Пошук
Нядзельнае казаньне
пятніца
КРАСАВІКА |
Сьветлая пятніца |
Казаньні і гаміліі
Слова на пачатак Вялікага Посту
“Зазьзяла ласка Твая, Госпадзе, зазьзяла і прасьвятленьне душ нашых. Вось час падыходны, вось час пакаяньня. Дык адкладзем учынкі цемры і апранемся ў сьветлую вопратку” – (Песьня з першай вячэрні Вялікага Посту). 1.Пачынаецца Велікапосны шлях: у літургійных сьпевах Царква заклікае нас адкласьці ўчынкі цемры і апрануцца ў сьветлую вопратку. Гэта патрабуе ад нас ня толькі высілку нашай волі ў змаганьні з сваімі дрэннымі схільнасьцямі і грахамі, але і высілку нашага розуму, каб спасьцігнуць дзе ёсьць воля Божая для нас. Трэба нам асудзіць і адкінуць учынкі цемры, але трэба таксама разумна і мужна зьдзейсьняць учынкі сьвятла. І калі побач нас цемра вялікая – тым больш каштоўныя сьветлыя ўчынкі дабра, дапамогі, падтрымкі, чалавечай салідарнасьці…
У гэтых высілках зьвяртаемся да Сьвятога Пісьма: адкрываем каштоўнасьць і актуальнасьць Дзесяці Божых Прыказаньняў ды Евангельскіх “Блаславенстваў” (Мц 5:3-12) 2. У нашай візантыйскай літургічнай традыцыі час Вялікага посту - гэта і час малітвы за нашых памерлых продкаў, якія былі носьбітамі і сьведкамі жывой веры, вернасьці Хрысту і еднасьці Царквы.
І калі адзначаем 425 год Берасьцейскай царкоўнай Уніі, асаблівым чынам - падчас малітваў за памёрлых у суботы Вялікага посту- узгадайма ўсіх тых, што верна служылі Хрысту ў Зьяднанай Царкве і тых, што пацарпелі перасьлед пасьля зруйнаваньня ворагам унійных царкоўных стрыктураў у выніку полацкага лжэ-сабора 1839 г. і тых, што пасьля першай сусветнай вайны гераічна аднаўлялі душпастырскае служэньне нашай Царквы.
Такая малітва няхай дапаможа нам увайсьці ў глыбіню праўды пра “Сулучнасьць сьвятых”, якой ёсьць Паўсюдная Хрыстовая Царква ў яе вымярэньні як гістарычным, так і геаграфічным. Тады зможам лепш зразумець каштоўнасьць нашай духовай спадчыны, якую подзьвігам нашага хрысьціянскага жыцьця маем працягваць сёньня ў нашай Бацькаўшчыне – у нястомнай малітве за наш народ і за захаваньне ды пашыреньне ў ім хрысьціянскіх каштоўнасьцяў. Аўтар - + Архімандрыт СЯРГЕЙ (Гаек) |
13.02.2021
|