Пошук
Нядзельнае казаньне
СВЯТА ЎЗВЫШЭННЯ ЖЫВАТВОРЧАГА КРЫЖА |
чацьвер
КАСТРЫЧНІКА |
23 траўня - свята Пачэснай Еўфрасінні Полацкай, Асветніцы Беларусі
За тысячу гадоў гісторыі хрысціянства ў Беларусі на нашай зямлі ўзрасло шмат вядомых і невядомых праведнікаў, якія сталі дастойнымі ўдзельнікамі Божай нябеснай славы. Для нас, нашчадкаў, святыя пакінулі ў спадчыну свой духоўны досвед, шлях служэння, павучанні, рукапісы, кнігі. Святыя паказваюць нам прыклад служэння, і гэты прыклад блізкі і даступны для нас, бо здзяйснялі служэнне блізкія нам людзі – нашыя святыя продкі. Самымі старажытнымі цэнтрамі хрысціянства ў Беларусі з’яўляюцца Полацк і Тураў, таму і першыя беларускія святыя паходзяць адтуль. І самай вядомай з іх безумоўна з’яўляецца Еўфрасіння Полацкая.
Невядомы аўтар яе жыццяпiсу так піша пра святую ў сваім гімне: «Якімі словамі, братове, належыць уславiць светлую памяць найшчаснейшай нявесты Хрыстовай Еўфрасiннi! Была яна дапамогай пакрыўджаным, суцяшэннем засмучаным, для распранутых — адзеннем, для хворых — наведваннем цi, проста кажучы, — для ўсiх была ўсiм. Еўфрасiння сэрца сваё паiла Божай мудрасцю.
Еўфрасiння — неўвядальны цвет райскага саду. Еўфрасiння — арол, што, лунаючы ў небе, праляцеў ад захаду i да ўсходу, як прамень сонечны, прасвятлiў зямлю Полацкую». Прасветленая Божай любоўю да людзей, яна стала для беларусаў нябеснай апякункай.
Нарадзілася Еўфрасiння Полацкая каля 1101 г. у сям’і князя Святаслава-Георгія, малодшага сына вядомага полацкага князя Усяслава Чарадзея. Ад нараджэння яна атрымала iмя Прадслава. Прадслава была старэйшай і доўгачаканай дачкой у сям'і. У сям'і акрамя яе былі яшчэ малодшыя браты і сёстры. У «Жыццяпісе» ўзгадваюцца малодшая сястра Гардзіслава і брат Давід. Летапіс «Аповесць мінулых гадоў» гаворыць яшчэ аб Васільку.
Князь Георгій, бацька Прадславы, быў «меншым» па гадах за сваіх братоў, таму ён не мог уладарыць Полацкім княствам, але называецца ў «Жыціі» менавіта полацкім князем. Паводле ўскосных звестак, маці была адна са старэйшых дачок Уладзіміра Манамаха, і, магчыма, звалася Соф'я.
Прадслава атрымала параўнальна добрую для таго часу дамашнюю адукацыю. Здавалася, на князёўну чакаў звычайны жаночы лёс — шлюб, сям'я, дзецi, унукi. Славiлася яна сваёй прыгажосцю, i многа князёў слалi да яе бацькi сватоў. Калi споўнiлася Прадславе дванаццаць гадоў, бацька задумаў выдаць яе замуж. Але iншы шлях выбрала сабе Прадслава. Палюбiла яна кнiжную навуку, а яе светлая душа цягнулася да Божага святла. Сваiм сэрцам зразумела юная князёўна ўсю марнасць людской мiтуснi, гэтую пагоню за багаццем i сытасцю, гэтую прагу людской славы — пыл i попел.
"Святым духам напоўніўся розум яе,- апавядае "Жыццяпіс Еўфрасінні Полацкай", напісаны яе сучаснікам, - і сказала сабе: "Што ж паспелі роды нашы, якія былі да нас? Жаніліся і выходзілі замуж, і княжылі, але не вечна жылі; жыццё іх праплыло, і загінула слава іхняя, быццам прах... Затое жанчыны, што мячом духоўным адсеклі плоцкія асалоды – тых памятаюць на зямлі..." Князёўна адмовілася ад шлюбу і ўвогуле ад свецкага жыцця, і патаемна прыняла пострыг у Полацкім манастыры, дзе ігуменняй была яе родная цётка княгіня Рамана. Пры пострыгу атрымала iмя Еўфрасiння. Не адразу яе бацькі змірыліся з такім учынкам сваёй дачкі. Дзяўчына ж не звяртала ўвагі на слёзы бацькоў, пераконвала іх цешыцца тым, што маюць дачку, заручаную з Валадаром Нябесным. Не згубiлі яны дачку, а прыдбалі заступнiцу перад Богам i за сваю сям'ю, i за свой родны Полацк, i за ўсiх людзей.
За манастырскімі сценамі Еўфрасіння змагла цалкам аддацца кнігам, што зрабіла яе адной з самых адукаваных жанчын таго часу ў Еўропе. Шчырыя малiтвы ўзносiла да нябеснага Айца вернiца. I шчырасць яе душы асвятляла цемру таго жорсткага часу. Кветка райскага саду была падаравана Богам Беларусi — iмя яе Еўфрасiння.
Хрысцiянская цнота праяўлялася таксама i ў iншым — Еўфрасiння жадала будаваць храм. Хай гэты храм i не будзе мець сцен, абразоў, купалоў, але ён будзе мець слова, тое слова, якое ёсць у Бога, i гэта слова пабудуе храм у сэрцах i душах людзей.
Полацкі біскуп Ілля дазволіў князёўне пасяліцца ў келіі Сафійскага сабора, дзе, як паведамляе "Жыццяпіс", яна "пачала кнігі пісаць сваімі рукамі". Праца перапісчыка была настолькі фізічна цяжкай, што ёю тады займаліся толькі мужчыны. Разам з перапісваннем царкоўных кніг, хронік, папулярных тады зборнікаў афарызмаў пяро асветніцы магло выводзіць радкі Полацкага летапісу, які не захаваўся да нашых дзён. Еўфрасіння пісала і ўласныя творы-малітвы, павучанні, а таксама перакладала з грэцкай і лацінскай моваў. З дня ў дзень — руплiвая праца, кожнае напiсанае ёй слова, як зерне, кiнутае аратаем ва ўраджайную глебу. Кожнае слова несла людзям надзею, кожнае слова раскрывала iм вочы.
У 1128 г. у Сяльцы, за дзве вярсты ад Полацка на беразе Палаты, Еўфрасіння Полацкая, тады яшчэ манахіня, ініцыявала будову жаночага Спаскага манастыра, што стала найбуйнейнай падзеяй полацкага дойлідства таго перыяду. Заказчыкам пабудовы мог быць князь Васілька, які вярнуўся на радзіму з Візантыі.
Памочніцамі Еўфрасінні сталі сёстры: родная Гардзіслава і стрыечная Звеніслава. Еўфрасіння, якая на той час стала ігуменняй, папрасіла бацьку прыслаць да яе малодшую сястру для навучання грамаце; а пасля таемна пастрыгла яе ў манахіні. Бацька, калі даведаўся пра гэта, у вялікім роспачы прыехаў у Сялец, горка плакаў і не хацеў аддаваць у манахіні і другую дачку. Хутка пасля смерці свайго бацькі, следам за Гардзіславаю, у Спасаву абіцель уступае і стрыечная сястра Еўфрасінні Звеніслава Барысаўна. Звеніслава сама прыйшла да Еўфрасінні і прынесла свой багаты пасаг у дар храму, атрымаўшы пасля пострыгу імя Еўпраксія. Яна была асабліва блізкая з Еўфрасінняй - «як адзіная душа ў двух целах». Пазней Еўпраксія зойме месца Еўфрасінні і стане ігуменняй, працягваючы асветніцкую дзейнасць сястры.
У 1162 г. Еўфрасіння Полацкая заснавала таксама Багародзіцкі мужчынскі манастыр, пабудавала ў ім каменную царкву ў гонар Найсвяцейшай Багародзіцы, упрыгожыла яе іконамі і перадала манахам. Скарыстаўшыся сваяцтвам з Візантыйскім імператарам Мануілам Камнінам, яна звярнулася да яго, а таксама да патрыярха Канстантынопальскага Лукі з просьбай даслаць для манастыра адну з найвялікшых святынь – ікону Божай Маці Эфесскую, напісаную па паданні святым апосталам і евангелістам Лукой. Еўфрасіння адправіла ім дарункі, і ў 1162 г. ікона прыбыла на Русь разам з блаславеннем патрыяршай граматай полацкай ігуменні. Ікону везлі праз Корсунь, дзе па просьбе жыхароў яна прабыла каля года, атрымаўшы назву Корсуньскай, і нарэшце прыбыла ў Полацк.
Пры гэтых двух манастырах былі адчыненыя адмысловыя майстэрні па перапісванні кніг - скрыпторыюмы. Для навучання дзяцей Еўфрасіння заснавала школы, дзе юныя палачане, апрача царкоўнаславянскай, вучылі грэцкую і лацінскую мовы, атрымлівалі звесткі з прыродазнаўства і медыцыны. З найбольш здольнымі праводзіліся заняткі па паэтыцы і рыторыцы. Значная ўвага надавалася гісторыі.
Стараннямі прыпадобнай Еўфрасінні Полацкай быў узведзены каменны сабор Перамянення Спаса – найвыдатнейшы помнік полацкай архітэктурнай школы, які ў перабудаваным выглядзе захаваўся да нашых дзён. Архітэктар – майстар Ян - сам прыйшоў да Еўфрасінні, накіраваны Святым Духам, які надыхнуў яго прыняць удзел у пабудове сабора. У “Жыццяпісе” Еўфрасінні распавядаецца аб тым, як цэгла, якой не хапала для пабудовы храма, цудоўна з'яўлялася па малітве ігуменні. Прачнушыся раніцай, будаўнікі бачылі печ, поўную абпаленай, гатовай да кладкі плінфы, чуючы пры гэтым малітву святой да Госпада: «Ты, які падараваў нам большае, даруй нам і меншае».
У гэты храм прыпадобная ахвяравала напрастольны крыж, зроблены майстрам Лазарам Богшам, упрыгожаны золатам, у якiм знаходзiлiся шматлікія хрысцiянскiя рэлiквii, у тым ліку кроплi крывi Iсуса Хрыста, частка Жыватворчага Крыжа Гасподняга, камянi ад дамавiны Багародзiцы, часткi мошчаў святых Стэфана i Панцеляймона, а таксама кроплi крывi святога Змітра. Усярэдзіне храма, па баках хораў, былі ўладкаваныя дзве невялікія келіі, у адной з якіх жыла прыпадобная Еўфрасіння. Тут добра былі чутныя словы набажэнстваў і спевы сясцёр, а праз невялікае акно ў сцяне адчыняліся яе позірку палі і старажытны Полацк.
Не раскажаш пра ўсе справы Еўфрасiннi. Хоць толькі адна справа была ў яе — несцi людзям хрысцiянскую любоў. I нават князям, якiя рвалiся бiцца памiж сабой, iмем Бога забараняла яна брацца за зброю, яднала iх у любовi i згодзе. Міратворчыя клопаты Еўфрасінні, што мелі на мэце патушыць міжусобныя спрэчкі Рагвалодавічаў, адлюстраваныя ў царкоўных спевах, створаных у гонар асветніцы ў XII ст.: "Князем сродником друг на друга дерзающе подняти мечь возбранила еси, яко оружие обоюдоостро..."
Напрыканцы жыцця Еўфрасiння адправiлася ў паломнiцтва да Святой зямлi пакланiцца Гробу Гасподняму. Слава пра полацкую асветнiцу сягнула далёка. Па дарозе яе сустракалi з радасцю i пашанай. У канцы красавіка 1167 года дасягнула яна Ерусаліма. Ерусалім належаў крыжакам, кіраваў ім у той час Амальрых I, які даводзіўся Еўфрасінні далёкім сваяком – праз жонку французскага караля Генрыха I Ганну, якая была дачкой Яраслава Мудрага. У Ерусаліме Еўфрасіння накіравалася да Гробу Гасподняга, пасля яшчэ тры дні запар прыходзіла для малення. Праз некалькі дзён яна захварэла і паслала брата з сястрой за святой вадой на Ярдан. Сваю мiсiю на зямлi яна выканала i папрасiла Бога прыняць яе дух i перасялiць у нябесны Ерусалiм. Госпад пачуў яе малiтву i прыслаў да яе анёла, якi i мовiў: «Шчасная ты сярод жанчын i шчасная праца твая! Вось ужо расчынiлася райская брама i сабралiся анёлы, трымаючы свечкi i чакаючы сустрэчы з табой». 24 дні правяла яна на адры хваробы ў адным з манастыроў Ерусаліма і спачыла ў малітве 24 траўня 1173 г., прыняўшы Святыя Хрыстовыя Тайны. Паданне захавала апошнія словы прыпадобнай: «Госпадзе, прымі дух мой ад мяне ў святым горадзе Тваім Ерусаліме і перасялі мяне ў вышні горад Твой Ерусалім». Цела спачылай, паводле яе запавету, было пахавана яе сваякамі ў манастыры вялебнага Тэадосія, на дзядзінцы храма Найсвяцейшай Багародзіцы – там, дзе былі пахаваныя маці вялебных Савы і Тэадосія, святога бяссрэбраніка Тэадота і шматлікіх святых жанчын. Давід і Еўпраксія, вярнуўшыся ў Полацак, прынеслі вестку аб блаславёным сконе і пахаванні прападобнай Еўфрасінні.
Праз 20 гадоў, калі Ерусалім быў заваяваны мусульманскім султанам Саладынам, які запатрабаваў ад хрысціянаў за пяцьдзесят дзён пакінуць горад, папярэдне выкупіўшы сваё жыццё, манахі перанеслі святыя мошчы Еўфрасінні Полацкай у Кіеў, дзе яны былі пакладзеныя ў далёкіх пячорах Кіева-Пячорскай Лаўры, у нішы пячорнага храма Дабравешчання Найсвяцейшай Багародзіцы. Доўгі час Еўфрасінню шанавалі як святую на мясцовым узроўні. Былі спробы кананізацыі ў 16 стагоддзі, але афіцыйна яна стала кананізаваная Праваслаўнай Царквой у 1893 годзе. Дазвол на перанос мошчаў ў Полацк быў выдадзены імператарам Мікалаем ІІ і ў 1910 годзе з вялікімі ўрачыстасцямі рака з мошчамі святой вярнулася на родныя землі ў Полацкі Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр. У 1915 г. падчас эвакуацыі ў ходзе Першай сусветнай вайны святыя мошчы былі перанесены ў растоўскі Аўраміеў манастыр, а вернутыя ў Полацк былі толькі ў 1943 г.
Еўфрасіння Полацкая стала першай жанчынай, кананізаванай Кіеўскай Царквой. Полацкую ігуменню паводле даўняй традыцыі вызнае святой і Каталіцкая Царква. Святая Еўфрасіння шануецца як нябесная заступніца Беларусі. Яе памяць Царква адзначае 23 траўня.
Паводле http://cssr.by/ |
23.05.2024
|