, ёсць яшчэ шмат працы. Галоўнымі праблемамі з’яўляецца недахоп святароў і кансэкраваных асобаў, свядомых і адказных, здольных эфектыўна весці новую евангелізацыю медый,. Не хапае моцных сем’яў, каб яны былі хатнімі Касцёламі. Таксама выхаванай на прынцыпах Евангелля моладзі, якая магла б плыць супраць цячэння секулярызму і не паддавалася б уплыву маральнага лібералізму. Таму неабходна інтэнсіфікаваць пастырства пакліканняў, далейшую фармацыю свецкіх і асабліва моладзі, развіццё медый, выдавецкай і харытатыўнай дзейнасці. Пры ўсім гэтым неабходна дзякаваць Богу і прасіць Яго благаслаўлення. Памятаючы, што толькі Бог дасканалы, увесь час самім імкнуцца да дасканаласці. Гутарыла Аксана Ючкавіч, Catholic.by Вярнуцца назад |