Пошук

Каляндар

 

Беларуская царква трапіла ў лік найлепшых будынкаў Лёндану за 2016 год. Інтэрвію з архітэктарам  


Беларуская царква трапіла ў лік найлепшых будынкаў Лёндану за 2016 год. Інтэрвію з архітэктарамПраз паўгоду пасьля афіцыйнага адкрыцьця грэка-каталіцкая царква беларускай супольнасьці ў Лёндане працягвае атрымліваць узнагароды на брытанскіх і замежных конкурсах. 21 траўня яна трапіла ў лік 50 найлепшых будынкаў Лёндану за 2016 год — атрымала прэмію Каралеўскага інстытуту брытанскіх архітэктараў (RIBA London Award). Як маленькая царква на ўскрайку Лёндану прымусіла брытанцаў абмяркоўваць Беларусь, Свабодзе расказаў архітэктар царквы Со Цзыўай (Tszwai So).

«Самы прыгожы будынак, які ён бачыў у Лёндане за апошні год»

Летась Свабода ўжо пісала пра Со Цзыўая. Ён нарадзіўся ў Кітаі, вырас у Ганконгу, атрымаў адукацыю ў Брытаніі. У 2007 годзе ён даведаўся пра Беларускую каталіцкую місію ў Лёндане. Так захапіўся Беларусьсю, што перайшоў ва ўніяцтва. А потым айцец Сяргей Стасевіч прапанаваў архітэктару зрабіць праект капліцы для беларускай місіі. У 2016 годзе драўляную царкву, якая шмат у чым нагадвае традыцыйныя барочныя цэрквы Беларусі, пабудавалі.

 

 

 

Со Цзыўай на будоўлі беларускай царквы ў 2016 годзе. Photo by Sasha Belavokaya 

 

Яшчэ да таго, як будаўніцтва было скончана, беларуская царква трапіла ў топавыя брытанскія мэдыі. «Першы драўляны храм Лёндана з 1666 году», — пад такім загалоўкам выйшаў матэрыял пра беларускую царкву ў газэце The Times.

Царква была афіцыйна адкрытая напярэдадні сьвята Божага Нараджэньня ў сьнежні 2016 году. Яна стала знакавым будынкам ня толькі ў сваім раёне, але і ва ўсім Лёндане.

«Кожны раз, калі я прыходжу ў царкву, заўжды бачу цікаўных суседзяў каля яе, ці проста выпадковых людзей, якія ўглядаюцца ў яе, спрабуюць трапіць усярэдзіну», — сказаў Свабодзе праз тэлефон Со Цзыўай.

У канцы красавіка, адмыслова каб пабачыць царкву, да Беларускай каталіцкай місіі прыехаў Торкіл Крайтан (Torcuil Crichton) — вядомы ў Брытаніі журналіст, адзін з рэдактараў газэты The Daily Record. У сваім твітэры ён напісаў, што гэта самы прыгожы будынак, які ён бачыў у Лёндане за апошні год.

«Я магу быць перадузятым, але з дакладнасьцю скажу, што людзям увогуле вельмі падабаецца царква. І мы вельмі шчасьлівыя ад гэтага», — кажа Cо.

Вядома, што гэта ня руская праваслаўная царква!

Новая беларуская царква ўразіла ня толькі шараговых брытанцаў. Spheron Architects, архітэктурнае бюро, якім кіруе Со Цзыўай, атрымала ўжо некалькі ўзнагародаў на прафэсійных конкурсах. Со стаў пераможцам у конкурсе UK Young Architect Award, які арганізаваў Амэрыканскі інстытут архітэктараў. Сёлета беларускую царкву другі раз уключылі ў Лёнданскі фэстываль архітэктуры. А 21 траўня стала вядома пра перамогу на конкурсе Каралеўскага інстытуту брытанскіх архітэктараў (RIBA London Award). Царква трапіла ў лік 50 найлепшых будынкаў Лёндана за 2016 год.

 

 


Падчас атрыманьня ўзнагароды RIBA London Award. Фота Agnese Sanvito

 

«Гэта вельмі важнае прызнаньне, — кажа Со Цзыўай. — Трапіць у лік найлепшых з найлепшых будынкаў у сталіцы сусьветнай архітэктуры — вялікі гонар для беларускай царквы».

Каралеўскі інстытут брытанскіх архітэктараў быў заснаваны ў 1834 годзе. Гэта вельмі аўтарытэтная ў сьвеце арганізацыя. У Брытаніі яна ладзіць рэгіянальныя конкурсы. Самая вялікая канкурэнцыя — у Лёндане. Як пра гэта кажа дырэктар конкурсу Дыян Смол (Dian Small), Лёндан мае самую вялікую ў сьвеце канцэнтрацыю архітэктуры сусьветнай значнасьці.

Каралеўскі інстытут брытанскіх архітэктараў зацікавіўся беларускай царквой яшчэ напярэдадні конкурсу. Рэдактары часопіса, які выдае інстытут, замовілі Со артыкул пра беларускую драўляную архітэктуру.

«Будынак падштурхоўвае да таго, каб людзі пачыналі задаваць сабе пытаньні, — кажа Со. — Людзі пачынаюць задумвацца: „Дзіўна, гэты будынак не выглядае як рускія праваслаўныя цэрквы, якія я бачыў“. Вядома, не! Бо гэта ня руская праваслаўная царква. Гэта беларуская грэка-каталіцкая царква».

Гэта амбасадар беларускай культуры ў Лёндане

Пасьля зьяўленьня беларускай царквы ў Лёндане ў брытанскай прэсе стала больш нагодаў, каб абмеркаваць Беларусь, лічыць Со.

 

 


Архітэктурнае бюро Spheron Architects, якое ўзначальвае Со Цзыўай Photo by Sasha Belavokaya

 

«Гэта дапамагае крыху палепшыць імідж Беларусі, — кажа архітэктар. — Вядома, ня так моцна, як гэта ўдалося Naviband падчас Эўравізіі. Але вы зьдзівіцеся, як шмат брытанцы цяпер цікавяцца Беларусьсю».

Ён лічыць, што такая вялікая ўвага да невялікай драўлянай царквы ў адной з сусьветных сталіцаў робіць яе амбасадарам Беларусі.

«Гэта падобна да амбасадара беларускай культуры ў Лёндане. І, я думаю, гэта добры амбасадар. Хоць гэта і не чалавек, а будынак».

Со Цзыўай рады, што цяпер беларуская супольнасьць Лёндана атрымлівае тую ўвагу, якой раней ня мела.

«Беларусь — краіна, якая мае так шмат чаго прапанаваць. І гэта ня толькі палітыка. Краіна мае такую багатую гісторыю. Прыемна бачыць, што людзі нарэшце пачынаюць зьвяртаць увагу на гэтую прыгожую краіну».

Я ўсяго толькі хлопец, якому даверылі пабудаваць царкву

Беларуская капліца адпачатку не была камэрцыйным праектам для Spheron Architects. І хоць архітэктурнае бюро і раней было вядомае ў Лёндане, толькі дзякуючы беларускай царкве кампанія атрымала прызнаньне.

 

 


Інтэр'ер беларускай капліцы. Фота Ioana Marinescu

 

«Для нас гэта было вялікім зьдзіўленьнем, — кажа Со. — У журы былі вельмі прызнаныя прадстаўнікі ўсясьветнай архітэктуры. Як, напрыклад, рэдактар онлайн-часопіса Deezeen. Я вельмі рады гэтаму. І асабліва прыемна, што адзначылі праект, натхнёны спадчынай беларускіх драўляных цэркваў».

Пры гэтым Со ўвесь час падкрэсьлівае, што ўсе ўзнагароды атрымлівае ня ён і не ягоная кампанія, а беларуская супольнасьць Лёндану.

«Я ўсяго толькі хлопец, якому даверылі пабудаваць царкву, — кажа архітэктар. — Яна называецца Беларуская капліца-помнік. Не капліца імя Со Цзыўая. Яна названая ў гонар краіны. І належыць беларускай супольнасьці».

Пра беларускую царкву цяпер пішуць брытанскія і замежныя медыі. Яна трапіла ў агляд The Times, у самы папулярны ў сьвеце онлайн-часопіс пра архітэктуру Deezeen, да Цзыўая зьвярталіся расейскія і нямецкія журналісты. Але ў Беларусі, кажа архітэктар, ня так шмат мэдыяў, якія цікавяцца царквой.

 

 

 

Со Цзыўай. Photo by Sasha Belavokaya

 

«Я думаю, што брытанцы больш цікавяцца гэтым праектам, чым самыя ўплывовыя беларускія мэдыі, — кажа архітэктар. — Будынак цалкам зьвязаны зь Беларусьсю і знаходзіцца ў сусьветнай сталіцы. Дзіўна, што так мала інтарэсу да яго».

Ніколі ў жыцьці я ня бачыў нічога падобнага

Першы і пакуль апошні раз Со быў у Беларусі ў 2012 годзе. Ён правёў тут два тыдні, галоўным чынам сярод вясковых цэркваў. Тая вандроўка стала для архітэктара крыніцай вялікага натхненьня.

 

 


Эскіз, які зрабіў Со Цзыўай падчас вандроўкі ў Беларусь

 

«Я пабачыў цэрквы на ўласныя вочы. І вельмі ўражаны той аўтэнтыкай і вынаходлівасьцю беларускіх майстроў XVIII і XIX стагодзьдзяў. Ніколі ў жыцьці я ня бачыў нічога падобнага. Я не разумею, чаму драўляныя цэрквы ня ўнесеныя ў сьпіс сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО».

Ён кажа, што беларуская драўляная архітэктура вельмі вартая ўвагі. Найперш ёй павінны ганарыцца ў самой Беларусі. Бо гэтая архітэктура выразна вылучае культуру краіны на фоне іншых.

«Іншымі словамі, я хачу сказаць, што на Беларусь павінны паглядзець па-іншаму. Як на краіну з багатай культурнай спадчынай і вельмі важным унёскам у сусьветнае мастацтва і архітэктуру».

Ад часоў сваёй вандроўкі Со стаў адвакатам Беларусі ў Брытаніі. Яго хвалюе, што пра краіну мала пішуць. Таксама ён рэагуе на крытычныя публікацыі пра Беларусь. Ён згадвае нядаўні артыкул пра архітэктуру Менску, які напісаў Оўэн Хэзэрлі (Owen Hatherley)у часопісе Deezeen. Цяпер ён хоча напісаць артыкул у адказ. Спачатку — пра менскую архітэктуру.

А яшчэ мае задуму напісаць кнігу пра Беларусь.

«Мая мара — мець кнігу пра архітэктуру Беларусі, напісаную па-ангельску. Але яе павінны вельмі строга адрэдагаваць беларускія навукоўцы. Я дагэтуль шукаю суаўтараў зь Беларусі».

 

Паводле Радыё Свабода


28.05.2017

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier