У «Папскім штогодніку» за 2024 г., які выйшаў з друку 9 красавіка, адноўлена гэтае старажытнае найменне, скасаванае ў 2006 г. Бенядыктам XVI.
Да апошняга часу поўны спіс тытулаў Папы выглядаў такім чынам: «Біскуп Рыма, Вікарый Хрыста, Пераемнік князя апосталаў, Кіраўнік Паўсюднай Царквы, Вярхоўны пантыфік, Прымас Італіі, Архіепіскап і мітрапаліт Рымскай правінцыі, Суверэн дзяржавы-горада Ватыкан, Раб рабоў Божых». Цяпер спіс папоўніўся найменнем "Патрыярх Захаду", якое, на думку гісторыкаў, было ўпершыню прынята Папам Тэадорам яшчэ ў 642 г., аднак у "Папскі штогоднік" яно было ўключана толькі ў 1863 г., пры Пію IX.
У 2006 г. Бенядыкт XVI палічыў тытул "састарэлым". У тлумачэнні, апублікаваным тады Папскай радай па садзейнічанні хрысціянскаму адзінству, адзначалася, што культурнае і геаграфічнае разуменне Захаду пашырылася за межы Заходняй Еўропы і ахапіла таксама Паўночную Амерыку, Аўстралію і Новую Зеландыю.
Рашэнне Папы Ратцынгера было без захаплення ўспрынята ў праваслаўным свеце, дзе некаторыя багасловы ўбачылі ў ім імкненне Рыма пашырыць сваю ўладу. Аднак у Папскай радзе супакоілі сваіх усходніх партнёраў, заявіўшы: «Адмова ад гэтага тытула пакліканая выказаць гістарычны і багаслоўскі рэалізм і ў той жа час стаць адмовай ад дамаганняў, што магло б прынесці карысць экуменічнаму дыялогу».
На гэты раз ні Дыкастэрыя па садзейнічанні хрысціянскаму адзінству, ні прэс-служба Апостальскай Сталіцы не апублікавалі заявы, якая тлумачыць рашэнне Папы Францішка аднавіць патрыяршы тытул.
Тытул "Патрыярх Захаду" нагадвае аб досведзе І тыс. царкоўнай гісторыі, калі існавала пяць патрыяршых катэдраў: Рымская, Канстанцінопальская, Александрыйская, Антыёхійская і Ерусалімская, якія складалі так званую Пентархію.
Аднаўленне патрыяршага тытула Рымскага пантыфіка варта разглядаць у кантэксце падрыхтоўкі да святкавання 1700-годдзя І сусветнага сабора ў Нікеі. Яшчэ два гады таму Папа Францішак прапанаваў зірнуць на гэты юбілей як на новы стымул да аб'яднання Цэркваў. Заклік становіцца тым больш актуальным, што ў 2025 г. хрысціяне ўсіх канфесій будуць святкаваць Вялікдзень у адзін дзень - 20 красавіка.
Гістарычна тытул Патрыярха застаецца адзіным тытулам, агульным для Усходу і Захаду і, аднавіўшы яго, Францішак у пэўным сэнсе паставіў сябе на адзін узровень з праваслаўнымі першаерархамі.