Пошук

Каляндар

 
чацьвер
КАСТРЫЧНІКА
Сёньняшняе чытаньне:

Папа Францішак: тэалагальныя цноты – супрацьяддзе ад самадастатковасці  


Папа Францішак: тэалагальныя цноты – супрацьяддзе ад самадастатковасціПра значэнне тэалагальных цнот веры, надзеі і любові для жыцця хрысціяніна нагадаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 24 красавіка 2024 года прайшла на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

 

Францішак заўважыў, што кардынальныя цноты, якім былі прысвечаны яго папярэднія катэхезы: разважлівасць, справядлівасць, мужнасць і ўстрыманасць, узніклі яшчэ ў старажытныя, дахрысціянскія часы. “Яшчэ да Хрыста прапаведавалася сумленнасць, як грамадзянскі абавязак, мудрасць – як правіла дзеянняў, мужнасць – як асноўны кампанент жыцця, скіраванага да дабра, устрыманасць як мера, неабходная, каб не перабраць з лішкамі”, - сказаў ён, дадаючы, што хрысціянства не замяніла гэту “спадчыну чалавецтва”, а паглыбіла, ачысціла і інтэгравала ў веру.

 

Пантыфік адзначыў што, на шляху да паўнаты жыцця, да якой пакліканы кожны чалавек, “хрысціянін карыстаецца асаблівай дапамогай Святога Духа”, што ажыццяўляецца праз дар трох, чыста хрысціянскіх цнот: веры, надзеі і любові. Хрысціянскія пісьменнікі хутка назвалі іх “тэалагальнымі”, бо яны прымаюцца і рэалізуюцца ў адносінах з Богам, а разам з кардынальнымі цнотамі ўтвараюць ц”удоўную семярычнасць”, якая супрацьпастаўляецца сямі смяротным грахам, - дадаў Францішак.

 

На думку Папы, рызыка кардынальных цнот заключаецца ў тым, што яны могуць сфармаваць людзей, гераічных у здзяйсненні дабра, але самотных і ізаляваных. У сваю чаргу, “вялікі дар тэалагальных цнот – гэта жыццё ў Святым Духу”.

 

“Хрысціянін ніколі не бывае самотным. Ён чыніць дабро, не дзякуючы тытанічным высілкам асабістых дзеянняў, але, таму што, як пакорны вучань, ідзе за Настаўнікам Езусам. Тэалагальныя цноты – моцнае супрацьяддзе ад самадастатковасці”, - сцвердзіў Пантыфік.

 

Францішак нагадаў, што маральна бездакорныя людзі, часта рызыкуюць стаць ганарыстымі і высакамернымі ў вачах тых, хто ведае іх. “Пра гэту небяспеку нас добра папярэджвае Евангелле, у якім Езус раіць вучням: “Таксама вы, калі выканаеце ўсё загаданае вам, кажыце: “Мы нікчэмныя слугі, бо зрабілі тое, што павінны былі зрабіць” (Лк 17,10). Пыха – моцная атрута: дастаткова адной яе кроплі, каб сапсаваць усё жыццё, пазначанае дабром. Чалавек можа здзейсніць шмат добрых спраў, заслужыць прызнанне і пахвалу, але калі рабіў гэта толькі для сябе, каб узвысіцца, ці можа ён назваць сябе дабрадзейным чалавекам?”, - прапанаваў задумацца Папа.

 

Святы Айцец падкрэсліў, што “дабро – гэта не толькі мэта, але таксама шлях”, які патрабуе вялікай сціпласці і адмаўлення ад “занадта вялікай прысутнасці нашага “я”. Тэалагальныя цноты аказваюць вялізарную дапамогу на гэтым шляху, асабліва падчас падзенняў, “бо нават людзі з добрымі маральнымі ўстаноўкамі часам падаюць”.

 

“Таксама і тыя, хто кожны дзень практыкуе цноты, часам памыляюцца. Мы ўсе памыляемся ў жыцці: розум не заўсёды ясны, воля не заўсёды цвёрдая, жарсці не заўсёды паддаюцца кіраванню, мужнасць не заўсёды перамагае страх. Але, калі мы адкрыем сваё сэрца Святому Духу – унутранаму Настаўніку – Ён адродзіць у нас тэалагальныя цноты: тады, калі мы згубілі давер, Бог сілай Святога Духа зноў адкрывае нас на веру; калі трапілі ў роспач, Бог абуджае ў нас надзею; калі наша сэрца закамянела, Бог змякчае яго сваёй любоўю”, - запэўніў на завяршэнне катэхезы Пантыфік.

 

Аляксандр Панчанка - Vatican News


24.04.2024

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier