🌿Сьвяты Айцец Францішак: «Менавіта маладыя людзі, падтрыманыя надзеяй, заснаванай на веры, могуць разарваць ланцугі крыўдаў, неразуменьня і забабонаў, якія стагоддзямі трымалі ў палоне католікаў і праваслаўных, не дазваляючы ім прызнаць адзін аднаго братамі, паяднанымі ў разнастайнасьці, здольнымі сьведчыць аб любові Хрыста, асабліва ў гэтым сьвеце, гэтак падзеленым і канфліктным».
🔸Гэтыя словы Папа Рымскі сказаў 16 траўня 2024 году падчас аўдыенцыі ў Ватыкане, на якой прыняў праваслаўнага Мітрапаліта Агатангела і дэлегацыю Афінскага тэалагічнага калегіюма – паведамляе Vatican News. Нагодай для сустрэчы стала 20-годдзе супрацоўніцтва паміж «Apostolikì Diakonia» Грэцкай Праваслаўнай Царквы і Каталіцкім камітэтам па культурным супрацоўніцтве Дыкастэрыі па спрыяньні хрысьціянскай еднасьці.
🔸Рымскі Архірэй нагадаў, што «ідучы разам, працуючы разам і молячыся разам, мы рыхтуемся атрымаць ад Бога дар еднасьці», які, як плён Сьвятога Духа, будзе еднасьцю і гармоніяй у разнастайнасьці.
Паводле тэлеграм-канала "Грэка-католікі Беларусі"