Малітва за Беларусь ў Рыме і Блаславенне Папы Францішка
 У сераду 29 траўня 2013 г. Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек наведаў Рым, дзе ў базыліцы св. Пятра ў Ватыкане маліўся за Беларускую Грэка-Каталіцкую Царкву ля мошчаў святога Вярхоўнага Апостала Пятра, святога Язафата, Архібіскупа Полацкага і блаславёнага Папы Яна Паўла ІІ. Пасля малітвы ў базыліцы, Апостальскі Візітатар удзельнічаў ў агульнай аўдыенцыі Папы на Плошчы св. Пятра. Напрыканцы аўдыенцыі, разам з іншымі ерархамі ён меў магчымасць асабіста прывітаць Папу Францішка. На словы прывітання “Слава Ісусу Хрысту” – Папа Францішак адказаў “слава на векі!” У Святога Айца архімандрыт Сяргей прасіў асаблівага блаславення для святароў і вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, асабліва з нагоды 390-годдзя мучаніцкай сьмерці святамучаніка Язафата Полацкага. Папа Францішак адказаў “з сэрца бласлаўляю вашую Царкву і вашую Бацькаўшчыну”. Малітву за БГКЦ і за Беларусь Апостальскі Візітатар працягваў і ў наступны дзень перад Жыровіцкай Іконай Багародзіцы ў Рыме.
|