Пошук

Каляндар

 
нядзеля
ЧЭРВЕНЯ
Нядзеля 3-я

Дыск "Спевы Боскай Літургіі святога Яна Залатавуснага" - даступны онлайн  


Дыск "Спевы Боскай Літургіі святога Яна Залатавуснага" - даступны онлайнСвет пабачыў запіс беларускамоўнай літургіі: беларускія грэка-каталікі выдалі дыск "Спевы Боскай Літургіі святога Яна Залатавуснага".

Таксама запіс ужо даступны для праслухоўвання онлайн.

 

Паводле словаў беларускага грэка-каталіцкага святара з Лондану а. Сяргея Стасевіча, які таксама спрычыніўся да рэалізацыі гэтага музычнага праекту, кампакт-дыск, на якім запісана ўся спяваная Боская Літургія святога Яна Залатавуснага па-беларуску, выходзіць у Беларусі ўпершыню. Дыск быў зроблены на студыі Kava Records.

"Гэты запіс Боскай Літургіі са спевамі на беларускай мове мае найперш адукацыйныя мэты, - адзначае святар. - Ён павінен дапамагчы вернікам Беларускай Царквы навучыцца спяваць на нядзельнай багаслужбе". 

 

Літургічныя спевы, запісаныя на дыску, выканалі Наста Казаровец (альт), Андрэй Гайдукевіч і Сяргей Раюнец (тэнары) ды Арцём Сітнікаў (бас, чытальнік), а святарскія часткі — айцец Яўген Усошын.

На працягу трох гадоў над гэтым зборнікам царкоўных спеваў працаваў Сяргей Раюнец, які кампанаваў яго, запісваў ноты і гарманізаваў асобныя музычныя творы, шукаючы і звяраючы іх з арыгіналамі.

Традыцыйныя напевы і творы вядомага беларускага кампазітара Міколы Равенскага былі запісаныя паводле музычных выданняў «Царкоўны спеўнік» і «Спевы Боскай Літургіі», якія былі выдадзеныя ў Лондане пад рэдакцыяй Гая дэ Пікарда — музыказнаўцы з Вялікабрытаніі з французскімі каранямі, даследчыка беларускай культуры. Абыходны напеў — паводле «Палескага зборніка» (1929).

 

Дыск "Спевы Боскай Літургіі святога Яна Залатавуснага" быў падораны Папу Рымскаму Францішку. "Гэта дар вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, асабліва моладзі, якія на роднай мове моляцца за Папу, за Каталіцкую Царкву ды за сваю Бацькаўшчыну Беларусь, асабліва ў гэтыя дні", — сказаў Архімандрыт Сяргей (Гаек) Святому Айцу. 

Папа Францішак перадаў сваё блаславенне беларускім грэка-каталікам.

 

Набыць дыск можна ў парафіі Праведнага Язэпа ў Мінску (вул. Арджанікідзе, 6).

Запіс таксама даступны да праслухоўвання ў інтэрнэце:

 

https://soundcloud.com/bhkc/sets/liturhija

 

 


7.06.2016

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier