АКАФІСТ святым апосталам Пятру і Паўлу – з «Падарожнай кніжкі» Францішка Скарыны
ДЗЕНЬ ІV (24.06)
Кандак 4 (Паўла)
Ты зьдзівіў жыхароў Дамаску, пачаўшы прапаведаваць ім веру ў Хрыста Ісуса, Богам пакліканы апостале Паўле. Бо яны казалі: “Ён раней перасьледаваў тых, што верылі ў імя Хрыстова, і прыйшоў сюды, каб, зьвязаўшы іх, аддаць на мукі. Дык як жа ж ён так раптам зьмяніўся? Ён годны сьмерці”. Ты ж, блаславёны, бачачы іхнюю бессардэчнасьць і асьляпленьне духоўнае, адышоў адтуль, спусьціўшыся па сьцяне ў кашолцы, і ўсклікнуў: Алілуя.
Ікас 4
Поўны руплівасьці, ты пачаў прапаведаваць ня толькі гэбраям, але і ўсім народам, каб ухіляліся ад служэньня Старому Закону і ад абрэзаньня, а сьпяшаліся да Боскага хрышчэньня. Ты стаўся для ўсіх выдатным настаўнікам. Дзеля гэтага клічам:
Радуйся, Паўле апостале, Богам пасланы на абвяшчэньне грэшнікам пакаяньня.
Радуйся, мілагучная труба, што абвясьціла сьвету збавенную навуку;
Радуйся, прапаведніку дабрадзейнасьці і дрэнных нораваў выкрывальніку.
Радуйся, міласэрны прыймальніку ўсіх, што да веры Хрыстовай прыходзяць;
Радуйся, выбраны посудзе, поўны багацьця духоўных вучэньняў;
Радуйся, карабель, што вязе груз пакаяньня;
Радуйся, бескарысьлівы лекару нядужых і хуткі пацяшыцелю сумных;
Радуйся, што паказваеш праўдзівы шлях для тых, што зблудзілі, і мудра навучаеш няўмекаў.
Радуйцеся, Пятро і Паўле, дзьве кветкі поўныя духмянасьці, што ніколі ня вянуць;
Радуйцеся вы, што ацаляеце духмянасьцю вашаю ўсялякае беззаконьне;
Радуйцеся, Богам пакліканыя дванаццаць апосталаў, пасланыя прапаведаваць валадарства Божае;
Радуйцеся, дванаццаць знакаў нябесных, што асьвятлілі ўсякі блуд на зямлі;
Радуйцеся, Пятро і Паўле, два вялікія сьветачы, устаноўленыя Хрыстом для ўсяго сьвету.
ДЗЕНЬ V (25.06)
Кандак 5 (Пятра)
Ты, дастойны апостале Пятро, быў пакліканы ад лоўлі рыбаў і клопатаў зямных, як пракарміць дзетак сваіх. Уверыўшы, ты пайшоў за Хрыстом, які накарміў пяцьцю хлябамі столькі ж тысяч народу, і яшчэ засталося дванаццаць кашоў астаткаў. Несучы разам з іншымі апосталамі гэтыя астаткі і абліваючыся потам, у зьдзіўленьні ты ўсклікнуў: Алілуя.
Ікас 5
Ты быў схоплены архіерэямі і старшынямі габрэйскімі, пабіты і ўкінуты ў вязьніцу разам з Хрысталюбым Янам; табе забаранілі ўспамінаць імя Ісуса і навучаць верыць у Яго. Ты ж, блаславёны Пятро апостале, узброіўшыся ў непахісную веру, перад іхнім зборышчам, быццам каменем з прашчы, прароцкімі словамі абвясьціў Госпада Ісуса; і адышоў ад іх, з радасьцю пацярпеўшы за Ісуса раны і насьмешкі. Дзеля гэтага і мы радасна пяём табе:
Радуйся, Пятро апостале, што хлусьлівыя навукі фарысэяў і садукеяў, быццам павуціну разадраў;
Радуйся ты, што даеш кульгавым ацаленьне і сьляпым зрок Божаю сілаю;
Радуйся ты, што пасьля Хрыста быў вялікім цудатворцам;
Радуйся ты, першапасадны вестуне перад магутнымі гэтага сьвету;
Радуйся, рыбаку добры, што ўлавіў сваімі сецямі ўвесь сусьвет;Радуйся, хуткі памочніку сьвятымі тваімі малітвамі для тых, што тонуць у пажаданьнях гэтага сьвету;
Радуйся, добры посудзе і чыстае селішча Духа Сьвятога;
Радуйся, нябесная раса, што дае ўсім, што прыходзяць да цябе, прахалоду ад грахоўнага агню;
Радуйцеся, два люстры, Пятро і Паўле, што паказваеце нам нябеснае жыльлё;
Радуйцеся, дзьве студні чыстыя, што абмываеце ўсякае беззаконьне;
Радуйцеся, выбраныя дванаццаць, пасланыя на абвяшчэньне ўсяму сьвету мук Хрыстовых;
Радуйцеся, дванаццаць залатых трубаў, што прагалошваеце запаветы Ісусавы;
Радуйцеся, Пятро і Паўле, два вялікія сьветачы, устаноўленыя Хрыстом для ўсяго сьвету.