Пошук

Каляндар

 

Экуменічны ўспамін святых Кірылы і Мятода ў г. Бары ў Італіі  


Экуменічны ўспамін святых Кірылы і Мятода ў г. Бары ў ІталііУ рамках Міжнароднай духоўнай канферэнцыі, прысвечанай прымірэнню ды міру між хрысціянамі і народамі – KAIROS 2013, якую арганізавала міжнародная асацыяцыя “Супольнасць Ісуса” (Comunita’ di Gesu’), удзельнікі ўзгадалі Славянскую місію святых Кірылы і Мятода, 1150-я ўгодкі якой адзначаюцца ў гэтым годзе.

Канферэнцыя KAIROS 2013 сабрала прадстаўнікоў (духоўных асобаў і свецкіх вернікаў) рыма-каталіцкай Царквы, грэка-каталіцкіх (італа-албанскай, беларускай, румынскай, украінскай), праваслаўных (албанскай, румынскай, амерыканскай) і англіканскіх Цэркваў (розных юрысдыкцыяў), пратэстанцкіх царкоўных Супольнасцяў са шматлікіх краінаў свету – Еўропы, Амерыкі (Аргентыны, Бразіліі, ЗША), Афрыкі (Анголы, Рэспублікі Паўднёвай Афрыкі, Камеруна, Кот д’Івуар).

Пра актуальнасць місіі Апосталаў Славянаў гаварыў на канферэнцыі архімандрыт Сяргей (Гаек).
“1150 гадоў таму Салунскія Браты Кірыла і Мятод, з Візантыі, праз Балканы, дайшлі да славянаў цэнтральнай Еўропы, якім прынеслі Евангелле на роднай мове. Далей праз Венецыю яны дайшлі да Рыму, дзе атрымалі блаславенне Папы на сваю дзейнасць. Гэта было ў час, калі Цэрквы Усходу і Захаду яшчэ жылі ў еднасці ды сулучнасці. Місійны подзвіг Апосталаў Славянаў і сёння з’яўляецца заклікам, каб хрысціяне розных канфесіяў, у духу прымірэння, хацелі сулучна вяшчаць Евангелле сённяшняму свету, словамі ды ўчынкамі любові.
Мы ў Беларусі глядзім з вялікай увагай на постаці святых Кірылы і Мятода ды іхнім малітвам давяраем высілкі дзеля развіцця міжканфесійнага дыялога любові і супрацоўніцтва,” – сказаў між іншым архімандрыт Сяргей.

***
Удзельнікі канферэнцыі KAIROS 2013 з Аргентыны, былыя супрацоўнікі і сябры кардынала Хорхэ Бэргольё, узгадалі візіт дэлегацыі “Супольнасці Ісуса”, якую сённяшні Папа Францішак прыняў у Буэнас-Айрэсе 27-га ды 28-га кастрычніка 2006 г. У тых сустрэчах дэлегацыі, якую ўзначалілі біскуп Альтамура-Гравіна Уладыка Марыё Пачэля ды праф. Матэа Калізі, удзельнічаў таксама архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі.
***
Канферэнцыя KAIROS 2013 завяршылася ў нядзелю ўвечары 26 траўня 2013 г. экуменічнай малітваў ў базыліцы святога Мікалая, ля ягоных мошчаў, і духоўным малітоўным маршам удзельнікаў (амаль 500 асобаў) па вуліцах гораду Бары ды святой Імшой, якую ў рыма-каталіцкай катэдры ўзначаліў ватыканскі кардынал Станіслаў Рылка, старшыня Папскай Рады па справах свецкіх вернікаў.

Антоніё Калізі, Synergeia pro Oriente Christiano, г. Бары

26.05.2013

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier