Пошук

Каляндар

 
чацьвер
КАСТРЫЧНІКА
Сёньняшняе чытаньне:

Ерузалем: сенсацыйная знаходка ў святыні Гроба Пана  


Ерузалем: сенсацыйная знаходка ў святыні Гроба ПанаЗа пакрытай графіці сцяной у святыні Гроба Пана ў Ерузалеме група даследчыкаў выпадкова выявіла самы вялікі з вядомых сярэднявечных алтароў.


Як паведаміла 16 ліпеня каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, алтар крыжацкіх часоў шырынёй 3,5 метра, які быў пасвячаны ў 1149 годзе, на працягу дзесяцігоддзяў лічыўся страчаным.

Падчас рэстаўрацыйных прац археолаг Аміт Рэем з Ізраільскага ўпраўлення па справах старажытнасцяў і гісторык Ілля Беркавіч з Аўстрыйскай акадэміі навук выявілі за каменнай плітой вагой у некалькі тон мармуровы алтар, на фасадзе якога турысты «ўвекавечылі» сябе графіці.

 

Адкрыццё стала сенсацыяй для гісторыкаў, заявілі ў Аўстрыйскай акадэміі навук.

 

Той факт, што нешта «настолькі важнае магло так доўга ляжаць незаўважаным у аб’екце, які так інтэнсіўна даследуецца», стаў поўнай нечаканасцю для ўсіх удзельнікаў, — адзначыў у паведамленні для прэсы Ілля Беркавіч, гісторык з Інстытута вывучэння Габсбургскай манархіі і Балканскага рэгіёну Аўстрыйскай акадэміі навук. Адваротны бок графіці, упрыгожаны стужкавым арнаментам, быў хутка ідэнтыфікаваны як фасад калісьці велічнага сярэднявечнага алтара крыжацкіх часоў.

 

Пасля таго, як крыжакі захапілі Святы горад, святыня Гроба Пана была нанава пасвячана ў 1149 годзе як «адна з найвялікшых святыняў у хрысціянскім свеце» пасля стагоддзяў мусульманскага панавання. У яе цэнтры быў усталяваны новы галоўны алтар у раманскім стылі.

 

«Нам вядомыя паведамленні пілігрымаў XVI, XVII і XVIII стагоддзяў, якія апавядалі пра велічны мармуровы алтар у Ерузалеме», — сказаў Ілля Беркавіч. Пасля моцнага пажару ў раманскай частцы святыні Гроба Пана ў 1808 года «алтар знік з інфармацыйнай прасторы».

 

Новыя адкрыцці паказваюць, што галоўны алтар мае раней невядомую сувязь паміж Рымам і хрысціянскай дзяржавай у Ерузалеме, тлумачыць аўстрыйскі даследчык.

 

У Сярэднявеччы спецыяльнай тэхнікай вырабу мармуровых алтарных дэкораў валодалі выключна цэхавыя майстры Папскага Рыма. Яны сколвалі невялікую колькасць каштоўнага мармуру са старажытных будынкаў. Кавалачкі мармуру потым выкарыстоўваліся для стварэння геаметрычных узораў і яркіх арнаментаў на каменных асновах.

 

За межамі Італіі толькі адзін твор такога роду быў знойдзены ў Вэстмінстэрскім абацтве ў Лондане. «Алтар майстроў-касмаці (скульптараў, якія спецыялізаваліся ў мастацтве дэкаратыўнай геаметрычнай мазаікі), які быў зноў адкрыты ў Ерузалеме, таксама павінен быў быць створаны з дапамогай Папы», — заключае даследчык з Аўстрыі. Паслаўшы аднаго з майстроў у Ерузалем, каб замовіць яму стварэнне алтара, Святы Айцец пацвердзіў вялікае значэнне горада для хрысціянства. «Такім чынам Папа ўшанаваў найбольшую святыню ў хрысціянстве», — адзначыў Ілля Беркавіч. Гісторык спадзяецца, што далейшыя даследаванні ў папскіх архівах дазволяць выявіць падрабязнасці гісторыі стварэння алтара, а таксама асобу майстра-касмаці.

 

Паводле: КАІ / Catholic.by


17.07.2024

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier