Пошук

Каляндар

 
чацьвер
КАСТРЫЧНІКА
Сёньняшняе чытаньне:

Рым: новы фармат святкавання ўрачыстасці святых Пятра і Паўла  


Рым: новы фармат святкавання ўрачыстасці святых Пятра і ПаўлаМалітоўнае чуванне, пілігрымка і тэатральны спектакль – галоўныя падзеі сёлетняга трохдзённага святкавання ўрачыстасці святых апосталаў Пятра і Паўла ў Рыме.

 

Мерапрыемствы ў гонар нябесных апекуноў Вечнага горада былі падрыхтаваны сумесна вікарыятам Рымскай дыяцэзіі, Дзяржавай Ватыкан, Міністэрствам культуры Італіі, адміністрацыяй Рыма і спартыўнай асацыяцыяй Panathlon International.

 

Святкаванні распачнуцца малітоўным чуваннем, якое пройдзе ўвечары 28 чэрвеня 2024 года у ватыканскай базіліцы.

 

На наступны дзень, 29 чэрвеня, ва ўрачыстасць святых Пятра і Паўла, пілігрымы, турысты, аматары гісторыі, вернікі, сем’і запрашаюцца здзейсніць пілігрымку па месцах, звязаных з прысутнасцю апосталаў у Рыме. На сайце ініцыятывы даступны некалькі маршрутаў, якія ўключаюць наведванне розных касцёлаў і археалагічных зон. Пачаць шлях прапануецца з Апіевай дарогі – па якой святы Пётр спрабаваў уцячы з Рыма падчас ганенняў Нерона, і па якой у Вечны горад прыйшоў святы Павел, – а завяршыць каля абеліску на плошчы святога Пятра ў Ватыкане, які з’яўляецца маўклівым сведкам мучаніцтва Князя Апосталаў. На заканчэнне духоўнай вандроўкі кожны ўдзельнік атрымае памятны падарунак – невялікі рымскі каменьчык “санпятрына”, благаслаўлёны Папам Францішкам. Арганізатары пілігрымкі плануюць, што такое наведванне месцаў, звязаных з дзейнасцю святых Пятра і Паўла ў Рыме, стане штогадовай традыцыяй.

 

Увечары ў нядзелю 30 чэрвеня ў атрыюме базілікі святога Пятра адбудзецца тэатральная пастаноўка, якая перанясе гледачоў на вуліцы Рыма тых гадоў, калі апосталы хадзілі па іх разам. Тэкст спектаклю, вельмі рымскі па сваёй культуры і духу, быў напісаны італьянскім акцёрам, рэжысёрам і тэлевядучым Мікеле Ля Джынестрам, які выканае ролю святога Пятра. Святога Паўла сыграе Аўгуста Фарнары. Музыку напісаў Эмануэле Фрыела.

 

“Галоўная ідэя заключаецца ў тым, каб вярнуць Рыму прысутнасць яго апекуноў, якія надаюць характар паўсюднасці гэтаму гораду: тут Пётр і Павел жылі і пакінулі сляды”, - патлумачыў айцец Анджэла Стоя, пробашч ватыканскай базілікі.

 

Аляксандр Панчанка - Vatican News


18.06.2024

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier