Пошук

Каляндар

 

Архімандрыт Сяргей узяў удзел у францішканскім набажэнстве ў маладзечнаскай парафіі, дзе нясуць служэнне капуцыны  


Архімандрыт Сяргей узяў удзел у францішканскім набажэнстве ў маладзечнаскай парафіі, дзе нясуць служэнне капуцыныУвечары 3 кастрычніка, напярэдадні ўспаміну святога Францішка Асізскага, у касцёле святога Піо ў Маладзечне (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія), дзе нясуць служэнне меншыя браты капуцыны, адбылося адмысловае францішканскае набажэнства Транзітус.


Яго назва ў перакладзе з лацінскай мовы азначае «пераход»: гэта малітоўны ўспамін благаслаўлёнай смерці святога Францішка.

 

Як паведамляецца на сайце парафіі святога Казіміра ў Маладзечне Pio.by, удзел у гэтым францішканскім набажэнстве разам з вернікамі маладзечанскай парафіі і іх душпастырамі ўзяў Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, марыянін.

 

Падчас святой Імшы, якая папярэднічала Транзітусу, айцец Сяргей скіраваў да прысутных слова, у якім звярнуў увагу на вялікую ролю духоўнай спадчыны святога Францішка і для францішканаў, і для паўсюднага Касцёла, адзначыўшы як адну з галоўных прычын гэтага глыбокую пакору святога ў абвяшчэнні Евангелля сваім жыццём і словам нават тады, калі яго словы не прымалі, а яго самога адкідалі і пераследавалі.

 

«Дзякуючы пакорлівасці, руплівасці Францішка, яго малітве мы атрымалі вельмі вялікі ў гісторыі Касцёла рух, які жыве да сённяшняга дня»,— заўважыў архімандрыт Гаек. Ён дадаў, што «сёння мы жывум у іншым свеце, іншых абставінах, якія моцна змяніліся нават на працягу аднаго пакалення. Але Евангелле — тое самае, і не менш актуальныя для нас словы святога: „Любоў не ўзлюблена“».

 

Святар адзначыў, што ўсе вернікі, а не толькі святары і манахі, пакліканы быць работнікамі на жніве Пана.

 

«Падчас хросту мы атрымалі намашчэнне на прарока і таксама маем пакліканне ўдзельнічаць у евангелізацыі свету. Мы пасланыя быць сведкамі Хрыста, які абвяшчаў Божае Валадарства словамі і канкрэтнымі чынамі. І нашае асноўнае заданне, як і ў ранейшыя часы, застаецца тым жа: уводзіць Божае слова ў сваё жыццё, жыць паводле Евангелля там, дзе мы ёсць. І яно гэтак жа патрабуе пакоры, руплівасці і мужнасці.

 

Маючы такога вялікага святога ў небе, мы можам разлічваць на яго заступніцкую малітву»,— запэўніў сабраных святар.

 

Другі аспект духоўнай спадчыны святога Францішка, на які звярнуў увагу архімандрыт Гаек, — гэта адкрыццё таго, што мы ўсе браты і сёстры. «Як у часы святога Францішка, калі ён хадзіў да султана, так і цяпер, калі Папа Францішак наведаў Інданэзію, самую вялікую мусульманскую краіну ў свеце, важна быць сведкамі братэрства», — падкрэсліў Апостальскі адміністратар грэка-католікаў.

 

Далей разважаючы над духам братэрства, ён раскрыў духоўныя і гістарычныя сувязі паміж братамі капуцынамі і грэка-каталіцкімі святарамі. Найперш архімандрыт адзначыў, што ўжо 30 гадоў яны разам служаць на Божай ніве ў Маладзечне, а на пачатку ХХ стагоддзя грэка-каталіцкі святар Андрэй Цікота меў дачыненне да мясцовай парафіі святога Казіміра: быў першым пробашчам у адноўленым касцёле святога Казіміра ў 1917–1918 гадах.

 

Айцец Сяргей таксама распавёў цікавую гісторыю, якая яднае капуцынаў з грэка-каталіцкім духавенствам і звязаная з Маці Божай Жыровіцкай. Менавіта ў часы, калі ў жыровіцкай святыні служылі грэка-католікі, ікона Маці Божай — не маленькі каменны арыгінал, а напісаны на палатне абраз — стала першай іконай, каранаванай папскімі каронамі ў Беларусі.

 

Сёння яна захоўваецца ў касцёле капуцынаў у Слоніме. На знак такой духоўнай сувязі Сяргей Гаек падараваў маладзечанцам копію абраза Маці Божай Жыровіцкай на каменнай аснове.

 

Пасля ўзнёслых спеваў і малітвы набажэнства Транзітус усе прысутныя мелі магчымасць трапіць на невялікі кірмаш, арганізаваны братамі і сёстрамі Францішканскага ордэна свецкіх у гонар свайго Заснавальніка. Там можна было набыць вырабы, якія нагадвалі пра святога Францішка. Сярод розных іншых прысмакаў можна было пакаштаваць міндальнае печыва мустачолі — традыцыйны італьянскі слодыч, які быў любімым ласункам святога Францішка.

 

Архімандрыт Сяргей узяў удзел у францішканскім набажэнстве ў маладзечнаскай парафіі, дзе нясуць служэнне капуцыныАрхімандрыт Сяргей узяў удзел у францішканскім набажэнстве ў маладзечнаскай парафіі, дзе нясуць служэнне капуцыныАрхімандрыт Сяргей узяў удзел у францішканскім набажэнстве ў маладзечнаскай парафіі, дзе нясуць служэнне капуцыныАрхімандрыт Сяргей узяў удзел у францішканскім набажэнстве ў маладзечнаскай парафіі, дзе нясуць служэнне капуцыны

 

Паводле: Кацярына Савянок / Pio.by / Фота: Дзмітрый Роўда, Ірэна Туровіч, бр. Андрэй Жылевіч OFMCap / Pio.by


8.10.2024

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier