Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > Казанне на Вялікі Чацвер

Казанне на Вялікі Чацвер


17.04.2014.
Прыйдзіце са страхам на Тайную Вячэру, прымем з чыстымі душамі Хлеб і застанемся з Уладаром, каб бачыць, як Ён мые ногі вучням сваім. Будзем і мы рабіць таксама – дагаджаць адзін аднаму, мыць адзін аднаму ногі. Бо так загадаў Хрыстос вучням сваім. Але Юда, слуга і хлус, не паслухаў Яго.
(З канона ютрані Вялікага Чацвярга).


Дарагія браты, дарагія сёстры!

1. Сёння мы з вамі перажываем падзеі Вялікага Чацвярга. Святое Пісанне прадстаўляе перад нашымі духоўнымі вачыма два моцных вобразы: Ісус ўстанаўляе Еўхарыстыю і Ісус абмывае ногі сваім вучням. Насамрэч храналагічная паслядоўнасць гэтых падзей была адваротная, аднак, давайце прыгледземся да іх сёння менавіта ў такім парадку.

У гэты перадапошні дзень свайго зямнога жыцця наш Госпад Ісус Хрыстос спажываў са сваімі вучнямі Вячэру. Гэта застолле было прадугледжана юдэйскай рэлігійнай традыцыяй і ладзілася з нагоды старазапаветнай Пасхі. Аднак мы, хрысціяне, ведаем, што гэта не было звычайнае святкаванне габрэйскага свята. Старазапаветныя вобразы ды сімвалы былі выкарыстаныя Ісусам, каб даць нам нешта большае. Ісус бярэ па чарзе хлеб і віно ды прамаўляе словы: “Бярыце і ежце – гэта Цела маё… Бярыце і піце – гэта Кроў мая”. Гэтыя словы чыняць з апошняй зямной вячэры Ісуса Хрыста Таямніцу-Сакрамант, першую Еўхарыстыю, пачатак хрысціянскага культу, пачатак супольнай малітвы хрысціян.

2. Невычэрпнае багацце гэтай таямніцы выражаецца ў розных назвах, якія ёй надаюцца. Кожная з паасобных назваў адлюстроўвае пэўны яе аспект. Гэтую таямніцу называюць Еўхарыстыяй ад грэцкага слова ευχαριστία – падзяка. Назва Вячэра Гасподня прыгадвае нам пра Апошняю Вячэру Госпада з Яго вучнямі напярэдадні Ягоных Пакутаў ды таксама пра абяцаную нам вясельную вячэру ў Божым Валадарстве. Яшчэ адна назва – Еўхарыстычная Ахвяра – гаворыць нам пра тое, што кожная Еўхарыстыя актуалізуе (паўтарае) адзіную Ахвяру нашага Госпада Ісуса Хрыста на Крыжы. Нарэшце гэтая Таямніца называецца Еўхарыстычным сходам (σύναξις), таму што Еўхарыстыя здзяйсняецца ў сходзе вернікаў, які ёсць бачным выразам Царквы.

Пра гэтае апошняе вымярэнне – вымярэнне сходу – мы, на жаль, у апошні час у Каталіцкай Царкве амаль забыліся. Вельмі часта мы ўспрымаем Еўхарыстыю, як практыку прыватнай пабожнасці, і забываем, што Еўхарыстыя – гэта таямніца сходу, парафіяльнай супольнасці. Але ж усё пачынаецца менавіта са сходу вернікаў у храм, пра якіх сам Ісус моліцца, каб былі адно! У старажытным хрысціянскім трактаце “Дідахэ” І-га стагоддзя, які сярод іншага распавядае пра Еўхарыстыю, мы можам прачытаць наступныя словы малітвы: “Падобна да таго, як гэты хлеб быў раскіданы па горах, а потым сабраны ў адно, гэтак дай, Госпадзе, каб Царква сабралася ў адно з усіх канцоў зямлі ў адно Царства”.

3. З Катэхізісу Каталіцкай Царквы мы ведаем, што існуе сем таямніцаў, сярод якіх на трэцім месцы ўласна знаходзіцца Еўхарыстыя. Але ці парадкавы нумар адлюстроўвае значэнне дадзенай Таямніцы? Вось жа Псеўда-Дыянісій Арэапагіт, а за ім і іншыя духоўныя хрысціянскія аўтары, бачылі ў Еўхарыстыі “Сакрамант сакрамантаў”. Святы Тамаш з Аквіну падкрэсліваў, што менавіта да Еўхарыстыі “усе іншыя сакраманты скіраваныя, як да сваёй мэты”.

Мы можам уявіць Еўхарыстыю сваеасаблівым сонцам, вакол якога кожная Таямніца займае належную арбіту. Таямніца Хросту – брама да ўсіх Святых Тайнаў – ёсць неабходны для таго, каб нам прымаць удзел у Еўхарыстыі. Тайна Мірапамазання, у якой мы прымаем Святога Духа з Яго дарамі, патрэбна нам, каб глыбей занурыцца ў таямніцу Еўхарыстыі. Тайны Споведзі і Алеепамазання хворых патрэбныя нам, каб годна ўдзельнічаць у Еўхарыстыі. Таямніца Святарства неабходна, каб сярод нас заўсёды былі святары, якія б маглі здзяйсняць Еўхарыстыю. Урэшце Тайна Сужэнства таксама скіроўвае нас да святой Еўхарыстыі, бо ўласна Еўхарыстыя ёсць крыніцай сапраўднай любові.

4. Дарагія браты, дарагія сёстры! Ісус на Апошняй Вячэры зрабіў дзве важныя рэчы: аддаў падзяку Богу ды звярнуўся да вучняў так добра вядомымі для нас словамі: “Бярыце і ежце – гэта Цела маё… Бярыце і пейце – гэта Кроў мая…”. Такая паслядоўнасць моцна падкрэслівае, што таямніца Еўхарыстыі мае два галоўных вымярэнні. Першае вымярэнне – гэта скіраванасць на Бога-Айца, другое вымярэнне – скіраванасць на чалавека. Такім чынам, Еўхарыстыя ёсць перад усім Ахвярай Ісуса Трыадзінаму Богу, а ўжо потым Таямніцай, Сродкам збаўлення людзей. Можна нават тут сказаць яшчэ больш: Еўхарстыя не стала б ніколі Таямніцай, калі б не была спачатку Ахвярай.

Калі гэта так, тады паўстае пытанне: ці патрэбна была ў дадатак да гэтага яшчэ адна ахвяра Ісуса на Крыжы? Вось жа мы павінны ведаць і памятаць, што Еўхарыстычная ахвяра і Крыжовая ахвяра цесна звязаныя паміж сабой. Еўхарыстычная вячэра Вялікага Чацвярга сцісла, неадлучна і істотна звязана з Крыжовай ахвярай Ісуса. Сам Хрыстос назаўжды звязаў гэтыя дзве ахвяры сваім жаданнем ў неразрыўнае цэлае. Гэта азначае, што кожны раз, калі мы ўдзельнічам у Еўхарыстыі, мы таямнічым чынам перажываем адзіную, тую саму Ахвяру, якую склаў Ісус Хрыстос Найсвятой Тройцы спачатку ў Вячэрніку, а потым і на Крыжы.

5. Устанаўленню Еўхарыстыі папярэджвала яшчэ адна падзея – умыванне Ісусам ног сваім вучням. Ногі ўдзельнікам застолля звычайна абмывалі слугі. Такім чынам Ісус падыходзіць да апостала Пятра для абмывання яго ног у вобразе напалову распранутага слугі (бо Госпад зняў з сябе верхнюю вопратку). Пётр адмаўляецца ад паслугі свайго Настаўніка, паколькі ён лічыць непрымальным такое прыніжэнне Госпада да ўзроўню нявольніка. Паколькі Ісус настойвае, то Пётр знаходзіць, як яму здаецца, кампраміс: прапануе, каб Настаўнік ўмыў яму “не толькі ногі, але рукі і галаву”, такім чынам ён спадзяецца пабачыць у Ісусе не слугу, але рабіна, паколькі рабіны здзяйснялі рытуальныя абмыванні чалавека цалкам.

Госпад аднак наўмысна займае пазіцыю слугі, а не гаспадара або рабіна. Гэтым самым Ён у корані мяняе погляд на ўладу, на ўзаемаадносіны паміж уладарамі і падуладнымі. Улада для вучня Ісуса Хрыста азначае перад усім служэнне тым людзям, уладу над якімі ён мае. Умыванне ног і ўстанаўленне Еўхарыстыі – гэта неад’емныя часткі Апошняй вячэры. Ісус таямнічым чынам узнімае да сваёй годнасці тых, хто робіць так як Ён – служыць іншым. Паслуга Ісуса прыняла найвышэйшую форму ў Яго Ахвяры, у Яго Смерці за нашы грахі, за ўсё чалавецтва.

Слова Божае і уся сённяшняя літургія заахвочвае нас падобна Ісусу мыць ногі адзін аднаму, запрашае нас стаць на ўзор еўхарыстычнага Хлеба – хлебам, які будуць спажываць бліжнія. Дарагія браты, дарагія сёстры! Мы прымаем еўхарыстычны Хлеб, самога Госпада Ісуса Хрыста, каб самім стацца хлебам для іншых людзей, каб праз сваю службу іншым людзям прынесці ў іх жыццё прысутнасць нашага Бога. Вось дзеля чаго нам дадзена Еўхарыстыя! Не толькі дзеля таго, каб яе прыняцце “адымала бясчынствы і ачышчала грахі”, але таксама каб умацаваць нас на дарозе служэння іншым людзям.

Вярнуцца назад