Пошук

Каляндар

 
чацьвер
КАСТРЫЧНІКА
Сёньняшняе чытаньне:

Папа Францішак распачаў вялікае апостальскае падарожжа па Азіі і Акіяніі  


Папа Францішак распачаў вялікае апостальскае падарожжа па Азіі і Акіяніі2 верасня Папа Францішак выправіўся ў сваё 45-е апостальскае падарожжа, падчас якога наведае чатыры краіны Азіі і Акіяніі: Інданэзію, Папуа-Новую Гвінею, Усходні Тымор і Сінгапур.


Як адзначае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, гэта будзе адно з самых працяглых і геаграфічна разнастайных падарожжаў Папы Францішка, якое працягнецца да 13 верасня.

 

У панядзелак у 16.40 Пантыфік пакінуў сваю рэзідэнцыю ў ватыканскім Доме святой Марты. У 17.10 ён ужо быў у міжнародным аэрапорце Ф’юмічына, які знаходзіцца ў 29-і кіламетрах ад Ватыкана. У 17.32 папскі самалёт вылецеў з Рыма.

 

Пры адлёце Пантыфіка прысутнічаў пастыр дыяцэзіі Порта-Санта Руфіна, біскуп Джанрыко Руца, у пастырскай юрысдыкцыі якой знаходзіцца рымскі міжнародны аэрапорт.

 

Падчас 13-гадзіннага пералёту ў Джакарту на борце самалёта Папа Францішак прывітаў журналістаў, якія будуць асвятляць яго падарожжа, і сфатаграфаваўся з экіпажам самалёта. Самалёт Папы праляцеў над 12-ю краінамі, у тым ліку над Турцыяй, Іранам, Пакістанам і Індыяй. Агульная адлегласць палёту склала 11 354 кіламетра.

 

Як паведаміла англійская рэдакцыя парталу Vatican News, папскі рэйс прыбыў у міжнародны аэрапорт Джакарты прыкладна ў 11.19 па мясцовым часе, на некалькі хвілін раней запланаванага.

Пасля прызямлення Святы Айцец быў цёпла сустрэты ў сталіцы Інданэзіі.

 

Паколькі Джакарта знаходзіцца ў часавым поясе, дзе розніца з Рымам складае плюс 5 гадзін, увесь аўторак Святы Айцец будзе адпачываць, праходзячы акліматызацыю. У гэты дзень не запланавана ніякіх публічных мерапрыемстваў. У сераду Папа Францішак будзе мець некалькі сустрэч у сталіцы Інданэзіі.

 

Святы Айцец правядзе ў Джакарце тры ночы, перш чым працягне свой азіяцкі візіт, самы працяглы за ўвесь час свайго пантыфікату. У кожнай краіне Папу будуць вітаць кардыналы, трое з якіх былі прызначаны самім Папам Францішкам, стаўшы першымі кардыналамі ў гісторыі сваіх краін.

 

Інданэзія, самая густанаселеная мусульманская краіна ў свеце, складаецца з мноства выспаў, на якіх пражываюць розныя плямёны і этнічныя групы з разнастайнымі мовамі і культурамі.

Да Папы Францішка краіну наведалі двое Пантыфікаў: Павел VI у 1970 годзе і Ян Павел ІІ у 1989 годзе.

 

Гэты Апостальскі візіт у Паўднёва-Усходнюю Азію Папа Францішак планаваў здзейсніць яшчэ да пачатку пандэміі.

 

Паводле: Vatican News / Catholic.by


3.09.2024

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier