Сьвяты Амброзій, біскуп Міланскі

Сьвяты Амброзій нарадзіўся ў Трэвіры каля 340 году ў арыстакратычнай хрысьціянскай сям’і. Бацька ягоны, які займаў паважную пасаду ў цэзарскім урадзе, памёр, калі Амброзію споўніўся год. Удава разам з дзецьмі пераехала ў Рым, дзе жыла ейная сям’я. Тут Амброзій жыў да 30 гадоў жыцьця і атрымаў добрае выхаваньне. За свой талент красамоўства цэзарам Канстантынам (306-337), а пасьля ягоным сынам Канстансам (337-350), быў прызначаны намесьнікам Рымскіх тэрыторыяў – Лігурыі і Эміліі. На працягу доўгага часу быў катэхумэнам (чалавекам, які рыхтуецца прыняць Хрост), бо ў тыя часы да таямніцы Хросту ставіліся вельмі паважна, таму адкладалі яго аж да апошніх дзён перад сьмерцю, каб з беззаганным сумленьнем перайсьці да вечнага жыцьця, хаця сам пазьней з гэтым звычаем пачаў змагацца. У 374 годзе абраны біскупам Міланскім, 30 лістапада прыняў Хрост і ўсе ступені сьвячаньняў, а 7 сьнежня быў пасьвячаны на біскупа. Паданьне распавядае, што сьвяты Амброзій з пакоры не хацеў прыняць высокага сану і вырашыў таемна ад усіх уначы выйсьці з гораду і пачаць жыцьцё беднага вандроўніка. Прайшоўшы вялікі кавалак дарогі, Амброзій думаў, што далёка ўжо адышоў ад гораду, але калі разьвіднела, высьветлілася, што ён знаходзіцца каля брамы таго ж самага Мілану. Такі Амброзій атрымаў знак, што Госпад рыхтуе для яговялікую місію. Наступныя гады сьв. Амброзій мудра кіраваў Царквой, пасьпяхова змагаўся з гэрэзіямі, напісаў шмат трактатаў у абарону праваслаўя. Нам асабліва знаёмы як творца гімну Te Deum (“Цябе, Бога, хвалім”). Вядомы таксама факт, што сьвяты Амброзій ахрысьціў сьвятога Аўгустына (дзень памяці 28 жніўня). Памёр сьвяты Амброзій у 397 годзе.