Пошук

Каляндар

 

У Варшаве адышоў да Госпада літоўскі езуіт Казімерас Жыліс, які дапамагаў беларускім грэка-католікам  


 

 У Варшаве адышоў да Госпада літоўскі езуіт Казімерас Жыліс, які дапамагаў беларускім грэка-католікамЗ Варшавы прыйшла вестка, што 15 лютага 2021 г., ва ўзросьце 75 гадоў,  там памёр доўгі час адзіны ў Беларусі езуіт айцец Казімер Жыліс.

 

 У смутныя савецкія часы, калі Грэка-Каталіцкая Царква ў СССР была пад забаронай, (а духавенства і вернікі пад жосткім перасьледам), ён не баяўся таемна прымаць і даваць служыць у касьцёле ў Індуры сьв. Літургію падпольным грэка-каталіцкім сьвятарам-базыльянам з Украіны. 

Таксама і пазьней ён спрыяў беларускім грэка-католікам. 

Адважна і разважна дапамагаў грэка-каталіцкаму сьвятару а. Віктару Данілаву,  які з 1976 году патаемна служыў  у Горадні. Падтрымліваў у служэньні а. Яна Матусевіча ў Барунах.

 

А з падпольным грэка-каталіцкім біскупам Паўлом Васылыкам — адной са знакавых постацяў нязломнай Грэка-Каталіцкай Царквы — спачылага а. Казімера Жыліса зьвязвала моцнае сяброўства яшчэ з часоў працы ва Ўкраіне ў Віньніцы.

+++

Казімер Жыліс нарадзіўся 4 сакавіка 1945 году ў вёсцы Лігінішкіс Уцянскага павету Літвы. Скончыў Каўнаскую духоўную семінарыю, прасьвітарскія сьвячаньні атрымаў 17 красавіка 1973 году. На пачатку 1980-ых гадоў быў сябрам «Камітэту абароны правоў вернікаў».

 

У 1983—2001 гадах быў пробашчам рыма-каталіцкай парафіі Найсьвяцейшай Тройцы ў Індуры (дэканат Горадня-Захад) і служыў у гарадзенскім катэдральным касьцёле сьв. Францішка Ксаверыя. 

З 2001 году служыў у Горадні як капелан у Гарадзенскай турме № 1. Да гэтага служэньня ён, дарэчы, далучыў параха гарадзенскай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай а. Андрэя Крата. 

У Беларусі айцец Казімер Жыліс апекаваўся таксама літоўскай супольнасьцю вернікаў. Быў дырэктарам відэастудыі Гарадзенскай дыяцэзіі, а таксама займаўся душпастырствам цьвярозасьці.

Апошнія некалькі гадоў сьвятар-езуіт служыў у Варшаве, у сантуарыюме сьв. Андрэя Баболі.

 

Каталіцкая Царква ў Беларусі ўдзячная яму за аднаўленьне касьцёлаў, вельмі багаты кінаархіў адраджэньня каталіцкага жыцьця, за шматлікія пакліканьні, сярод якіх сёньняшні дапаможны біскуп і Генеральны вікарый Гарадзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

 

Дай яму, Божа, вечны супакой у Тваім нябесным Валадарстве

і учыні яму вечную памяць!

 

Паводле https://carkva-gazeta.by/


16.02.2021

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier