Пошук

Каляндар

 

Леў XIV адзначыў прыклад служэння святога Язафата Кунцэвіча  


Леў XIV адзначыў прыклад служэння святога Язафата КунцэвічаНа заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая адбылася 12 лістапада 2025 года ў Ватыкане, Папа адзначыў прыклад служэння святога Язафата Кунцэвіча, архіепіскапа Полацкага, які прыняў мучаніцкую смерць у 1623 годзе ў Віцебску.

 

“Сённяшняя літургія ўшаноўвае памяць святога Язафата, біскупа, мучаніка з прычыны яго нястомнай руплівасці аб адзінстве Касцёла. Заахвочваю кожнага ўсведамляць атрыманыя дары ласкі, каб яны былі пастаўлены на службу супольнасці”, - сказаў Папа.

 

Новая благаслаўлёная з Індыі


Пантыфік адзначыў таксама, што 8 лістапада ў горадзе Кочы, у індыйскім штаце Керала, была беатыфікавана Маці Элісва Вакаіл, якая жыла ў XIX стагоддзі і заснавала Трэці ордэн босых кармэлітак тэрэзіянскіх.

 

“Няхай яе адважнае служэнне на карысць эмансіпацыі найбяднейшых дзяўчат будзе крыніцай натхнення для тых, хто працуе ў Касцёле і ў грамадстве дзеля годнасці жанчыны”, - пажадаў Леў XIV.

 

Будзем удзячныя Богу за дар міру

 

Вітаючы пілігрымаў з Польшчы, Папа заўважыў, што 11 лістапада ўспаміналася заканчэнне “бессэнсоўнай бойні” Першай сусветнай вайны, пасля якой для многіх народаў, у тым ліку для польскага, заззяла зараніца незалежнасці.

 

“Будзем удзячныя Богу за дар міру, вышэй за які – як піша святы Аўгусцін – “нічога лепшага знайсці нельга”. “Давайце будзем сцерагчы яго з сэрцам, укаранёным у Евангелле, у духу братэрства і любові да Айчыны”, - сказаў Святы Айцец.

 

Аляксандр Панчанка - Vatican News


12.11.2025

Copyright 2008-2025 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.