Езус не тлумачыў пакуты, а схіляўся над пакутуючымі, прагнуў не толькі аздараўлення цела, але і сэрца чалавека, - нагадаў Папа 11 красавіка 2024 года падчас аўдыенцыі для членаў Папскай біблійнай камісіі.
Пантыфік адзначыў актуальнасць тэмы асамблеі гэтай ватыканскай структуры: Хвароба і пакуты ў Бібліі, падкрэсліваючы, што яна тычыцца кожнага чалавека, бо цярпенні, абмежаванні і канчатковасць жыцця ўпісаны ў “параненую чалавечую прыроду”.
Францішак прызнаўся, што гэта тэма блізкая яму асабіста. Ён заўважыў, што барацьба з пакутамі і хваробамі павінна весціся годным чалавека чынам, без хавання і табу. Святы Айцец выказаў пажаданне, каб людзі перажывалі хваробы і пакуты ў адносінах, не замыкаліся ў сябе, а іх зразумелы пратэст не прыводзіў да ізаляцыі, пакінутасці і роспачы.
Папа спаслаўся на сведчанні шматлікіх мужчын і жанчын, якія паказваюць, што пакуты і хваробы ў святле веры могуць стаць важнымі фактарамі “шляху сталення”, дапамагаючы “адрозніваць важнае ад таго, што такім не з’яўляецца”. “Але ў першую чаргу прыклад Езуса ўказвае шлях”, - сказаў Пантыфік, нагадваючы, што адносінам Хрыста да хворых і пакутуючых была ўласціва спагада: Езус не заставаўся раўнадушным да цярпенняў людзей, спачуваў ім, выслухоўваў іх просьбы і праяўляў літасць. Спагада Езуса праяўлялася ў блізкасці і прывяла Яго да атаясамлівання сябе з хворымі.
“Усё гэта паказвае важны аспект: Езус не тлумачыў пакуты, а схіляўся над пакутуючымі. Ён не набліжаўся да болю з агульнымі бадбадзёрваннямі ці бясплоднымі суцяшэннямі, але прымаў яго драму, дазваляў яму дакрануцца да сябе. Святое Пісанне выразнае ў гэтым сэнсе: яно не пакідае нам даведніка добрых слоў ці рэцэптаў пачуццяў, але паказвае нам абліччы, сустрэчы і канкрэтныя гісторыі”, - сказаў Папа. На яго думку, Біблія вучыць не тлумачыць пакуты і хваробы рэлігійнымі тэорыямі і не звязваць іх з боскім пакараннем, але браць на сябе цярпенні людзей, па прыкладзе Езуса Хрыста.
“Такім чынам, тыя, хто засвойвае Святое Пісанне ачышчае рэлігійнае ўяўленне ад памылковых падыходаў, вучачыся ісці па шляху, указанаму Езусам: дакранацца да чалавечых пакут уласнай рукой, з пакорай, лагоднасцю, каб несці, у імя ўцелаўлёнага Бога, блізкасць збаўчай і канкрэтнай падтрымкі”, - сказаў Францішак.
Святы Айцец адзначыў, што стылю Езуса перад абліччам цярпенняў людзей таксама была ўласціва інклюзіўнасць: Ён хацеў, каб усе былі прыняты ў доме Нябеснага Айца, а таксама прагнуў цэласнага збаўлення чалавека, якое павінна было ўключаць аздараўленне не толькі цела, але і сэрца. Францішак пажадаў, каб Касцёл наследаваў гэты прыклад Хрыста, ішоў сярод людзей, адкрываючы шляхі дыялогу і надзеі.
“Божае слова – моцнае супрацьяддзе ад усякай закрытасці, абстракцыі і ідэалагізацыі веры: прачытанае ў тым Духу, у якім было напісана, яно ўмацоўваецца любоў да Бога і чалавека, абуджае міласэрнасць і распальвае апостальскі запал. Таму Касцёлу неабходна пастаянна піць з крыніц Божага слова”, - падкрэсліў Пантыфік.
Аляксандр Панчанка – Vatican News