Пошук

Каляндар

 
серада
ЖНІЎНЯ
Сёньняшняе чытаньне:

Прынеслі славянам дар Евангелля на роднай мове  


Прынеслі славянам дар Евангелля на роднай мове

Пра славянскіх апосталаў і настаўнікаў святых Кірыла і Мятода і пра энцыкліку Яна Паўла ІІ  “Slavorum Apostoli” расказвае а. Яўген Усошын.


1.Энцыкліку “Slavorum Apostoli”  святы айцец Ян Павел ІІ выдаў у сёмы год свайго пантыфікату - 2 чэрвеня 1985 года.

Гэта энцыкліка прысвечана апосталам славянаў Кірылу і Мятоду – двум братам, якіх нават залічваюць часам да славянаў, настолькі яны звязаныя са славянскімі народамі, але якія на самрэч былі грэкамі. І гэта вельмі важна для дальнейшага нашага разгляду гэтай энцыклікі. 

Гэта энцыкліка вельмі добра паказвае царкоўнае вымярэнне святасці. Святасці тых людзей, якія ўплываюць на ўсю гісторыю чалавецтва, а ў дадзеным выпадку на гісторыю Еўропы. Гэтыя браты шмат зрабілі для станаўлення, евангелізацыі еўрапейскай культуры. Таму Ян Павел ІІ і звярнуў на іх увагу.

Святыя, як вядома, гэта не толькі нашыя заступнікі, апекуны з неба. Святыя – гэта не толькі людзі, да якіх мы звяртаемся ў нашых малітвах, а яны пасярэднічаюць нам у нашых штодзённых турботах і клопатах. Святыя - гэта таксама тыя людзі, якія даюць нам прыклад сваім жыццём.  

Варта, каб вы не толькі разважалі над тагачаснымі лёсамі Царквы ў Еўропе, над мінуўшчынай, але ўзялі прыклад для нашага штодзённага жыцця.


2. Браты-апосталы нарадзіліся ў Канстанцінопалі. Аднаго з іх звалі Міхал - той, які пазней стане Мятодам (Мефодзіем)ю Другога звалі Канстанцін, Кірыл - гэта пазнейшае яго манаскае імя. Яны былі вельмі адукаванымі людзьмі: працавалі ў дзяржаўнай адміністрацыі імператара, выконвалі  асаблівыя палітычныя заданні. Напрыклад, былі пасланы імператарам да сарацынаў-арабаў, якія ў той час мелі вайскова-палітычныя зносіны з Візантыяй. З часам браты вырашыі прысвяціць сябе царкоўнай дзейнасці, дзейнасці на патрэбу Хрыстовай Царквы.  Спачатку Міхал, будучы біскуп Мятод, а пазней і Кірыл.

Што паўплывала на іх, ніхто не скажа, бо гэта заўсёды таямніца паміж чалавекам і Богам. Яны здзейснілі некалькі місійных падарожжаў, у тым ліку да готаў на цяперашні Крымскі паўвостраў, дзе пад час свайго падарожжа па старажытным Херсанесе знайшлі мошчы святога Клімента, папы рымскага. Рабілі яны  і іншыя выправы, звязаныя з царкоўна-палітычнымі справамі, бо даўнейшая палітыка была часта  цесна звязана з царкоўнымі дзеяннямі. І ў рэшце рэшт перад імі паўстала  справа ўсяго іхняга жыцця – місія да славянаў (ад 863 г.). 


3. Як раз  у той час прыйшло пасольства ад князя Расціслава – мараўскага князя (цяпер цяжка акрэсліць усіх супольных спадчыннікаў гэтага княства : чэхі, славакі і палякі, але не толькі). Князь Расціслаў папрасіў канстанцінопальскага патрыярха прыслаць у сваю сталіцу Велеград кагосці, каб славяне таксама атрымалі святло Евангелля. Выбар выпаў на святых братоў. Тых, хто паводле культурнага свайго ўзроўню, паводле сваіх якасцяў мог бы выканаць гэтую місію, якая была надзвычайна цяжкай, ставіла вялікія выклікі перад чалавекам, які б за яе ўзяўся. 

Славяне не былі ў той час уключаны ў культурную еўрапейскую парадыгму. Яны толькі ўваходзілі, сутыкаліся з культурай Еўропы, якая тады ўжо існавала і жыла, асвечаная хрысціянскім святлом. Кірыл і Мятод сталі перад выклікам прышчапіць на гэтую глебу хрысціянства разам з часткай той культуры, якая ўжо мелася ў хрысціянскіх народаў Еўропы ў той час. Гэтая місія была вельмі цяжкой, але яна ім удалася.


Калі коратка прабегчыся па іх біяграфіі, то можна зафіксаваць асноўныя яе этапы.

Будучы пасланымі ад імператра і ад канстанцінопальскага патрыярха, яны працавалі на той тэрыторыі, якая не належыла яшчэ нікому. Пэўныя біскупы з Заходняй Германіі лічылі яе сваёй місійнай тэрыторыяй. Князь Расціслаў паклікаў візантыйскіх прадстаўнікоў, каб яны заняліся евангелізацыяй гэтай тэрыторыі. І браты, асабліва святы Мятод, не маглі не сутыкнуцца з канфліктнай сітуацыяй.

Для вырашэння гэтай канфліктнай сітуацыі яны звярталіся да папы рымскага, некалькіх нават папаў рымскіх. У той час Царква яшчэ не была падзеленай, была адзінай. 

Фактычна місія Кірыла і Мятода была супольным дзеяннем двух хрысціянскіх лёгкіх Еўропы – усходняга і заходняга. Яны самі былі прадстаўнікамі усходняй культуры. Але без блаславення,  без місіі, якую даверыў ім папа рымскі (у той час гэта быў папа Мікалай, потым Адрыян), яны не маглі пачаць і вырашыць сваю місію – навяртання славянаў.


4. Атрымаўшы блаславенне папы рымскага, святы Мятод быў высвячаны і прызначаны архібіскупам Паноніі – вобласці,  якая ў той час абдымала славянскія асяродкі, якія знаходзіліся побач з Мараўскім княствам і ў самім гэтым княстве. Ён атрымаў тытул біскупа старажытнага горада Сірміум, які цяпер называецца Срэмска-Мітравіца. Гэты старажытны горад знаходзіўся на  паўночнай тэрыторыі сучаснай Сербіі. Стаўшы біскупам, ён атрымаў дадтковы мандат на распаўсюд хрысціянства на тых землях. 

Архібіскуп Мятод рабіў гэта як усходні хрысціянін разам, у паразуменні і блаславенні, з Папам у Рыме, айцом заходняй часткі Царквы.

Місія Мятода не была лёгкай, у яго былі канфлікты з біскупамі з Германіі, якія лічылі, што гэта іх тэрыторыя. Яны спрабавалі паўплываць на наступніка Расціслава князя Святаполка, каб яго місія скончылася. Немецкія біскупы лічылі, што гэта іх кананічная тэрыторыя, на каторай яны павінны праводзіць місійную працу.  Гэты канфлікт быў вырашаны. Праўда, не без шкодаў для святога Мятода. Два гады ён вымушаны быў правесці ў турме. Ужо папа рымскі Ян VIII паўплываў на тое, каб Мятода вызвалілі, разабраўшыся з ягонай сітуацыяй і  цалкам ачысціўшы яго ад закідаў нямецкіх біскупаў, што ён з’яўляецца ератыком. 

А чаму яго лічылі ератыком? Таму што ён зрабіў нечуваную рэч. Нечуваную для заходняй часткі Еўропы. Ён увёў новы царкоўны абрад, які быў на славянскай мове. Гэта была не грэцкая мова, не лаціна, якая тады аб’ядноўвала ўсю разрозненную Заходнюю Еўропу.


5. Вынікам дзейнасці братоў – славянскіх апосталаў быў пераклад Святога Пісання на славянскую мову, стварэнне новага алфавіту, які называўся глаголіца. (Хаця звычвйна кажуць, што Кірыл стварыў кірыліцу, гэта не зусім дакладна). Браты стварылі азбуку, якая называлася глаголіцай. Яна дагэтуль выкарыстоўваецца ў лацінскім абрадзе ў Харватыі ў некаторых месцах на Маравіі. Яны запісалі гэтай новай азбукай царкоўныя кнігі, стварылі літургічныя кнігі для славянаў, якія трохі адрозніваліся і ад абраду візантыйскага, і ад лацінскага. Спрабавалі стварыць штосьці больш прыдатнае і адпавядаючае славянскай культуры, з якой яны сутыкнуліся ў свой час. 

Дзейнасць іх была не толькі ў тым, што яны прынеслі славянам пісьменнасць. У нейкім сэнсе пісьменнасць у славянаў магла быць і да гэтага. А ў тым, што яны гэтую пісьменнасць зрабілі фактарам хрысціянскай культуры Еўропы. Прышчапілі, увялі, прынялі славянаў да еўрапейскай сям’і. Славянская мова сталася адной з літургічных моў, адной з моваў, на якую было перакладзена Святое Пісанне.


Нагадаем, што адным з закідаў праціўнікаў святога Мятода было тое, што славянская мова нейкая выдуманая, сканструаваная для славянаў, якая сталася літургічнай мовай, хаця не мела на гэта права, бо літургічнай мовай магла быць толькі грэцкая ці лаціна. 

Гэта не так. Славянская мова адразу ўзнялася на высокі  ўзровень еўрапейскай культуры. Гэта быў культурны выбух у добрым сэнсе гэтага слова, культурная падзея. І св. Ян Павел ІІ у сваёй энцыкліцы гаворыць пра гэты культурны ўплыў, які зрабіла дзейнасць святых  Кірыла і Мятода на славянскую культуру. Хрысціянства, якое ўвайшло да славянаў, зрабіла магчымым іх культурны ўздым. Але гэта не была культурная акупацыя.  Гэта было супрацоўніцтва культуры славянаў і хрысціянства. Гэтая была інкультурацыя, як яе называе св. Ян Павел ІІ,  уваходжанне ў хрысціянскую культуру новага народа.


6. Чым гэта важна для нас, хто ўжо і не памятае славянскай мовы, хто не разумее той мовы, на якой пісалі свае тэксты Кірыл і Мятод? Тое, што нашае хрысціянства не мусіць знаходзіцца ў адарванні ад нашага жыцця. 

Калі святы Мятод стаў біскупам у Велеградзе, ён прыйшоў да канкрэтнага народу. Мы таксама ў сваім жыцці знаходзімся ў канкрэтнай гістарычных абставінах. Для нас хрысціянства не ёсць чымсці адарваным ад жыцця. Вельмі часта ёсць такая спакуса - успрымаць нашае хрысціянства як адарванае ад жыцця. Вось тут мы молімся, ходзім у храм, святкуем нядзелю, святы, пасвячаем.  І яно зусім не звязана з нашым жыццём, у якім мы ходзім на працу, выхоўваем дзяцей, вучымся, камунікуем адзін з адным, суседзямі, знаёмымі, бацькамі, сваякамі.  

На самай справе інкультурацыя ёсць і ў нашым жыцці! Бо Хрыстос, калі прыходзіць, прыходзіць не побач нас, але ў нашае жыццё. І нашае  сведчанне,  чытанне Святога Пісання, малітвы ў нашай сям’і, сведчанне блізкім нашым, калі мы ходзім у нядзелю ў храм - гэта таксама з’яўляецца інкультурацыяй, прыўзносам хрысціянства ў нашае жыццё. Праз тое, што молімся, чытаем Слова Божае, жывем гэтым чытаннем і маленнем у канкрэтным жыцці, праз тое, што прабачаем бліжняму, любім адно аднаго, дапамагаем таму, каму трэба дапамагчы – гэта таксама інкультурацыя.

І інкультурацыя нашай мовы таксама вельмі важная для нас. 

Энцыкліку Slavorum Apostoli можна разглядаць як гімн славянскай культуры, гімн хрысціянству, якое ўвайшло ў славянскую культуру. У культуру, родную славянам, у мову, якую яны разумелі. Мы таксама маем сваю мову, і важна, каб мы яе цанілі і  ўспрымалі не як тэхнічны сродак, але як багацце нашага жыцця, якое дапамагае нам быць тымі, кім мы ёсць. А паводле Ісуса Хрыста мы не павінны адрачыся ад таго, кім мы ёсць. Наадварот!  Напоўніць нашую ўнутранасць, каб узмацніць нашую тоеснасць.

Дзеля таго, каб евангелізаваць, Кірыл і Мятод мусілі стаць  “славянамі  паводле сэрца”, як іх называюць старажытныя крыніцы. Успрыняць гэты заклік святога Паўла, які быў “элінам для элінаў і юдэям для юдэяў”. Будучы грэкамі паводле выхавання, культуры і светапогляду, стаць славянамі для гэтага народу.

 Часта ў нашым жыцці мы мусім гаварыць пра Хрыста той мовай, якую чалавек разумее. Гаварыць пра Хрыста не нашымі захапленнямі, не нашымі адчуваннямі, але захоўваючы сутнасць гэтых захапленняў, сутнасць праўды Хрыстовай, гаварыць той мовай, якую чалавек здатны зразумець, перакладаць нашае хрысціянскае сведчанне на тую мову, якую чалавек можа зразумець і прыняць у сваё жыццё.


7. Святыя Кірыл і Мятод таксама былі тымі, хто будаваў Царкву Божую. Тымі, хто перш за ўсё меў на ўвазе дабро Царквы, хто перш за ўсё меў на ўвазе евангелізацыю, прынясенне Слова Божага. Не палітычныя нейкія разрахункі; яны не імкнуліся зрабіць усіх грэкамі, навязаць усім сваю вышэйшую культуру, але імкнуліся збудаваць Царкву для тых людзей, якія там знаходзяцца, для людзей, якія там жылі, для славянаў. 


Св. Ян Павел ІІ вельмі добра адлюставаў гэта ў сваёй энцыкліцы. Браты Кірыл і Мятод з’яўляюцца ў нейкім сэнсе апекунамі сучаснага экуменічнага руху, які хоча разумець адзін аднаго. Тым больш што спадкаемцамі справы братоў-апосталаў з’яўляюцца ўсе славяне. Праўда, якую мы нясем,  павінна быць даступнай. Каб даць камусці  магчымасць прыслухацца да праўды пра Хрыста, трэба спачатку чалавека выслухаць, зразумець, кім ён ёсць, што яму патрэбна, у якой сітуацыі ён знаходзіцца, і толькі тады абвяшчаць яму праўду. І гэта добра разумелі “настаўнікі славянаў” святыя Кірыл і Мятод.

Пра вынікі гэтай місіі, якія зараз маем, вельмі добра расказвае св. Ян Павел ІІ у сваёй энцыкліцы. Па-зямному місія спазнала няўдачу. Пасля некаторы час пасля смерці святога Мятода ягоныя вучні былі выгнаныя з Маравіі. Маравія прыняла лацінскі абрад з лацінскай мовай служэння. (Хаця некаторы час некаторыя манастыры традыцці Кірыла і Мятода існавалі; нават у Польшчы ў Кракаве існаваў бенедктынскі манастыр славянскага абраду). Тым не менш уплыў на пачуццё славянаў місія захавала. 


8. Святыя Кірыла і Мятод вельмі шануюцца ва ўсіх славянскіх краінах, асабліва ў Балгарыі, Македоніі, Славакіі, Чэхіі, Харватыі - дзе да гэтага часу існуюць напісаныя глаголіцай кнігі, паводле якіх дагэтуль у лацінскім абрадзе на старажытнаславянскай мове служацца літургіі.

Вучні святога Кірыла і Мятода, якіх выгналі з Вялікай Мараўскай дзяржавы, знайшлі прытулак у Балгарыі. Галоўны вучань св. Мятода Горазд і яго таварышы менавіта ў Балгарыі зрабілі яшчэ адну азбуку, якая пазней атрымала назву кірыліца. 

Літургічныя тэксты і Евангеллі распаўсюдзіліся на ўсю Паўднёвую Славяншчыну, а таксама на Усходнюю. Нашыя усходнеславянскія землі, беларускія ў тым ліку, прынялі азбуку ад вучняў Кірыла і Мятода.

Вынік працы святых братоў Кірыла і Мятода важны для ўсіх славянаў і тады, і цяпер.

Важны як прыклад пакорнага, настойлівага, адважнага служэння Хрыстоваму Слову. Святы Мятод, які зазнаў пераслед, які не палічыў за абразу звярнуцца да Папы Рымскага за дапамогай, быў прыкладам шанавання таго, што яшчэ не магло з’яўляцца прадметам для шанавання для яго, грэка. Ён,  адзін са складальнікаў юрыдычнага зборніка,  хто меў зусім іншую адукацыю, ушаноўваў тую культуру, таго спосабу жыцця, той мовы, да якой прыйшоў.

Гэта вялікая пашана дала вялікі плён для ўсёй Еўропы.  Усе славянскія народы шануюць святых Кірылу і Мятода - братоў-апосталаў, якія прынеслі нам вялікі дар Евангелля, які дагэтуль свеціць усім нам. Таксама гэтае шанаванне іншасці пры паслядоўным захоўванні вернасці Праўдзе – добры прыклад для ўсіх нас, вучняў Хрыстовых. Пра гэта выдатна піша св. Ян Павел ІІ ў сваёй энцыкліцы. Пра прыклад для нас. Бо святыя - гэта тыя, хто дае нам прыклад хрысціянскага жыцця.


Аўтар - а. Яўген Усошын


11.07.2020

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier