Пошук

Каляндар

 
чацьвер
КАСТРЫЧНІКА
Сёньняшняе чытаньне:

БР. МАКАРЫЙ ШТЫФТОЎСКІ OSPPE І ЯГО МАСТАЦКАЯ ТВОРЧАСЦЬ  


 

 

Сярод вялікай мастацкай спадчыны мінулых стагоддзяў кляштару айцоў Паўлінаў на Яснай Гары ў Чэнстахове (Польшча) асаблівае месца займаюць тканіны і ювелірныя вырабы, якія збіраліся тут ад пачатку існавання кляштару, як выраз папулярнасці культу Яснагорскай іконы Маці Божай.  

 

 

 

Літургічныя шаты траплялі на Ясную Гару як данацыі каралёў, заможных дабрадзеяў ці духавенства, але і часткова выконваліся самымі паўлінамі, якія дасканала валодалі мастацтвам шыцця і вышыўкі.

 

Гісторыя захавала імёны таленавітых у вышыўцы паўлінаў: а. Станіслава Карніцыюса (+3.09.1647), бр. Клеменса Тамашэўскага, канвэрса (+26.07.1686 г. на Яснай Гары 1) і бр. Макарыя Штыфтоўскага, ураджэнца колішняга Вялікага Княства Літоўскага. Яго асоба з’яўляецца прадметам дадзенага артыкула.

 

Амаль ад пачатку існавання яснагорскага кляштару і да XX ст. архітэктурна-мастацкія рашэнні канцэнтраваліся вакол капліцы Маці Божай, асабліва вакол Цудатворнай іконы Маці Божай. Першапачаткова ікону аздаблялі бляхі з золата і каштоўных камянёў2 . У 2 пал. XVI ст. былі прымацаваныя німбы, якія паказвалі на каралеўскую ўладу, а на пераломе XVI-XVII стст. – кароны. З паловы XVII ст. Абраз сталі ўпрыгожваць сукенкі, вышытыя каштоўнымі камянямі3.

 

 

 

 

Стварэнне адной з такіх сукенак заініцыяваў польскі правінцыял Паўлінскага Ордэна а. Канстанцін Машынскі і даручыў іх выкананне бр. Макарыю Штыфтоўскаму.

 

Ян Штыфтоўскі, сын навагрудскіх мяшчанаў, Станіслава і Марыянны з дому Тычынянкі, нарадзіўся каля 1671 г. і быў ахрышчаны ў Фарным касцёле ў Навагрудку. Калі быў яшчэ дзіцём, памёр яго бацька і маці выхоўвала яго адна да таго часу, калі аддала яго на 6 гадоў у Вільню для “практыкавання ў златнічым рамястве”. У 1686 г. яго імя ўспамінаецца ў дакументах віленскага златнічага цэха. Па заканчэнні навучання ў 1692 г. атрымаў пасведчанне чальца златнічага цэха. Ва ўзросце 30 гадоў уступіў у Ордэн Святога Паўла Першага Пустэльніка і атрымаў імя Макарый. Манаскі габіт атрымаў 12 снежня 1701 г. Манаскія шлюбы склаў 13 снежня 1703 г. на рукі генеральнага настаяцеля а. Эмерыка Естэрхазі і дэфінітара Польскай правінцыі і прыёра св. Барбары а. Адама Грачынскага ў навіцыяцкім касцёле св. Барбары ў Чэнстахове. Памёр 14 кастрычніка 1740 г. на Яснай Гары і там жа пахаваны4.

 

 

 

Фарны касцёл Перамянення Пана ў Навагрудку

Маючы прафесію злотніка і ювеліра, выканаў па-над 70 работ для розных касцёлаў, перш за ўсё для паўлінскіх. Першым ювелірным вырабам бр. Макарыя – яшчэ як навіцыя – у 1703 г. была срэбраная рыза на абраз св. Паўла Пустэльніка для кляштару на Скалцы ў Кракаве. На жаль гэтая рыза да нашага часу не захавалася. Паводле інвентара кляштарнага скарбца з 1896 г. бр. Макарый выканаў у 1722 г. срэбраную манстанцыю. У 1732 г. атрымаў на Яснай Гары вялікую колькасць вотаў на пазалачэнне і выкананне завяршэння рэліквіярыя св. Яна Непамука, які сёння захоўваецца ў яснагорскім скабцы5. У кляштарную майстэрню бр. Макарый наймаў працаваць вучняў і чаляднікаў. Адзін з іх у 1726 г. за добрую працу нават атрымаў гранатавы жупан6.

 

 

 

Pэліквіярый св. Яна Непамука

Ідэнтыфікацыя і ацэнка ювелірных твораў бр. Макарыя практычна немагчымая, бо няма ніякіх дадзеных аб месцах іх прызначэння, а таксама ён не абазначаў свае работы. Паводле архіўных звестак вынікае, што бр. Макарый быў рэстаўратарам і вышывальнікам.

 

На просьбу правінцыяла а. Ізідора Красускага ў перыяд 1.06.-22.12.1705 г. бр. Макарый выканаў другую гістарычна вядомую кансервацыю Чэнстахоўскай іконы Маці Божай. У аб’ём кансервацыйных работ уваходзіла залатванне адтулін ад выдаленых цвікоў, папаўненне сколаў фарбавага пласта і перамаляванне алейнымі фарбамі правай рукі Богародзіцы, яе плашча, сукні і сукенкі Дзіцятка (не парушаючы абліччаў). Акрамя гэтага бр. Макарый выканаў і прымацаваў да плашча Маці Божай 28 латунных пазалочаных зорак, нова адлітую, багата аздобленую карону для Езуса і дапоўніў каштоўныя камяні ў кароне Мадонны. Гэты факт быў дакладна ўдакументаваны ў хроніках7:

 

а. Ізідор Красускі OSPPE

“На асабістае і надзвычайнае распараджэнне айца правінцыяла Ізідора Красускага, адрэстаўраваны быў найсвяцейшы абраз Яснагорскі. Дзіркі ў ім з абодвух бакоў цвікамі ўчыненыя, старанна запоўненыя, а месцы, дзе фарба адпала, закрыты, не датыкаючыся твару; зоркі ў святой, дзявічай шаце, якіх не хапала – дапоўнены; клейноты, ці каштоўныя камяні, якія пасля гусіцкага абрабавання былі даданыя найяснешым каралём Уладыславам, ачышчаныя, некаторыя каштоўнейшыя даданыя. Разам, вылічваючы ўсё дакладна на памяць для будучыні: зорак на дзявічай шаце 28, дыяментаў ў аправе з чыстага золата 22, рубінаў у залатой аправе 52, звычайных чэскіх камянёў 11, сапфір 1, пэрлаў 11. Да краёў святога абраза прымацаваныя два срэбраныя кальцы, каб узяць святы абраз пры даставанні з футляра. Калі ўжо ўсё сумленна брат Макарый умацаваў, запалілі свечы, браты, стаўшы на калені, маліліся, а вось пры стопах святога абраза з’явіўся вялікі павук, які раптам знік8”.

 

Наступнай работай бр. Макарыя былі вышэй узгаданая рызы, г.зв. “сукенкі” на абраз Маці Божай. У 1706-1728 гг. былі зробленыя тры рызы – дыяментавая, рубінавая і пярловая (жамчужная). Менавіты ў гэты перыяд а. Машынскі быў правінцыялам і кляштар рыхтаваўся да каранацыі Цудадзейнага Абраза ў 1717 г. Сёння немагчыма рэканстуяваць выгляд XVIII-вечных рызаў. Праўдападобна, яны былі перароблены з папярэдніх. У XIX ст. рызы зноў былі пераробленыя.

 

 

 

Дыяментавая і Pубінавая рызы

Да нашага часу захаваўся адзін камплект вышытых тканін, які традыцыйна прыпісваецца бр. Макарыю. Паданне кажа, што ў 1697 г. Якуб Сабескі прыступаючы на Яснай Гары да Св. Камуніі, падараваў кляштару плашч з пунсовага аксаміту разам з прымацаваным да яго французскім ордэнам Святога Духа. На просьбу прыёра а. Машынскага, з гэтага плашча і іншых дароў брат Макарый сшыў у 1720 г. арнат, капу і дзве дальматыкі, багата ўпрыгожаныя біжутэрыяй, перламі, карáлямі і іншымі камянямі. Як падаюць архіўныя крыніцы: “Ornat ex Eleemosynis nowy na tle srebrnym na kształt altembasu z strzyżonego axamitu, floresami różnego gatunku. Do tego Ornatu są Dalmatyki y kapa takowesz9. У камлект таксама ўваходзяць дзве стулы і маніпул.

 

 

 

Дальматыкі бр. Макарыя з 1720 г. Muzeum 600-lecia Jasnej Góry.

 

Літургічны камплект ex Eleemosynis (з міласціны) быў выкананы не раней 1728 г. і не пазней 1731 г., на што паказвае ўжыванне ў капе пояса тканіны вышытай золатам і срэбрам, які паходзіць з дару Ганны Ажэльскай (1727 г.) і таксама пацвярджае цытаваны вышэй архівальны запіс з 1731 г., які называе яго новым.

 

 

Арнат, дар княгіні Ганны Ажэльскай

 

Будучы манахам у кляштары на Яснай Гары бр. Макарый не забываў пра сваю малую радзіму. Інвентар навагрудскага фарнага касцёла Перамянення Пана з дня 4.07.1723 г. змяшчае запіс аб наяўнасці абраза Маці Божай Чэнстахоўскай10:

 

Obraz NPanny Częstochowskiej przez w. O. Szyftowskiego z Częstochowy a Paulo eremita, przy mszach rekwialnych za rodziców swoich kościołowi nadany 1.


Брат Макарый ад імя сваіх бацькоў быў ахвярадаўцам гэтага абраза ў навагрудскі фарны касцёл. На жаль, абраз да нашага часу не захаваўся11

 

Бр. Макарый Штыфтоўскі быў незвычайна таленавітым паўлінскім ювелірам, мастаком і злотнікам. Адзнакаю яго высокіх уменняў з’яўляецца факт даручэння яму кансервацыі Яснагорскай іконы Маці Божай, якая была галоўнай святыняй для тагачаснай Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, а сёння з’яўляецца адной з найбольш знакамітых абразоў Багародзіцы хрысціянскага свету.

 

---------

 

[1] Catalogus fratrum defunctorum. 1552-1786. Рукапіс AJG 77 cт. 368-369, 463.

[2] AJG 662 c. 216-220.

[3] S. Szafraniec, Konwent Paulinów Jasnogórskich 1382-1864, Rzym 1966, ст.43-44.

[4] M. Michałowska: Brat Makary Sztyftowski i jego twórczoćś artystyczna, „Stud. Clar.” 3: 1982, ст. 365-370.

[5] T. Adamek: Św. Jan Nepomucen i jego relikwiarz na Jasnej Górze, „Stud. Clar.” 3: 1982, ст. 371-380.

[6] A. Jaśkiewicz: Z dziejów mecenatu artystycznego i kulturalnego o. Konstantego Moszyńskiego, „Stud. Clar.” 4: 1983, ст. 338-393.

[7] W. Kurpik, Częstochowska Hodegetria, Jasna Góra 2023, ст. 426-427.

[8] „Ex singulari commissione admodum reverendi patris Isidori Krasuski provincialis, restaurata est sacratissima imago Claromontana. Foramella quae hinc inde claviculiss facta sunt obstrui curata, loca ex quibus color decidit obliterata intactis sacratissimis faciebus, stellae in sacra virginali veste quae desiderabantur curatae, clenodia seu lapides pretiosi qui post expilationem Hussitarum serenissimo rege Vladislao affixi sunt, emundati, nonnulli pretiosiores superadditi. Summa omnium edisseritur pro futura memoria: stellae in virginali veste 28, adamantes universim in castis aureis 22, rubini in castis aureis 52, simplices lapides bohemici 11, saphirus 1, margaritae 11. In lista sacrae imaginis sunt duo argentei circuli pro apprehendenda sacra imagine cum eximitur ex theca. Que omnia cum religioso fratre Macario accensis candelis flectentibus fratribus et orantibus applicabantur, ecce tibi grandis in pede sacrae imaginis apparet araneus qui mox disparuit“. Архіў Яснай Гары, сігн. 2096, арк. 253v.

[9] AJG 760 ст. 508

[10] MAB – Бібліятэка Літоўскай Акадэміі Навук імя Урублеўскіх (Lietuvos Mokslų Akademijos Vrublevskio Biblioteka), 43-13350, арк. 2r-10v: Inwentarz kościoła parafialnego nowogródzkiego przeze mnie, księdza Aleksandra Jana Żebrowskiego, kanonika wileńskiego, od Jaśnie Wielmożnej Najprzewielebniejszej Kapituły wileńskiej per actum capituli generalis majalis naznaczonego komisarzem, przy podaniu tego kościoła commendario hic et nunc constituto et per juramentum in perpetuum firmando, jm. Księdzu Józefowi Ponikwickiemu Sanctissimi Domini nostri alumno, sporządzony w roku 1723 die 4 julii.

[11] M. Kałamojska-Saeed, Kościoły i klasztory rzymskokatolickie dawnego wojewódstwa nowogródzkiego. Cz. II, t. 5. Materiały do dziejów sztuki sakralnej. Kraków 2017, ст. 56-57.

а. Ануфрый Альховік OSPPE, https://www.pauliny.by/


23.05.2024

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier