Пошук

Каляндар

 
чацьвер
КАСТРЫЧНІКА
Сёньняшняе чытаньне:

Папа Францішак наведаў Тунэль сяброўства ў Джакарце  


Папа Францішак наведаў Тунэль сяброўства ў Джакарце5 верасня 2024 года Францішак наведаў так званы Тунэль сяброўства ў сталіцы Інданезіі Джакарце, дзе выступіў з прамовай пра важнасць міжрэлігійнага дыялогу і братэрства.

 

Тунэль сяброўства злучае мячэць Істыкляль, найбуйнейшую ў Паўднёва-Усходняй Азіі, з каталіцкім катэдральным касцёлам. Ён быў пабудаваны як сімвал міжрэлігійнай гармоніі ў Інданезіі, краіне з найбольшай колькасцю мусульманскага насельніцтва ў свеце.

 

У сваім выступленні Папа падкрэсліў сімвалічнае значэнне Тунэлю. Ён адзначыў, што звычайна тунэлі атаясамліваюцца з цёмнымі шляхамі, але гэты, наадварот, напоўнены святлом. Пантыфік падкрэсліў, што менавіта людзі, якія праходзяць праз яго, з'яўляюцца крыніцай гэтага святла, дзякуючы сваім сяброўству, гармоніі і ўзаемнай падтрымцы.

 

Святы Айцец заклікаў прадстаўнікоў розных рэлігійных традыцый дапамагаць усім праходзіць праз "тунэлі жыцця" з вачыма, накіраванымі на святло. Ён падкрэсліў важнасць братэрства і павагі да ідэнтычнасці іншых, заахвочваючы да супольнага шляху, які вядзе да святла.

 

Францішак падзякаваў тым, хто працуе на карысць гармоніі і міру, і выказаў спадзяванне на тое, што рэлігійныя супольнасці Інданезіі будуць усё больш і больш адкрытыя да міжрэлігійнага дыялогу і стануць сімвалам мірнага суіснавання.

 

Напрыканцы сваёй прамовы Папа памаліўся Богу Стварыцелю, каб Ён благаславіў усіх, хто будзе праходзіць праз гэты Тунэль у духу сяброўства, гармоніі і братэрства.

 

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News


5.09.2024

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier