Пошук

Каляндар

 

Пантыфік абвясціў Дзень малітвы і посту ў інтэнцыі міру  


Пантыфік абвясціў Дзень малітвы і посту ў інтэнцыі міруДзень малітвы і посту ў інтэнцыі міру ва ўсім свеце адбудзецца ў Касцёле 7 кастрычніка 2024 года, у першую гадавіну буйнога тэрарыстычнага нападу групоўкі ХАМАС на Ізраіль.

 

“Каб прасіць праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі аб дары міру, у бліжэйшую нядзелю я адпраўлюся ў базіліку Санта-Марыя-Маджорэ, дзе памалюся святы Ружанец і звярнуся да Найсвяцейшай Панны з гарачай просьбай”, - сказаў Папа 2 кастрычніка 2024 года падчас святой Імшы на адкрыццё Сінода Біскупаў. Ён заклікаў удзельнікаў сінадальнага сходу па магчымасці далучыцца да яго.

 

“А на наступны дзень, 7 кастрычніка, я прашу ўсіх правесці Дзень малітвы і посту ў інтэнцыі міру ва ўсім свеце”, - дадаў Святы Айцец.

 

Дзень малітвы і посту ў інтэнцыі міру пройдзе па ініцыятыве Францішка ўжо не ў першы раз. У мінулыя гады такія духоўныя акцыі адбываліся ў кантэксце канфліктаў у Сірыі, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Паўднёвага Судана, Лівана, Афганістана, Украіны і Святой Зямлі.

 

Аляксандр Панчанка - Vatican News


3.10.2024

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier