Пасля публікацыі прапаноў Святога Пасада аб экуменічным прымаце Папы, кардынал Курт Кох, прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству, спадзяецца на далейшую станоўчую рэакцыю з боку Цэркваў.
У інтэрв’ю аўстрыйскаму каталіцкаму агенцтву Kathpress швейцарскі іерарх патлумачыў, што дакумент адкрывае магчымасць таго, што “папская пасада, якая доўгі час лічылася найвялікшай перашкодай для хрысціянскага адзінства, цяпер стане значнай магчымасцю для прасоўвання гэтага адзінства і зробіць яго больш прыкметным”.
Кардынал Кох лічыць, што паўсюднае ганаровае першынство Пантыфіка было б прасцей за ўсё прыняць Праваслаўным Цэрквам. Ужо ў першым тысячагоддзі яны прызнавалі Біскупа Рыма як primus inter pares (першым сярод роўных). Ён спадзяецца, што будзе знойдзены спосаб, пры якім і іншыя хрысціянскія Цэрквы “не адчуюць сябе выключанымі”.
“Прапановы Рыма былі наўмысна сфармуляваны вельмі далікатна”, - прызнаўся іерарх. У іншых Цэркваў “не павінна стварацца ўражанне, што мы ўжо маем гатовую праграму і хочам яе ім навязаць”. Дакумент характарызуецца пазіцыяй: “Вось нашы прапановы, цяпер мы чакаем вашай рэакцыі, але поўнай праграмы пакуль няма”.
У той жа час прэфект падкрэсліў, што прапанаванае новае разуменне прымату Папы для хрысціянскіх Цэркваў не можа быць простым ганаровым старшынствам без паўнамоцтваў. Такое ганаровае старшынства "спрацуе толькі ў добрае надвор'е". Патрэбны паўнамоцтвы, каб запрашаць людзей на сумесныя сустрэчы і браць на сябе ролю мадэратара ў выпадку канфлікту. Па сутнасці, Папа ўжо сёння адыгрывае асаблівую ролю, што было прадэманстравана на такіх мерапрыемствах, як Сусветная малітва за мір у Асізі.
Кардынал ускладае вялікія надзеі на гадавіну Нікейскага Сабора, які адбыўся ў 325 годзе. 1700 гадоў таму ён устанавіў вызнанне веры, якое і сёння з'яўляецца абавязковым амаль для ўсіх хрысціянскіх Цэркваў. Па словах іерарха, мэта – арганізаваць сумесную сустрэчу ў чэрвені 2025 года, хоць пакуль незразумела, ці пагодзіцца на гэта ўрад Турцыі, на тэрыторыі якой зараз знаходзіцца горад.
Кох не захацеў называць часовыя рамкі бліжэйшых крокаў па рэалізацыі экуменічнага ганаровага першынства Пантыфіка. Ён патлумачыў: “Я зразумеў, што браць на сябе абавязацельствы па часе ў экуменічных працэсах бескарысна, і ўжо дакладна не ў аднабаковым парадку. Сапраўдным распарадчыкам экуменізму ў любым выпадку з’яўляецца Дух Святы. Аднак я не ведаю яго дакладнага раскладу, як і магчымых сюрпрызаў ад Папы Францішка”.
На мінулым тыдні, 13 чэрвеня 2024 года, у Ватыкане быў апублікаваны дакумент аб ролі Біскупа Рыма. У ім утрымліваюцца прапановы па новым разуменні і іншым ажыццяўленні папскага служэння, згодна з якімі Папа ў будучыні можа быць прыняты ў якасці ганаровага кіраўніка іншых хрысціянскіх Цэркваў. У тэксце, які ўхваліў Папа Францішак, прапануецца некалькі далёка ідучых для Каталіцкага Касцёла змен. Новае разуменне і іншае ажыццяўленне папскага прымату павінна “паспрыяць аднаўленню хрысціянскага адзінства”.
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News