Сьвяты Мікалай, архібіскуп Мірлікійскі, цудатворца

Гэты сьвяты біскуп жыў у часы цэзараў Дыяклетыяна (284-305) і Максіміяна (305-308). Пасьля некалькіх гадоў жыцьця ў манастыры, зважаючы на выключныя цноты, пастаўлены на біскупа. Заўсёды ставаў у абарону хрысьціянаў і сьмела абвяшчаў праўдзівую веру Хрыстовую, за што ўлады горада увязьнілі яго разам з іншымі хрысьціянамі. Калі да ўлады прыйшоў Канстантын Вялікі (306-337), вязьні выйшлі на свабоду. Атрымаў тады вольнасьць і сьв. Мікалай і вярнуўся ў Міры на біскупства і праз некалькі гадоў узяў удзел ва Ўсяленскім Саборы ў Нікеі ў 325 годзе. Памёр у сталым узросьце. Застаўся нібы жывы нават пасьля сьмерці, атрымліваючы з неба дар чыніць цуды. Ягоныя рэліквіі з 1084 году захоўваюцца ў Бары на поўдні Італіі (дзень памяці 9 траўня). Ягоная моц чыніць цуды нарадзіла поўныя незвычайных рэчаў паданьні, якія зьяўляюцца прычынай дзіцячай радасьці як на Захадзе, так і на Ўсходзе.