Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > Пакрова Найсвяцейшае Багародзіцы
Пакрова Найсвяцейшае Багародзіцы30.09.2022. |
|
Пададзены ніжэй тэкст паходзіць з Жыція святога і блажэннага айца нашага Андрэя, юродзівага дзеля Хрыста, і святога айца нашага Эпіфанія, патрыярха Канстантынопальскага. Гэты твор паўстаў у Візантыіі на мяжы першага і другога тысячагоддзяў хрысціянскае эпохі. Ён глыбока прасякнуты эсхаталагічнымі настроямі, уласцівымі для таго часу, якія, як правіла, узнікаюць на стыку эпох, у перыяды, шчодрыя на сацыяльныя і прыродныя катаклізмы. Вачыма святога Андрэя, які, імкнучыся наследваць жыццё “убогага” Хрыста, хавае сваё пабожнае жыцьцё пад знешняй маскай псіхічна хворага чалавека, мы бачым уражваючую карціну духоўнага жыцця. З’яўленні і цуды, анёльскія сілы і бясоўскія рушанні (паспалітае рушанне, г.зн. апалчэнне), грэшнікі і святыя, бесперастанная барацьба Дабра і Зла, схаваная за фасадам знешне “благополучного” і пампезнага царкоўнага жыцця візантыйскае сталіцы – набожнаму чытачу тут адкрываюцца аспекты, з якімі ў штодзённым хрысціянскім жыцці ён сутыкаецца вельмі рэдка. Робіцца гэта з адзінаю мэтаю – даць магчымасць адчуць наколькі адказным павінны быць кожны духоўны выбар у чалавечым жыцці, ад якога залежаць жыццё або смерць, праведнасць або грэшнасць, вечнае збаўленне або такая самая вечная загібель.
І вось у гэтай духоўнай сітуацыі, калі ані парадак рэчаў у свеце, ані грамадскі лад, ані знешняя царкоўная ці нават асабістая набожнасць не здольны вярнуць чалавеку пачуццё пэўнасці і спакою, святы Андрэй, молячыся разам са сваім сябрам Эпіфаніем у царкве у Влахернах, бачыць пад час малітвы Багародзіцу. Велічная, спакойная і маўклівая постаць (як належыць паводзіцца ў царкве жанчыне!), якая ў суправодзе анёлаў і святых, але нябачная для большасці прысутных людзей, уваходзіць у храм і распрасцірае над Божым людам свой святы пакроў. Гэта з’ява трывае толькі некалькі хвілінаў, пазней Багародзіца знікае, пакідаючы прысутным людзям магчымасць працягваць малітву. Але як для святога Андрэя, так і для кожнага хрысціяніна, які з увагаю і набожнасцю чытае гэты текст, стаецца зразумелым, што ў гэтым нетрывалым свеце Божая ласка і малітва Багародзіцы заўсёды застаюцца надзейнаю асноваю нашага існавання і збаўлення. Святкуючы сёння свята Пакрова Божае Маці, будзем маліцца каб Бог, здольны ажыўляць памерлых, ажывіў таксама у нашых сэрцах і душах памяць пра Сваю прысутнасць і апеку Багародзіцы у нашым жыцці, каб гэта духоўная пажыва дала нам сілы з верай і надзеяй наследаваць у жыцці нашага Госпада і Ягоных святых. Амін. Пра з’яву святой Багародзіцы ў Влахернах. [...] Калі было усяночнае чуванне у святой царкве ў Влахернах, блажэнны Андрэй ішоў туды, поводзячыся у звыклы для сябе спосаб. Эпіфаній, разам з адным са сваіх слугаў таксама бываў там. І стаялі яны [на малітве] часам да апоўначы, а іншым разам да світання. А чацьвертай гадзіне ўначы блажэнны Андрэй пабачыў наяве святую Багародзіцу, што ўвайшла праз царскія дзверы – вельмі высокую, ў атачэнні грозных слугаў сярод якіх былі пачэсны Прадвеснік і Сын Громавы, што падтрымлівалі яе з абодвух бакоў. І мноства іншых святых у белых шатах ішлі наперадзе яе і ўслед за ёй, спяваючы духоўныя спевы. І калі яна наблізілась да амвону, святы [Андрэй] падыйшоў да Эпіфанія і спытаў: “Бачыш Уладарку і Царыцу свету?” Той адказаў: “Бачу, айцец мой”. І на іхніх вачах яна схіліла калені і доўга малілася, акрапляючы слязамі богападобнае сваё аблічча. Скончыўшы малітву, яна падыйшла да аўтарá, молячыся за людзей, што стаялі ў царкве. І памаліўшыся, яна зняла з сябе ззяючы, быццам маланка, пакроў, які пакрываў ейную прачыстую главу і плечы, і узяўшы ў свае прачыстыя рукі, – быў ён вялікі і страшны, – прасцягнула над прысутнымі людзьмі. Доўгі час бачылі яго святыя [Андрэй і Эпіфаній] прасцягнутым над людзьмі і ззяючым, нібы бурштын, Божаю славаю. І пакуль святая Багародзіца знаходзілась там, яны бачылі і пакроў, а калі яна аддалілася, яны яго больш не бачылі, бо яна забрала яго, напэўна, з сабою. А ласку пакінула тым, што стаялі там [...] Вярнуцца назад |