Новы падсакратар Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў
15 красавіка 2024 года Папа Францішак прызначыў мансеньёра Філіпа Чампанэлі падсакратаром Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў. З 2012 па 2015 год святар быў сакратаром Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі.
Мансеньёр Чампанэлі нарадзіўся ў 1978 годзе ў Навары, на поўначы Італіі. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 2003 годзе. Абараніў дактарат па тэалогіі ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме. У 2009 годзе скончыў Папскую касцёльную акадэмію – навучальную ўстанову, у якой рыхтуюць будучых дыпламатаў Святога Пасаду.
З 2009 па 2011 год быў сакратаром Апостальскай нунцыятуры ў Грузіі, Арменіі і Азербайджане, а на працягу наступных трох гадоў – у Беларусі. Апостальскім нунцыем у гэтых краінах у той час быў кардынал Клаўдыё Гуджэроці, цяперашні прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў.
Пасля завяршэння служэння ў Мінску, у 2015 годзе мансеньёр Чампанэлі быў прызначаны супрацоўнікам Секцыі па агульных справах Дзяржаўнага сакратарату.
Аляксандр Панчанка - Vatican News
|