10-11 мая 2024 года ў Рыме пройдзе Другая сусветная сустрэча па пытаннях чалавечага братэрства пад дэвізам #BeHuman (Быць чалавекам). У мерапрыемствы, арганізаваным ватыканскім Фондам Fratelli tutti, прымуць удзел 30 лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі.
У рамках ініцыятывы адбудуцца 12 круглых сталоў з удзелам навукоўцаў, эканамістаў, дзеячаў культуры і спорту, мэраў, менеджараў, рабочых і простых грамадзян з усяго свету. Яны будуць шукаць альтэрнатывы войнам і беднасці, разважаць пра братэрства як аснову новага свету, які складаецца з прыгожых чалавечых і сацыяльных адносін.
Натхненнем для сустрэчы паслужыла энцыкліка Францішка Fratelli tutti, якая заклікае да братэрства. Мэта падзеі – аднавіць сусветны пакт аб братэрстве, пачаць распрацоўку новага кодэкса на тэму чалавека і абвясціць аб буйным мерапрыемстве, запланаваным на верасень 2025 Юбілейнага года.
Мерапрыемства пачнецца ў пятніцу, 10 мая, круглым сталом на тэму міру. Яго адкрые Дзяржаўны сакратар кардынал П'етра Паралін.
У суботу, 11 мая, дакладчыкі і дэлегаты форума сустрэнуцца з Папам Францішкам. Аўдыенцыя пройдзе ў Клеменцінскай зале Апостальскага палаца. Затым Нобелеўскія лаўрэаты адправяцца ў Квірынальскі палац, дзе іх прыме Прэзідэнт Італіі Серджа Матарэла.
У другой палове дня ў Ватыкане і ў розных кутках італьянскай сталіцы, такіх як Капітолій, Палац Канцылярыі, Акадэмія Лінчэяў і іншых, пройдуць тэматычныя сталы. Іх удзельнікі паразважаюць над пытаннямі братэрства ў галіне навакольнага асяроддзя і бізнесу, спорту і валанцёрства, камунікацыі і працы, аховы здароўя і лічбавых тэхналогій, адукацыі, мясцовага самакіравання і харчавання. Плануецца, што ў адным з круглых сталоў на тэму Дзеці – будучае пакаленне прыме ўдзел Папа Францішак.
Круглыя сталы будуць адкрытыя для ўсіх. За некаторымі з іх можна будзе сачыць анлайн.
У 21.30 на плошчы святога Пятра адбудзецца заключнае мерапрыемства і музычны канцэрт з удзелам кампазітара Джавані Алеві, італьянскага барда Раберта Век’ёні, амерыканскага кантры-спевака Гарта Брукса і іншых.
Марыя Валодзіна - Vatican News