20 ліпеня на фартах у Навумавічах каля Гродна адбыліся ўрачыстасці, прысвечаныя 81-й гадавіне мучаніцкай смерці благаслаўлёнай Мар'яны Бярнацкай і іншых мучанікаў Другой сусветнай вайны.
У гэтым месцы з 13 па 16 ліпеня 1943 г. былі расстраляны гітлераўцамі больш за 3 тысячы чалавек, сярод якіх інтэлігенцыя, дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, духоўныя асобы, у тым ліку капелан сясцёр назарэтанак і прэфект школ кс. Юстын Скакоўскі, вікарый гродзенскай фарнай парафіі кс. Казімір Шыпіла, гвардыян гродзенскага францішканскага кляштара а. Дыянізій Клімчак.
Благаслаўлёная Мар’яна Бярнацкая, якая паходзіла з Ліпска над ракой Бебжай (сёння Польшча), аддала жыццё за цяжарную нявестку і яе будучае дзіця. Мар’яну расстралялі разам з сынам сярод 48 жыхароў Ліпска і Гродна.
У лесе, які бачыў падзеі Другой сусветнай вайны і захоўвае праўду аб тых трагічных хвілінах, у межах урачыстасцяў адбылася святая Імша, якую ўзначаліў пробашч гродзенскай катэдральнай парафіі св. Францішка Ксаверыя кс. канонік Ян Кучынскі.
На Эўхарыстыі сабраліся святары, законныя сёстры і шматлікія вернікі. Прысутнічаў таксама Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.
У гаміліі кс. Ян Кучынскі падкрэсліў гераізм мучанікаў нашай зямлі, сярод якіх была благаслаўлёная Мар’яна Бярнацкая, ад якой асаблівым чынам трэба вучыцца любові на практыцы і прасіць яе быць для нас настаўнікамі любові – любові ў нашых сем’ях і супольнасцях.
На Эўхарыстыі ўдзельнікі маліліся за сваю краіну, каб у ёй панаваў жаданы мір, і за ўсе сем’і, каб яны на ўзор благаслаўлёнай Мар’яны былі здольныя на ўзаемнае служэнне, самапрысвячэнне і ахвяру. Акрамя таго, маліліся аб міры ва ўсім свеце і ў кожнай сям’і.
Прысутныя таксама падтрымалі ахвяраваннямі будаўніцтва касцёла бл. Мар’яны Бярнацкай у гродзенскім мікрараёне Баранавічы, за што вернікі маладой парафіі вельмі ўдзячныя і будуць аддаваць доўг сваёй удзячнасці малітвай.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі
Фота: Артур Антушэвіч, https://grodnensis.by/