У той час, калі так шмат людзей знаходзяцца ў палоне страху перад будучыняй, на Касцёл ускладзена місія абвяшчаць Езуса Хрыста, “нашу надзею”, заўсёды, усюды і ўсім, - сказаў Пантыфік.
28 чэрвеня 2024 года Францішак прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю Канстанцінопальскага Патрыярхату. Яна прыбыла на святкаванне ўрачыстасці святых Пятра і Паўла, нябесных апекуноў Рыма, якая будзе адзначацца 29 чэрвеня.
Адзінства ў разнастайнасці
“Ваш візіт з гэтай нагоды, а таксама скіраванне маёй дэлегацыі ў Фанар на свята святога Андрэя, брата Пятра, даюць магчымасць спазнаць радасць братэрскай сустрэчы і засведчыць глыбокія повязі, якія лучаць братэрскія Рымскую і Канстанцінопальскую Цэрквы, з цвёрдай рашучасцю разам рухацца наперад да аднаўлення адзінства, да якога нас можа весці толькі Святы Дух – адзінства ў законнай разнастайнасці”, - сказаў ён.
60-годдзе гістарычнай сустрэчы Папы Паўла VI і Патрыярха Афінагора
Францішак нагадаў, што “гэты шлях збліжэння і прымірэння атрымаў новы імпульс пасля сустрэчы Папы Паўла VI і Усяленскага Патрыярха Афінагора, якая адбылася 60 гадоў таму ў Іерусаліме”. “Пасля стагоддзяў узаемнага адчужэння гэта сустрэча стала знакам вялікай надзеі, якая не перастае натхняць сэрцы і думкі многіх людзей, прагнучых сёння з Божай дапамогай дасягнуць таго дня, калі мы зможам разам раздзяліць эўхарыстычную вячэру”, - дадаў Папа.
Пантыфік адзначыў, што дзесяць гадоў таму разам з Патрыярхам Барталамеем яны святкавалі ў Іерусаліме паўвекавы юбілей гэтай гістарычнай падзеі. “Менавіта там, дзе наш Пан Езус Хрыстус памёр, уваскрос з памерлых і ўзнёсся на неба, і дзе Святы Дух упершыню сышоў да вучняў, мы пацвердзілі наша абавязацельства працягваць ісці разам да адзінства, аб якім Хрыстус Пан маліўся да Айца, “каб усе былі адно””, - сказаў Святы Айцец.
Дыялог паміж Цэрквамі не пагражае цэласнасці веры
Папа нагадаў словы сумеснай з Канстанцінопальскім Патрыярхам заявы пра тое, што “дыялог паміж нашымі Цэрквамі не цягне за сабой ніякай пагрозы для цэласнасці веры, але, наадварот, з’яўляецца патрабаваннем, якое вынікае з вернасці Пану і вядзе да поўнай ісціны, праз абмен дарамі, пад кіраўніцтвам Святога Духа”. Ён выказаў падтрымку працы Міжнароднай сумеснай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнымі Цэрквамі, якая прынялася за вывучэнне далікатных гістарычных і багаслоўскіх пытанняў.
“Я спадзяюся, што пастыры і тэолагі, якія ўдзельнічаюць у гэтым шляху, выйдуць за рамкі чыста акадэмічных дыспутаў і будуць гатовы паслухмяна выслухаць тое, што Святы Дух кажа жыццю Царквы, а таксама, што, ужо даследаванае і ўзгодненае, знойдзе поўнае прыняцце ў нашых супольнасцях і месцах фармацыі”, - сказаў ён.
Малітва за мір і місія абвяшчаць Хрыста – нашу надзею
Згадваючы пра сустрэчу ў Іерусаліме ў 2014 годзе, Пантыфік заўважыў, што пасля яе ў Ватыканскіх садах адбылася малітва за мір з удзелам прэзідэнтаў Ізраіля і Палесціны. “Дзесяць гадоў таму цяперашняя гісторыя трагічным чынам паказвае нам неабходнасць і неадкладнасць сумеснай малітвы за мір, каб гэта вайна закончылася, каб кіраўнікі дзяржаў і бакі канфлікту знайшлі шлях да згоды і ўсе маглі прызнаць адзін аднаго братамі. Вядома, гэты заклік да міру распаўсюджваецца на ўсе бягучыя канфлікты, асабліва на вайну, якая вядзецца ў змучанай Украіне”, - дадаў Папа.
“У той час, калі так шмат людзей знаходзяцца ў палоне страху перад будучыняй, на Касцёл ускладзена місія абвяшчаць Езуса Хрыста, “нашу надзею”, заўсёды, усюды і ўсім”, - сказаў Пантыфік, падкрэсліваючы, што па гэтай прычыне вырашыў правесці Юбілей 2025 года пад дэвізам Пілігрымы надзеі.
Юбілей Нікейскага Сабора
“У 2025 годзе таксама будзе адзначацца 1700-годдзе Першага Усяленскага Нікейскага Сабора. Я спадзяюся, што памяць пра гэту найважнейшую падзею ўмацуе ва ўсіх веруючых у Хрыста Пана жаданне разам сведчыць пра веру і імкнуцца да большай еднасці. У прыватнасці, я радуюся таму, што Усяленскі Патрыярхат і Дыкастэрыя па спрыянні хрысціянскаму адзінству пачалі разважаць над тым, як разам адзначыць гэты юбілей; і я дзякую Яго Святасці Барталамею за запрашэнне адзначыць яго побач з месцам, дзе праходзіла пасяджэнне Сабора. Гэта падарожжа, якое я ад усяго сэрца хачу зрабіць”, - сказаў Папа.
Аляксандр Панчанка - Vatican News