УЗВЫШЭНЬНЕ ПАЧЭСНАГА І ЖЫВАТВОРЧАГА КРЫЖА

Паводле традыцыі пасьля увядзеньня талеранцыйнага Міланскага эдыкту імператар Канстанцін загадаў пабурыць узнесеную на Галгоце, на месцы сьмерці Збавіцеля паганскую сьвятыню Венеры. Пасьля гэтага імператар загадаў правесьці раскопкі падчас якіх была знойдзена магіла Госпада і Крыж на якім ён быў расьпяты. Паводле адной з гістарычных версіяў раскопкі былі праведзеныя на загад маці Канстанціна, Алены. Тое, што знойдзены Крыж быў тым, на якім прынёс ахвяру за нашыя грахі Хрыстос было падцьверджана цудам уваскрасеньня памёрлага, якога паклалі на Крыж. Пасьля гэтага патрыярх ерусалімскі зрабіў узвышэньне Крыжа – некалькі разоў паказаў яго сабранаму шматлікаму натоўпу.
У гэты дзень звычайна царква заахвочвае да строгага посту. Але ў гэтым годзе дзеля таго, што ёсьць нядзеля пост можа быць злагоджаны. Літургічныя шаты ўжываюцца посныя (у беларускай традыцыі чырвонага колеру). Чын паднясеньня Пачэснага Крыжа звычайна служыцца ў катэдральных цэрквах.