Пошук

Каляндар

 

Казаньні і гаміліі Вялікая трагедыя, вялікая надзея  


Мц. 22,1-14


Дарагія браты і сёстры!


Вельмі часта ў чалавечай гісторыі вялікая міласэрнасьць і доўгацярплівасьць Бога цесна перапляталася з вялікай жорсткасьцю і няўдзячнасьцю людзей.

Так, сёньняшні ўрывак з Евангельля распавядае нам аб адной трагедыі; трагедыі няўдзячнасьці, аддзяленьня і здрады Ізраіля – народу Божага, народу выбранага. Сёньняшнюю прыповесьць-прароцтва старажытныя экзэгеты ставяць у бліжэйшую сувязь з прыповесьцю пра злых вінаградараў, якую мы чыталі ў папярэднюю нядзелю. Папярэдняя прыповесьць адносілася да падзеяў, якія скончыліся сьмерцю сына гаспадара – сьмерцю Адзінароднага Сына Божага. Сёньняшняе прароцтва адносіцца ўжо да падзеяў пасля Ўваскрасення Хрыстовага.

Нягледзячы на здраду народу Ізраільскага, які выдаў на сьмерць Ісуса Хрыста, Бог “праяўляе вялікую міласэрнасьць і настойліва запрашае іх да Сябе нават пасля ўкрыжаваньня; у той час як патрэбна было б пакараць іх як наймацней” (сьв. Ян Залатавусны). Але нягледзячы на гэта, пакліканыя праяўляюць вялікую няўдзячнасьць і нават жорсткасьць. “Яны, ня даўшы ўвагі, пайшлі, хто на поле сваё, а хто да гандлю свайго. Астатнія ж, схапіўшы рабоў ягоных, зьняважылі і забілі іх” (Мц 6,7). Запрошаныя аказаліся нявартымі і нават сталіся ворагамі цару. І вось цар пасылае слугаў сваіх на ростані, каб прывесьці ўсіх, каго толькі сустрэнуць. Слугі тыя, “выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго толькі знайшлі, і благіх, і добрых; і напоўнілася вясельле бяседнікамі” (Мц 6, 10). Дзіўна, але ўсе, і бедныя і багатыя, і добрыя, і нават благія, грэшныя і пахатлівыя людзі былі ўдастоеныя царскага запрашэньня і знаходзіліся пры дварцы ўладара ў вясельных строях.

Дарагія браты і сёстры! Усе мы, незалежна ад нашага ўзросту, нацыянальнасьці, сацыяльнага ці маральнага статусу, ёсьць запрошаныя на вясельле нябеснае, да Божага Валадарства. Усе мы ёсьць пакліканыя да Бога. І гэта ня дзіўна, бо Евангельская навіна, якая прымаецца чалавекам, хутка перамяняе яго і робіць дастойным Божага Валадарства. Ад грэшніка патрабуецца толькі жаданьне. Жаданьне прыйсьці і перапрануцца ў чыстыя царскія вопраткі, якія без сумніву будуць выдадзеныя кожнаму ў Палацы Ўладара. Ад цябе патрабуецца толькі жаданьне прыйсьці да Яго. Прыйсьці да Хрыста, які цябе любіць і чакае.

Жаданьне… няўжо гэта так шмат для цябе?!!

Аўтар - а. Аляксандр Шыбека

15.08.2008

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier