Літургічны каляндар

Прарок Даніла і тры юнакі: Ананія, Азарыя і Місаіл

Сьвяты прарок Даніла, з пакаленьня Юды, нашчадак царскага роду, адзначаўся любоўю да Закону, за што атрымаў дар мудрасьці і здольнасьці тлумачыць сны. Разам з трыма прыяцелямі ў часы панаваньня цара юдэйскага Якіма быў высланы ў 605 годзе ў Бабілён. Яны служылі пры царскім двары і там вывучылі ўсю мудрасьць халдэйскую. Растлумачыўшы Навухаданасору таямнічы сон і абараніўшы Сузанну ад ілжывых мудрацоў, Даніла стаўся кіраўніком цэлай правінцыі Бабілёну. Праз нейкі час ён быў абылганы сваімі зайздросьнікамі і кінуты ў роў з ільвамі. Але яны не кранулі яго. Дата ягонае сьмерці невядомая. Ён зьяўляецца чацьвертым з вялікіх прарокаў.
Ягоных прыяцеляў, Ананію, Азарыю і Місаіла, якія адмовіліся аддаваць пашану статуі Навухаданасора, укінулі ў палаючую печ, але полымя іх не дакранулася, пасярод вагню яны славілі Бога гімнамі. Гэтая зьява ёсьць правобразам дзявочага нараджэньня Марыі Багародзіцы, дзявочае ўлоньне Якое засталося некранутым і пасьля нараджэньня Хрыста. Гэтых Тры Юнака належалі да пакаленьня Юды, з якога павінен быў нарадзіцца Збаўца, таму Сьвятыя Айцы пастанавілі сьвяткаваць іх памяць за сем дзён перад Раством Хрыстовым.