Пошук

Каляндар

 
чацьвер
КАСТРЫЧНІКА
Сёньняшняе чытаньне:

У Астане завяршылася братэрская сустрэча каталіцкіх біскупаў Еўразіі, у якой бралі ўдзел іерархі з Беларусі  


У Астане завяршылася братэрская сустрэча каталіцкіх біскупаў Еўразіі, у якой бралі ўдзел іерархі з БеларусіСвятой Імшой у нядзелю 22 верасня ў сталіцы Казахстана Астане завяршылася сустрэча каталіцкіх біскупаў Еўразіі, у якой бралі ўдзел іерархі з васьмі постсавецкіх краін і Манголіі.


У сустрэчы на казахстанскай зямлі, якая мела менавіта братэрскі, а не афіцыйны характар, удзельнічалі біскупы з Азербайджана, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Манголіі, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана і Узбекістана.

 

Касцёл у нашай краіне на форуме прадставілі Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, а таксама намеснік Старшыні ККББ біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і Генеральны сакратар беларускага каталіцкага епіскапату біскуп Юрый Касабуцкі.

 

Падчас знаходжання ў Казахстане беларускія іерархі, якія ўсе з’яўляюцца выпускнікамі духоўнай семінарыі ў Гродне, наведалі магілу свайго былога паплечніка, найстарэйшага выпускніка гэтай навучальнай установы ксяндза Вацлава Паплаўскага, які нёс служэнне ў Казахстане і адышоў у вечнасць у 2020 годзе ва ўзросце 80-і гадоў.

 

21 верасня, у перадапошні дзень сустрэчы, калі ў Касцёле адзначалася свята святога Мацвея, апостала і евангеліста, удзельнікі сустрэчы біскупаў цэлебравалі святую Імшу ў катэдральным касцёле Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Астане. Цэлебрацыю, у якой браў удзел таксама Апостальскі нунцый у Казахстане арцыбіскуп Джордж Джордж Панамтхундзіл, узначаліў біскуп беларускага паходжання Кірыл Клімовіч з Іркуцка, а гамілію прамовіў арцыбіскуп Станеўскі. Разважаючы над пакліканнем Мацвея, Старшыня ККББ звярнуў увагу на неабходнасць няспынна маліць Пана жніва, каб паслаў новых работнікаў на сваё жніво, паколькі ў Касцёле востра адчуваецца недахоп святароў і кансэкраваных асобаў.

 

У Астане завяршылася братэрская сустрэча каталіцкіх біскупаў Еўразіі, у якой бралі ўдзел іерархі з БеларусіУ Астане завяршылася братэрская сустрэча каталіцкіх біскупаў Еўразіі, у якой бралі ўдзел іерархі з Беларусі

 

«Такое становішча існуе сёння таксама ў многіх краінах з багатай хрысціянскай традыцыяй, асабліва ў Еўропе. Гэтая праблема асабліва актуальная ў нашых Касцёлах, дзе на працягу некалькіх пакаленняў не было ўмоваў для нармальнай падрыхтоўкі святароў. У цяперашні час, дзякуючы набытай свабодзе веравызнання, больш не актуальныя пытанні пра тое, дзе і як рыхтаваць будучых святароў. Аднак мы бачым, што недастаткова мець семінарыю, будынак: неабходна мець кандыдатаў у святарства, гэта значыць тых, хто пачуў голас Пана, які кліча: „Ідзі за Мною“», — адзначыў арцыбіску Станеўскі, дадаўшы, што Бог не перастае клікаць і што Яго голас гучыць таксама ў ХХІ стагоддзі.

 

«Перад намі стаіць задача дапамагчы пакліканым пачуць Езуса»,— сцвердзіў беларускі іерарх, зазначыўшы, што гэта адказнасць біскупаў, святароў, сем’яў і ўсяго Божага народа.

У нядзелю 22 верасня, якая стала апошнім днём сустрэчы, у катэдры Астаны з удзелам іерархаў з дзевяці краін Еўразіі адбылася цэлебрацыя, якую ўзначаліў Апостальскі прэфект Улан-Батара ў Манголіі кардынал Джорджо Марэнга.

 

Напрыканцы святой Імшы ён звярнуўся са словам да ўдзельнікаў сустрэчы і ўсіх сабраных у святыні.

 

«Дарагія браты ў біскупстве гэтай вялікай часткі свету, цудоўна быць тут, бо мы адчуваем сябе адным у Хрысце. У гэтым вялікім стэпе, які фізічна яднае свет — Усход і Захад — вучні Хрыста, як вы сёння, з’яўляюцца насеннем міра і дабра. Магчыма, нас, якія з’яўляемся членамі Хрыстовага Касцёла, не вельмі шмат у гэтай частцы свету, але мы нібы закваска, нібы парастак, як Святы Айцец сказаў вам, біскупам, некалькі гадоў таму. Важна, каб мы штодзённа падтрымлівалі і падмацоўвалі свежасць веры ў Езуса Хрыста, якую мы прынялі

 

Гэтая частка свету, у якой мы жывем, можа адыграць і ўжо адыгрывае важную ролю, і мы жадаем зрабіць свой унёсак у гэта як веруючыя ў Хрыста. Калі праз некалькі дзён я сустрэнуся са Святым Айцом у Рыме на Сінодзе, я занясу яму таксама прыгажосць нашай камуніі ў Цэнтральнай Азіі»,— паабяцаў кардынал Марэнга.

 

На заканчэнне ён на мангольскай мове сказаў мангольскую прымаўку: «Хмары праходзяць, а неба застаецца», падкрэсліўшы, што вера павінна трываць, нягледзячы ні на што.

 

Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Каталіцкая інфармацыйная служба Цэнтральнай Азіі / Catholic.by


23.09.2024

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier