«Працягвай прыносіць радасць і еднасць людзям»: нунцый Антэ Ёзіч удзяліў біскупскае пасвячэнне каад’ютару Гродзенскай дыяцэзіі Уладзіміру Гуляю
У суботу 25 мая ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя ў Гродне адбылося біскупскае пасвячэнне біскупа каад’ютара Гродзенскай дыяцэзіі Уладзіміра Гуляя.
Галоўным пасвячаючым біскупам новага беларускага іерарха быў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч, для якога Уладзімір Гуляй стаў першым пасвячаным біскупам у пастырскім служэнні харвацкага іерарха, прадстаўніка Папы Францішка ў нашай краіне. Асістуючымі пры пасвячэнні біскупамі былі Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і першы Гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч, наступнікам якога пасля завяршэння яго пастырскага служэння стане ноавапасвячаны біскуп: менавіта гэта азначае яго тытул «каад’ютар».
Гістарычная падзея сабрала ў гродзенскай катэдральнай базыліцы вялікую колькасць духавенства і вернікаў з усёй Беларусі.
Асабліва шмат людзей было з Ліды, дзе біскуп Гуляй больш за 20 гадоў нёс душпастырскае служэнне як пробашч лідскай фарнай парафіі Узвышэння Святога Крыжа. Папярэдняе біскупскае пасвячэнне ў галоўнай святыні Гродзенскай дыяцэзіі адбылося больш за дзесяць гадоў таму, калі паўнату сакрамэнту святарства тут прыняў біскуп Юзаф Станеўскі.
На пачатку ўрачыстай цэлебрацыі яе ўдзельнікаў сардэчна прывітаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Словы прывітання ён скіраваў перадусім прысутным іерархам: нунцыю Ёзічу, арцыбіскупу Станеўскаму, арцыбіскупу эмэрыту Тадэвушу Кандрусевічу, біскупам Казіміру Велікасельцу, Юрыю Касабуцкаму і Аляксандру Яшэўскаму, дапаможнаму біскупу архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве біскупу Мікалаю Дубініну, а таксама Апостальскаму адміністратару для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыту Сяргею Гаеку, прадстаўнікам дыпламатычнага корпусу, дзяржаўных і мясцовых уладаў, перадуім Упаўнаважанаму па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандру Румаку, прадстаўніку Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэю Аляксандру Хомбаку, пастыру гродзенскай лютэранскай супольнасці Уладзіміру Татарнікаву, святарам, якіх сабралося больш за паўтары сотні, семінарыстам, кансэкраваным асобам, бацькам Уладзіміра Гуляя Марыі-Дануце і Юрыю, яго родным і ўсім удзельнікам урачыстай святой Імшы.
Пастыр Касцёла Гродзенскай дыяцэзіі падзякаваў Святому Айцу Папу Францішку за прызначэнне біскупа каад’ютара і з выразам сыноўскай паслухмянасці Пантыфіку папрасіў яго прадстаўніка ў Беларусі ўзначаліць цэлебрацыю.
На заканчэнне Літургіі слова, чытанні для якой выбраў сам новапрызначаны біскуп, прагучаў Гімн Святому Духу, пасля чаго двое святароў Гродзенскага прэзбітэрыя — ксёндз доктар Віталій Сідорка і ксёндз Ігар Анісімаў, — якія асіставалі біскупу намінату, звярнуліся да галоўнага пасвячаючага біскупа з просьбай аб удзяленні яму біскупскага пасвячэння. Была прачытана намінацыйная була Папы Францішка ад 5 красавіка 2024 года, у якой пастыр паўсюднага Касцёла, звяртаючыся да Уладзіміра Гуляя, між іншым, напісаў:
«Паколькі Вялебны брат Аляксандр Кашкевіч, Гродзенскі біскуп лацінскага абраду, з-за свайго паважнага ўзросту і дзеля духоўнага дабра давераных яму душаў, якога ён дзейсна жадае, папрасіў аб каад’ютары ў біскупскім кіраванні, Мы ахвотна схіляемся да ягонай просьбы і, зважаючы на твае здольнасці і чалавечыя якасці, таленты і дасведчанасць, лічым цябе годным да выканання гэтага больш важнага абавязку. Таму Мы, беручы пад увагу меркаванне Дзяржаўнага Сакратарыяту і параіўшыся з Дыкастэрыяй па справах Біскупаў, Нашай Апостальскай уладаю, згодна з нормамі кананічнага права, мянуем цябе біскупам каад’ютарам Гродзенскай дыяцэзіі лацінскага абраду».Святы Айцец дадаў, што даручае служэнне біскупа Гуляя і «ўсю дыяцэзію апецы Найсвяцейшай Панны Марыі і заступніцтву святога Юзафа, каб яны выпрасілі для біскупа Гродзенскай дыяцэзіі лацінскага абраду, для цябе, духавенства і хрыстовых вернікаў Божае спрыянне і ласкі». Прачытаная була, паводле прадпісання, была паказана Апостальскаму нунцыю і ўсім прысутным.
Нунцый Ёзіч прамовіў гамілію, у якой, каментуючы прачытаныя ўрыўкі са Святога Пісання, перадусім заахвоціў новага біскупа не баяцца выклікаў гэтага служэння. «Дарагі браце, сёння ў абрадзе біскупскага пасвячэння ты атрымаеш пастарал, які сімвалізуе моц і упэўненасць, якімі ты павінен будзеш карыстацца, калі будзеш пакліканы ўзначаліць сваю Дыяцэзію. <…> Твой пастарал мае менавіта форму посаха. Рука, якая яго трымае, азначае твой клопат і блізкасць да статку», — падкрэсліў галоўны пасвячаючы біскуп.
Асаблівую ўвагу ён звярнуў на заданне пастыра быць «прыладай еднасці паміж Богам і ўсім чалавечым родам.
Еднасць — гэта адметная рыса біскупа, якая яднае і ўзбагачае паству, злучае яе з Панам. Еднасць азначае быць разам з Хрыстом. Тоеснасць біскупа выяўляецца менавіта ў еднасці са Святым Айцом, якая з’яўляецца падмуркам еднасці паміж біскупам і вернікамі», — сцвердзіў Апостальскі нунцый, заклікаўшы наміната быць «пастырам сваім жыццём, сваімі словамі, сваёй блізкасцю да людзей».
«Ты заўсёды пакліканы ўспрымаць усіх як братоў і сясцёр, якім трэба служыць. Пастыр павінен служыць так, як Хрыстус служыў свайму Касцёлу. Таму старайся заўсёды быць блізкім і ўважлівым да патрэбаў кожнага свайго дыяцэзіяльнага і манаскага святара, кожнага верніка Гродзенскай дыяцэзіі.
Ты зможаш выконваць гэтае пастырскае служэнне, захоўваючы як скарб гісторыю ласкаў, якія Пан даў табе праз тваіх бацькоў у родным доме. Шануючы карані, якія залягаюць у зямлі гэтай дыяцэзіі, ты таксама зможаш абапірацца на свае веды і досвед, назапашаныя за гады душпастырства ў Лідзе і выкладання ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Тыя дары, якімі ўзбагаціў цябе Пан, ты часта выкарыстоўваў, каб несці радасць моладзі і ў гульні, і ў спеве. Працягвай прыносіць радасць і еднасць людзям, якіх сустракаеш на сваім касцёльным і грамадскім шляху», — пажадаў нунцый Ёзіч намінату, заахвоціўшы яго шмат маліцца за даручаную яму паству і няспынна «заставацца ў Хрысце», трываючы ў Яго любові.
«Дэвіз, які ты выбраў з Другога Паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў — „Хопіць табе Маёй ласкі“ — дасць табе падтрымку ў слабасцях, знявагах, цяжкасцях, пераследах, у цярпенні за Хрыста: „Бо, калі мы слабыя, тады мы моцныя“», — сцвердзіў Апостальскі нунцый.
Сваю гамілію галоўны пасвячаючы біскуп завяршыў словамі з верша народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, якія, паводле нунцыя Ёзіча, апісваюць пасвячэнне і новае біскупскае служэнне:
Не забудзься, што кожны Твой крок на прыкмеце. Множ дабро колькі моцы, Не лічачы множ. Прышануй цішыню Ў гэтым стомленым свеце, Каб пачуць, як ступае Хрыстос басанож.
З мора смутку свайго Давярайся прылівам. Будзе шлях твой з выгнання Салодкім ад слёз. Сам сябе пацярпі Ў гэтым свеце цярплівым, Каб у сэрцы тваім Нарадзіўся Хрыстос.
Пасля гаміліі адбыўся прадугледжаны абрадам дыялог паміж галоўным пасвячаючым біскупам і намінатам, у якім апошні выказаў сваё жаданне прыняць і з Божай дапамогай здзяйсняць біскупскае служэнне. Потым намінат лёг ніцма перад алтаром, а ўсе прысутныя на каленях прасілі ў літаніі да ўісх святых іх заступніцтва і Божай дапамогі для яго.
Пасвячэнне адбылося праз старажытны евангельскі знак ускладання рук на галаву кандыдата, якое ў маўчанні па чарзе здзейснілі галоўны пасвячаючы і двое асістуючых біскупаў, а потым — усе прысутныя на цэлебрацыі біскупы.
Падчас наступнай малітвы пасвячэння, якую прамовіў арцыбіскуп Ёзіч, двое семінарыстаў трымалі над галавой кандыдата пададзеную дыяканам раскрытую кнігу Евангелля. У дапаўняльных абрадах новапасвячаны біскуп атрымаў намашчэнне алеем хрызмам, а таксама прыняў з рук галоўнага пасвячаючага біскупа Евангелле, якое ён павінен абвяшчаць, і знакі пастырскай улады: біскупскі пярсёнак, галаўны ўбор мітру і посах — пастарал.
На заканчэнне цэлебрацыі новапасвяанага біскупа каад’ютара Гродзенскай дыяцэзіі Уладзіміра Гуляя ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі прывітаў у яе складзе і павіншаваў Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Ад імя прэзбітэрыя словы віншавання і пажаданняў выказаў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз канонік Аляксандр Мацкевіч, а ад імя кансэкраваных асобаў Беларусі — сястра Марцэліна Мігач ISSM. З віншаваннем да новапасвячанага біскупа звярнуліся таксама прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай царквы, Евангелічна-лютэранскай супольнасці і Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак.
«Упэўнены, што ў сваім духоўным служэнні вы будзеце ўносіць значны ўклад у развіццё запатрабаваных у беларускім грамадстве традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцей, якія з’яўляюцца маральным арыенцірам для многіх людзей»,— падкрэсліў Упаўнаважаны, які напярэдадні ўзяў удзел у святкаванні 30-годдзя дзейнасці Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Гродзенскай дыяцэзіі.
З чулымі і пранікнёнымі словамі, у якіх гучала непадробная любоў і ўдзячнасць, звярнуліся да біскупа Гуляя дарослыя і маленькія вернікі парафіі узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе, якая, паводле іх, дзякуючы яго шматгадоваму душпастырскаму служэнню ў гэтай вялікай 20-тысячнай супольнасці стала сапраўднай вялікай сям’ёй.
На заканчэнне прамовіў і сам новапасвячаны біскуп каад’ютар. Перадусім ён падзякаваў Богу за дар жыцця і святарскага паклікання. «Падчас сённяшняга абраду пасвячэння я аднавіў сваю бязмежную адданасць служэнню Евангеллю Хрыста, Касцёлу і Святому Айцу.
Ад усяго сэрца дзякую нашаму ўзлюбленаму Папу Францішку за давер, які ён аказаў мне, калі палічыў мяне годным біскупскага служэння. З 5 красавіка я задаю пытанне: „Адкуль у сэрцы Папы было столькі веры і даверу да мяне?..“ Адзін Бог ведае! Буду паслухмяным Святому Айцу і як змагу буду служыць Божаму народу»,— паабяцаў біскуп Гуляй.
Словы падзякі ён выказаў таксама Апостальскаму нунцыю Антэ Ёзічу, арцыбіскупу Юзафу Станеўскаму, біскупу Гродзенскаму Аляксандру Кашкевічу, архімандрыту Сяргею Гаеку, арцыбісупу эмэрыту Тадэвушу Кандрусевічу і ўсім прысутным біскупам.
«Дзякую за дар веры, жыцця і выхавання маім любым і шаноўным бацькам, дзякую маёй сястры Гэлене і яе дачцэ Вялеце з мужам Віктарам.
Для мяне родны дом заўсёды быў сапраўдным хатнім касцёлам, санктуарыем любові, згоды і прабачэння. Менавіта дзякуючы маім блізкім я зрабіў першыя крокі да веры»,— прызнаўся біскуп каад’ютар.
Ён падзякаваў таксама Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, дзе праходзіў святарскую фармацыю, прысутным на пасвячэнні прадстаўнікам дзяржаўнай улады і дыпламатычнага корпусу, Праваслаўнай Царквы і лютэранскай супольнасці, прадстаўніку дабрачыннай арганізацыі RenovabisЁахіму Заўэру, святарам Гродзенскай дыяцэзіі, кансэкраваным асобам, супольнасці Гродзенскага катэхетычнага каледжа імя святога Казіміра і Курсаў сямейнага жыцця пры ККББ, а таксама тым, хто падрыхтаваў прыгожую літургію ў гродзенскай катэдры, і ўсім прысутным.
Словы падзякі з вуснаў навапасвяанага каад’ютара прагучалі таксама ў адрас усіх, хто дасылаў яму віншаванні з розных куткоў свету, асабліва Прэфекта Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў кардынала Клаўдыё Гуджэроцці, які, паводле біскупа Гуляя, «шчыра любіць Беларусь і Касцёл на Беларусі».
«Міласэрнаму Богу даручаю сваё служэнне і наша супольнае крочанне шляхам Веры, Надзеі і Любові. Маці Божая Кангрэгацкая, маліся за нас!»— сказаў біскуп каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі Уладзімір Гуляй.