Пошук

Каляндар

 
чацьвер
КАСТРЫЧНІКА
Сёньняшняе чытаньне:

ПАПА ФРАНЦІШАК УШАНАВАЎ ПАПУ БЭНЭДЫКТА ХІІІ, ЯКІ ПРЫНЯЎ РАШЭННЕ АБ КАРАНАВАННІ ЖЫРОВІЦКАЙ ІКОНЫ БАГАРОДЗІЦЫ  


ПАПА ФРАНЦІШАК УШАНАВАЎ ПАПУ БЭНЭДЫКТА ХІІІ, ЯКІ ПРЫНЯЎ РАШЭННЕ АБ КАРАНАВАННІ ЖЫРОВІЦКАЙ ІКОНЫ БАГАРОДЗІЦЫ19 (8) верасня 1730 г. адбылося каранаванне Жыровіцкай Іконы Багародзіцы папскімі каронамі. Папам Рымскім быў тады Клімент ХІІ (12.VII.1730 - 6.ІІ.1740). Але рашэнне "узлажыць на галаву Богадзіцяці Ісуса і Багародзіцы Дзевы ў г. Жыровіцах, у царкве айцоў ордэна св. Васіля, залатыя кароны" было прынята яшчэ ў 1726 годзе (А. Соніч), у час пантыфікату Папы Бэнэдыкта ХІІІ (29.V.1724-21.ІІ.1730).

 

Ад 2010 года, калі адзначалася 280 год каранавання Жыровіцкай Іконы Багародзіцы, беларускія грэка-католікі (асабліва парафія Маці Божай Жыровіцкай ў Івацэвічах) ушаноўваюць памяць Слугі Божага папы Бэнэдыкта ХІІІ. Адбыліся і пілігрымкі (авія-пілігрымкі) да месца ягонага нараджэння ў Gravina in Puglia.

 

***

 

ПАПА ФРАНЦІШАК УШАНАВАЎ ПАПУ БЭНЭДЫКТА ХІІІ, ЯКІ ПРЫНЯЎ РАШЭННЕ АБ КАРАНАВАННІ ЖЫРОВІЦКАЙ ІКОНЫ БАГАРОДЗІЦЫФранцішак скіраваў пасланне з нагоды святкавання 300-годдзя абрання на Пасад святога Пятра П’ера Франчэскі Арсіні – Папы Бэнэдыкта XIII, якое праходзіць на радзіме гэтага Пантыфіка, у Гравіна-ін-Пулья на поўдні Італіі.

 

Святы Айцец асаблівым чынам падкрэсліў пакору Бэнэдыкта XIII, яго любоў да бедных і непрыняцце ім свецкага ладу жыцця і кар’ерызму. Гэта быў чалавек малітвы, які правёў першы тры дні пасля свайго абрання Біскупам Рыма ў глыбокай малітоўнай цішы, - нагадаў Францішак.

 

Папскае пасланне было прачытана 29 мая 2024 года на заканчэнне святой Імшы, якую кардынал Марчэла Сэмерара, прэфект Дыкастэрыі па справах кананізацыі, цэлебраваў у мясцовай базіліцы Маці Божай Унебаўзятай. Менавіта ў гэтым старажытным храме развівалася пакліканне будучага дамініканіна, кардынала, біскупа і Пантыфіка.

 

П’ер Франчэска Арсіні паходзіў з заможнага арыстакратычнага роду, быў першынцам у сям’і і меў перад сабой добрыя кар’ерныя перспектывы, але адважыўся пакінуць усё і пайсці за Хрыстом, уступіўшы ў Ордэн прапаведнікаў. Праз год пасля прэзбітэрскага пасвячэння ён з паслухмянасці пагадзіўся стаць членам Калегіі кардыналаў і прыняць біскупскае прызначэнне, - нагадаў Святы Айцец.

 

Замест таго, каб супраціўляцца або дастасавацца да мірскога ладу жыцця свайго часу, Арсіні ўзрошчваў у сабе мару стаць пастырам статку, ператвараючы такім чынам унутраны супраціў у магчымасць. Ён разумеў, што Божы Провід дае яму нагоду стаць паслухмяным інструментам для адраджэння Касцёла душаў, - патлумачыў Францішак, нагадваючы, што ў далейшым П’ер Франчэска Арсіні не шкадаваў сіл дзеля духоўнага абнаўлення духавенства і вернікаў дыяцэзій, давераных яго пастырскай апецы.

 

Надзелены “дальнабачным розумам” і “высокай культурай”, ён вылучаўся ў першую чаргу “сваім пастырскім клопатам і дабрынёй сэрца”, - напісаў Папа, выказваючы пажаданне, каб гэта духоўная спадчына змагла адрадзіць у вернікаў італьянскай дыяцэзіі Гравіна такую самую любоў, якую іх выбітны зямляк меў да Касцёла і бедных, абуджаючы пачуцці поўнага любові спачування да бліжняга.

 

Аляксандр Панчанка - Vatican News


31.05.2024

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier